Калонка Алеся Няўвеся
Калонка Алеся Няўвеся

У Беларусі адбываецца рэкорднае скарачэнне колькасці пенсіянераў.

Што гэта робіцца з народам?
Душа баліць ад гэткіх змен:
У Беларусі з кожным годам
Пенсіянераў менш і менш.
Было іх колісь да халеры
На беларускае зямлі,
Цяпер жа ў нас пенсіянеры
Знікаць чамусьці пачалі.
Улада тут руку прыклала,
Падняўшы пенсіённы ўзрост:
Маўляў, для пенсій грошай мала,
Дык рана думаць пра пагост.
Падставы ёсць для іншай скрухі:
Хварэюць, бедныя, яны
І ад кавіду мруць, як мухі,
А ўлада наша хоць бы хны
І пра ахвяр у зводках піша,
Што толькі …наццаць іх за дзень –
На «фронце», словам, гладзь ды ціша,
Хаця на справе справы дрэнь…

***
Мне неўспадоб такая драма,
Статыстыка не па нутру,
Бо я пенсіянер таксама…
Ды ўладзе заяўляю прама,
Што сто гадоў я не памру!

Любіць хто-ніхто, на жаль, кулаком «чытаць мараль»

У Оршы прахожы жорстка збіў падлетка – не спадабалася яго прычоска. Узбуджана крымінальная справа.

Напэўна, хоча кожны з нас
Адметным быць хаця б у нечым.
Хтось выстаўляе напаказ
(Парою гэта недарэчы)
Свой талент, мудрыя мазгі
Ці проста знешнія вабносці.
І выбірае шлях другі,
Каб вылучацца, іншы хтосьці.

«Калі не надзяліў Гасподзь
Ні талентам, ні знешнім відам, –
Так разважае ён, – дык хоць
Я ўсім на ўздзіў прычоску выдам!»
Няма сакрэту, што часцей
Несамавіты «выклік» гэткі
Усё ж з’яўляецца ў дзяцей –
«Крычаць» прычоскамі падлеткі.
І я не бачу ў тым бяды
(Калісьці і ў мяне, дарэчы,
Як быў «крыклівы», малады,
Прычоска клалася на плечы):
Чым натварыць нам існых бед,
Хай лепш свавольнікі-гарэзы
«Крычаць» хітраспляценнем дрэд
І дэманструюць іракезы.
Быў менавіта від такі
У хлопца гэтага таксама.
Відаць, не супраць сваякі,
І не ўшчувалі тата й мама.
Упэўнены і сам юнак,
Што ён адметны і прыгожы.
Аднак, на жаль, не думаў так
(Відаць, паддатым быў) прахожы.
Здалося з п’яненькіх вачэй,
Што этыкет парушыў хлопец:
Нашто валоссе да плячэй?
І да вушэй, падумаў, хопіць.
І малады «эстэт», на жаль,
Пасля кароткае прадмовы
Стаў кулаком «чытаць мараль»,
А той кулак, лічы, пудовы,
Наогул цяжкая рука.
Падчас так званае разборкі
Нягоднік гэты юнака,
Як кажуць, збіў на яблык горкі…

***
Парой жахлівыя амаль
Прычоскі носяць шпінгалеты.
Ды кулаком «чытаць мараль»
Не мае права злыдзень гэты.
Яшчэ на волі ён пакуль,
Але не мінаваць астрога.
Няма сумнення, што пад нуль
Там пастрыгуць яго самога.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»