Чацвёртая хваля пандэміі характарызуецца ростам захворвальнасці, з якім Беларусь яшчэ не сустракалася. «Народная Воля» пацікавілася, як ставяцца да вакцынацыі на Гродзеншчыне.

У Гродзенскай цэнтральнай паліклініцы наведвальнікаў каля кабінетаў, дзе адбываецца вакцынацыя, у апошнія дні значна паболела. Паводле афіцыйных звестак, тут за змену абслугоўваюць 500 чалавек, а калі дадаць яшчэ і выязныя брыгады, то разам 620.

У кожнай гарадской паліклініцы працуюць па два кабінеты, дзе праводзіцца вакцынацыя. Дарэчы, на дом можна запрасіць выязную брыгаду, прычым анлайн альбо праз тэлефон. Выязныя брыгады дзеля зручнасці для гродзенцаў ездзяць на прадпрыемствы, адкрыты пункты вакцынацыі ў некалькіх гарадскіх гіпермаркетах.

Тым не менш, паводле афіцыйных дадзеных, больш за палову гандлёвых аб’ектаў і месцаў грамадскага харчавання ў абласным цэнтры працуюць з парушэннем санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў, якія скіраваны на прафілактыку каранавіруса. Паводле вынікаў маніторынгу, праведзенага спецыялістамі Гродзенскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, якія штодня наведваюць гэтыя аб’екты, з 57 месцаў, дзе масава знаходзіліся людзі, у 31 былі выяўлены парушэнні.

Па-ранейшаму ў СМІ не называюцца лічбы захварэлых і памерлых у горадзе і вобласці. Усё, што можна даведацца, – агульныя лічбы па краіне. Праўда, вядома, што па стане на пачатак тыдня ў Гродне першым кампанентам вакцыны было прышчэплена 29 працэнтаў насельніцтва, а абодвума пакуль толькі 22 працэнты. Лічбы мізэрныя для чацвёртай хвалі пандэміі, паколькі калектыўны імунітэт да каранавіруса можа з’явіцца, калі будуць вакцынаваны хаця б 60–70 працэнтаў насельніцтва.

І вельмі важна выконваць меры перасцярогі: захоўваць масачны рэжым і прытрымлівацца сацыяльнай дыстанцыі.

Дарэчы

Паводле пераканання прафесара Школы грамадскай аховы здароўя пры Універсітэце Джорджа Вашынгтона Леаны Вэн, вакцынацыя супраць COVID-19 надзвычай эфектыўная для прадухілення захворвання, асабліва ў цяжкай форме. Апошнія дадзеныя амерыканскіх цэнтраў па кантролі і прафілактыцы захворванняў паказваюць, што вакцынацыя памяншае імавернасць заражэння COVID-19 у шэсць разоў, а імавернасць смерці – у 11 разоў.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»