Антон Фурс

Антон Фурс быў вязнем ГУЛАГа, у 1947 годзе атрымаў 15 гадоў лагераў за прыналежнасць да «Саюза беларускіх патрыётаў» – арганізацыі вучнёўскай моладзі, якая ставіла сабе за мэту барацьбу з русіфікацыяй і захаванне беларускай культуры і ідэалаў беларускай незалежнасці.

Як піша на сваёй старонцы Кастусь Шыталь, Антон Фурс нарадзіўся ў 1927 годзе ў мястэчку Язна. У 1944-м паступіў у педагагічнае вучылішча ў Глыбокім. Моладзь бачыла выцісканне беларускай мовы з навучальнага працэсу і пастанавіла адказаць на гэта: натхніўшыся прыкладам тайных гурткоў філаматаў і філарэтаў у Вільні пры Расійскай Імперыі, маладзёны стварылі арганізацыю.

25 сакавіка 1946 года, сабраўшыся на паддашшы дома ў Глыбокім, сябры СБП прынеслі прысягу на вернасць ідэалам незалежнай Беларусі. Падчас гэтай тайнай урачыстасці на сцяне была вывешаная Пагоня – яе намалявала Алеся Умпіровіч з Пастаўскай вучэльні, якая пасля лагераў стала жонкай Антона.

У 1947 годзе адбыліся масавыя арышты сябраў арганізацыі. Усе яны атрымалі вялікія тэрміны ў лагерах – да 25 гадоў, але большасць выйшла пасля перагляду спраў неўзабаве пасля смерці Сталіна, адседзеўшы прыкладна па дзесяць гадоў.

Вярнуўшыся з лагераў, Антон Фурс узяў шлюб з Алесяй Умпіровіч, якая ўдзельнічала ў дзейнасці СБП у Паставах і таксама вярнулася з ГУЛАГа. Яны пражылі разам да 2017 года, калі Алеся памерла. Большую частку жыцця жылі ў Казахстане, паехалі туды самі, бо на радзіме Антона не бралі на працу. Перыядычна прыязджалі ў Беларусь, адведвалі Ларысу Геніюш, з якой Алеся адбывала пакаранне ў лагерах.

І ў глыбокай старасці Антон цікавіўся беларускімі справамі, чытаў беларускія газеты, глядзеў беларускамоўнае тэлебачанне. У 2013 годзе пра СБП быў зняты фільм «Глыбоцкая змова», паказаны на тэлебачанні. У 2019 годзе фрагмент інтэрв’ю з ім быў паказаны ў перадачы Stop Josta на літоўскім канале «LRT Plus».

«Для нас, маладзейшых пакаленняў актывістаў, Антон Фурс і іншыя удзельнікі СБП былі прыкладам. Калі было цяжка – успаміналі, што некалі за беларускую справу давалі 10–15 гадоў лагераў. Калі хацелася ўсё кінуць – узгадвалі, што нельга кідаць тое, за што нашы старэйшыя землякі аддалі сваю маладосць», – напісаў Кастусь Шыталь.

«У жніўні 2020 года, Антон Фурс разам з іншымі жыхарамі Пастаў быў на Плошчы. Я тады радаваўся, што ён дачакаўся часу, калі людзі выйшлі з бел-чырвона-белымі сцягамі… Прынамсі, ён мог пераканацца, што ідэя, якой ён ахвяраваў сваю маладосць, не знікла, што за яе змагаюцца маладыя», – адзначае ён.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»