Фота: REUTERS

Беларуская федэрацыя акадэмічнага веславання па аб’яве шукае чалавека на пасаду галоўнага трэнера нацыянальнай каманды.

На афіцыйным сайце федэрацыі паведамляецца, што для ўдзелу ў конкурсе «запрашаюцца трэнеры, якія маюць дасягненні ў падрыхтоўцы пераможцаў і прызёраў (фіналістаў) Алімпійскіх гульняў, чэмпіянатаў свету і Еўропы»…

Канкурсанты павінны накіраваць рэзюмэ паводле пэўнай формы і мець не менш за два рэкамендацыйныя лісты, падпісаныя Міжнароднай федэрацыяй веславання, нацыянальнай федэрацыяй акадэмічнага веславання, спартыўнымі клубамі, трэнерамі, якія падрыхтавалі пераможцаў або прызёраў Алімпіяд і чэмпіянатаў свету.

Заяўкі будуць прымаць да 3 лістапада, а новую пасаду можна заняць з 1 студзеня наступнага года.

Прадстаўнікі Беларускай федэрацыі веславання заяўляюць, што нічога незвычайнага ў пошуку галоўнага трэнера зборнай па аб’яве няма. Маўляў, пасля завяршэння алімпійскага цыкла гэта такі своеасаблівы «пошук і эвалюцыя на дасягненне большага выніку ў акадэмічным веславанні».

У федэрацыі запэўнілі, што аб’яўленне конкурсу зусім не азначае, што цяперашні галоўны трэнер зборнай Беларусі па акадэмічным веславанні Юрый Радзівонаў абавязкова пакіне гэтую пасаду. Ёсць верагоднасць, што ён працягне працу, хаця ў яго заканчваецца кантракт.

«Мы не адмаўляемся ад існуючай мадэлі, але разглядаем і іншыя варыянты», – кажуць у федэрацыі.

Украінскі спецыяліст Юрый Радзівонаў працуе з беларускай камандай ужо больш за дзесяць гадоў.

«Мне здаецца, чалавек шчаслівы тады, калі з задавальненнем ідзе на працу і потым з такім самым настроем вяртаецца дадому, – распавядаў Юрый Радзівонаў некалькі гадоў таму. – У рабоце галоўнае – увесь час ісці наперад і чагосьці дасягаць. Асабліва калі для гэтага прыйшлося пераадолець мноства ўсякіх бар’ераў і выпрабаванняў.

Я яшчэ ў маладосці вырашыў, што ўсё трэба рабіць па сумленні. Калі ты стаў трэнерам, то павінен быць у першую чаргу прафесіяналам, а не тонкім палітыкам, як гэта, на жаль, часам бывае».

– Калі абяруць новага галоўнага трэнера, то Радзівонаў можа застацца працаваць у складзе трэнерскага штаба, – распавёў «Народнай Волі» вядомы беларускі трэнер Анатоль КВЯТКОЎСКІ, пад чыім кіраўніцтвам славутая вяслярка Кацярына Карстэн (Хадатовіч) заваявала на Гульнях-1996 у Атланце свой першы залаты медаль. – Хаця, шчыра скажу, у акадэмічным веславанні практычна не засталося ні трэнераў, ні спартсменаў. На Алімпіядзе выступілі так, што трэнерскі штаб павінен быў сам напісаць заявы аб звальненні, а не новыя конкурсы аб’яўляць. На спаборніцтвы ездзяць спартсмены, якім ужо пад сорак гадоў! І ніякіх перспектыў не бачна, бо з маладымі талентамі таксама праблема.

Я нават не думаў, што беларускае акадэмічнае веславанне, якое ў 1990-я гады і пасля гэтага было на вышыні, дойдзе да такога стану. Сумная сітуацыя! І ніякія конкурсы тут не дапамогуць.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»