(Працяг. Пачатак у №№77–81.)

6. Капіевіч (Капіеўскі) Ілля Фёдаравіч (каля 1651 г. – 23 верасня 1714 г.)

Ілля Капіевіч – папулярызатар навукі, выдавец, перакладчык, энцыклапедыст, распрацоўшчык грамадзянскага шрыфта.

І.Капіевіч нарадзіўся ў сям’і дробнага шляхціца. Дакладнае месца нараджэння не ўстаноўлена, гэта – Міншчына або Брэстчына. Час быў неспакойны, ішла вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654–1667 гадоў. 9-гадовым хлопчыкам ён быў вывезены ў Цвярскі край, адкуль хутка ўцёк у Маскву. Праз шэсць гадоў разам з мсціслаўскім ваяводам М.Цеханавецкім, які прыехаў у Маскву для перамоў аб замірэнні, вярнуўся на радзіму. Вырашальнае значэнне для фарміравання поглядаў юнака мела вучоба ў Слуцкай кальвінісцкай школе. Тут ён атрымаў добрыя веды і авалодаў некалькімі замежнымі мовамі. Выявіліся яго выключныя здольнасці да гуманітарных навук. Яшчэ ў час навучання ў школе, у 1674 годзе, ён заняў пасаду лектара – настаўніка малодшых класаў.

Дакладна не вядома, як і калі І.Капіевіч трапіў у Галандыю. Даследчыкі называюць канфесійныя матывы, абінавачванне яго ў здрадзе каралю, абвінавачванне бацькоў І.Капіевіча ў здрадзе Рэчы Паспалітай у час вайны. Вядома, што іх родавы маёнтак трапіў ва ўласнасць каталіцкай царквы, а Ілля быў вымушаны пакінуць радзіму і апынуўся ў Амстэрдаме.

У 1697 годзе ў Галандыю прыбыло рускае пасольства пад кіраўніцтвам Пятра I. Сустрэча І.Капіевіча, які быў тады кандыдатам-пастарам Амстэрдамскага сабора, з расійскім царом перавярнула ўсё яго жыццё. Цар звярнуў увагу на сціплага царкоўнага служку – знаўцу рускай мовы, да таго ж чалавека, дасведчанага ў шматлікіх замежных навуках. Таму І.Капіевіч адразу быў запрошаны ў якасці настаўніка замежных моў і некаторых навук для самога цара Пятра і іншых прадстаўнікоў пасольства. Ад’язджаючы з Амстэрдама, цар даручыў І.Капіевічу не толькі працягваць навучанне расійскіх дваран, што прыязджалі на Захад дзеля засваення «навукі замежнай», але і скласці шэраг кніг, так неабходных для арганізацыі адукацыі ў самой Расіі. Той з радасцю пагадзіўся і прысвяціў далейшае жыццё асветніцкай справе на карысць усходнеславянскіх народаў.

У 1698–1706 гадах І.Капіевіч склаў, пераклаў і выдаў каля 20 кніг па гуманітарных, прыродазнаўчых, тэхнічных і вайсковых галінах ведаў: у асноўным падручнікі па гісторыі, вайсковай і марской справах, лацінскую і рускую граматыкі. Ён склаў і выдаў першы ў Расіі падручнік па арыфметыцы, першыя слоўнікі, у тым ліку руска-лацінска-нямецкі. Падрыхтаваныя і выдадзеныя ім падручнікі асабліва былі карысныя для моладзі, якая прысвяціла сябе навуцы, тэхніцы, мараходству ці вайсковай справе. Значны час гэтымі падручнікамі карысталіся ў расійскай школе.

І.Капіевіч паклаў пачатак перакладу і друкаванню расійскіх перакладаў антычных пісьменнікаў. Ён выдаў першы ў Расіі каляндар і склаў першую ў гэтай краіне карту зорнага неба. Ён адзін з першых (калі не першы) распрацаваў для ўсходніх славян навуковую тэрміналогію па многіх галінах ведаў.

Значную ролю ў асветніцкай дзейнасці І.Капіевіча адыгралі працы па гісторыі. Сярод яго найбольш вядомых выданняў – «Введение краткое во всякую историю» (1699). Яго трактоўка гісторыі была крокам наперад у параўнанні з ранейшымі сярэднявечнымі і тэалагічнымі канцэпцыямі. Ён – аўтар твораў «Хроніка», «Часаапісанне», «Летапісы ці дзеянні», «Хроніка дня», «Уладаапісанне» (пра палітычнае жыццё), «Жыццеапісанне» (пра асобных людзей і здарэнні).

І.Капіевіч выдаваў кнігі ў розных друкарнях, у тым ліку ва ўласных (Амстэрдам і Капенгаген). Шмат вандраваў па Еўропе са сваёй друкарняй. У 1701 годзе ў Берліне, у 1704 годзе ў Капенгагене намагаўся наладзіць выпуск кніг для Расіі. Перапісваўся з Г.Лейбніцам, які прапаноўваў яму супрацоўнічаць у справе выдання кніг (перапіска зберагаецца ў Акадэміі навук Германіі). Кнігі І.Капіевіча мелі вялікае значэнне для развіцця асветы ў тагачаснай Расіі, у якой было няшмат навучальных і наогул свецкіх выданняў.

Для тытульных аркушаў выдаваемых кніг асветнік стварыў кірылічны шрыфт. У 1708 годзе расійскі цар зацвердзіў новы шрыфт на аснове капіевічавых літар. Так адбылася рэформа расійскай азбукі – увядзенне грамадзянскіх, гэта значыць нецаркоўных, літар. Новыя літары яшчэ доўга звалі «амстердамские литеры» ці «беларуская азбука». «Грамадзянскім» шрыфтам, распрацаваным ім для Расіі, цяпер карыстаюцца беларусы, украінцы, македонцы, балгары, сербы і іншыя народы, якія ўжываюць кірыліцу.

Але не суджаны быў І.Капіевічу і яго кнігам лёгкі лёс. Становішча друкарні было незайздросным: грошай катастрафічна не хапала, нерэалізаваныя кнігі ляжалі на складах. Калі ж асветнік вырашыў перавезці друкарню ў Расію, лёс абышоўся з ім бязлітасна: друкарня была захоплена і вывезена шведамі, а сам ён абрабаваны казакамі.

У 1707 годзе І.Капіевіч прыняў прысягу на вернасць Расіі і стаў перакладчыкам Пасольскага прыказа. У 1708 годзе ён прыбыў у Варшаву, дзе, паводле царскага ўказа, далучыўся да расійскага войска пад кіраўніцтвам Я.Бруса.

Апошнія гады свайго жыцця правёў у Маскве.

(Працяг будзе.)

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»