Алег Шабетнік. Фота аўтара.

Сумная вестка прыйшла ўранку 22 кастрычніка з Рэчыцы: напярэдадні ўвечары тут ад каранавірусу памёр лідэр прадпрымальніцкага руху, вядомы грамадскі і палітычны актывіст Алег Шабетнік. Пра гэта ў Facebook паведаміла старэйшая дачка Шабетніка Лідзія, а таксама рэчыцкія сябры актывіста. Апошнія шэсць дзён Алег лекаваўся ў раённай бальніцы, памёр у рэанімацыі. Яму было 55 гадоў.

“Няма проста слоў, такі магутны быў чалавек… Вельмі спачуваю сям’і і ўсім, хто з ім сябраваў. І ўсёй камандзе “Гавары праўду”, для якой гэта аграмадная страта”, – напісала адна з каляжанак Алега Шабетніка.

А вось яшчэ: “Прыйшла сумная навіна, Алега Шабетніка больш няма… Чалавек з энергіяй, якая бруіла праз край. Добры, справядлівы, клапатлівы і адказны… Менавіта пра Алега можна сказаць, што ён жыццёрадасны чалавек. І няхай іншы раз мы спрачаліся, але заўсёды паважалі выбар адзін аднаго. Больш мы не спрачаемся… Спі, сябра”.

Заўважнай асобай у Рэчыцы спадар Шабетнік стаў, калі ўзначаліў раду прадпрымальнікаў буйнейшых рынкаў “Славянскі” і “Цэнтральны”. Ён адстойваў правы індывідуальных прадпрымальнікаў у органах улады Рэчыцы і Гомеля, выступаў супраць неабгрунтраванага падвышэнння коштаў на арэнду гандлёвых плошчаў, імкнуўся мінімізаваць праверкі, спрасціць падатковыя выплаты.

Адначасова Шабетнік знаходзіў час, каб займацца дабрачыннай дзейнасцю. У прыватнасці, з аўтарам гэтых радкоў прадпрымальнік выпраўляўся ў Азарычскую школу-інтэрнат, каб перадаць дзецям кнігі, адзенне, прадукты.

Працяглы час Алег Шабетнік ачольваў рэгіянальную арганізацыю Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), а ў апошні час з’яўляўся кіраўніком Гомельскага абласнога аддзялення грамадскай арганізацыі “Гавары праўду”. Ён неаднаразова балатаваўся ў дэпутаты, быў даверанай асобай кандыдатаў ад “Гавары праўду” на прэзідэнцкіх выбарах.

У мінулым годзе міліцыя пераследавала Алега за ўдзел у акцыях пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў. 14 верасня ў прыватным доме актыўнага рэчычаніна правялі ператрус у справе пра нанясенне надпісу на прыпынку грамадскага транспарту.

Назаўтра, 15 верасня, Алег напісаў на сваёй старонцы ў Facebook: “Сёння ў мяне галава рэальна закружылася, пратаколы складаюць без майго ўдзелу, выносяць пастановы таксама без мяне. У адным пратаколе ў графе “подпіс” напісана – “адмова”. Позва ў суд пісьмом, смс-позва ў суд. І ўсё гэта ў той перыяд, калі я быў на бальнічным!”.

Двума гадамі раней супраць Шабетніка завялі крымінальную справу за паклёп на чыноўніка, якая не дайшла да суду.

Пахаваюць Алега Шабетніка 23 кастрычніка на гарадскіх могілках.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»