(Працяг. Пачатак у №№77–80.)

5.Сімяон Полацкі (Самуіл Гаўрылавіч, паводле некаторых звестак – Емяльянавіч, Пятроўскі-Сітніяновіч) (1629 г. – 25 жніўня 1680 г.)

Сімяон Полацкі – пісьменнік, філосаф-асветнік, перакладчык, педагог, тэолаг, грамадскі і царкоўны дзеяч.

С.Полацкі нарадзіўся ў Полацку. Паходзіў, як мяркуюць, з купецкага саслоўя. Атрымаў адукацыю ў Кіева-Магілянскім калегіуме (каля 1650 г.) і Віленскай езуіцкай акадэміі (да 1653 г.). У віленскі перыяд жыцця стаў манахам уніяцкага ордэна базыльян. Але гэта не перашкодзіла яму быць лаяльным дзеячам праваслаўнай рускай царквы ў Маскве. З сярэдзіны 1650-х гадоў да 1664 года – настаўнік брацкай школы ў Полацку пры Богаяўленскім манастыры. Каля 1656 года прыняў праваслаўнае манаства пад імем Сімяон.

Чалавек па натуры дзейны, працавіты, ён выкарыстаў усе магчымасці для грамадскага і літаратурнага самавыяўлення. Пісаў вершы, прамовы, навуковыя трактаты. Акрамя роднай беларускай мовы, дасканала валодаў лацінскай, польскай, царкоўнаславянскай, рускай. З прыходам Сімяона вакол манастыра згуртавалася кола таленавітых беларускіх літаратараў і педагогаў. Ён шмат стараўся для праваслаўнага брацтва, аднак прытрымліваўся талерантнасці, ухіляўся ад крытыкі каталіцызму, імкнуўся да ўзгаднення дагматычных разыходжанняў.

Як высокаадукаваны настаўнік і пісьменнік, С.Полацкі аднолькава добра ведаў славянскую і заходнееўрапейскую культуры і імкнуўся да іх сінтэзу. Відаць, невыпадкова, атрымаўшы і праваслаўную, і каталіцкую адукацыю, ён схіліўся да кампраміснага паміж імі ўніяцтва. Яно, верагодна, здавалася яму ў той час прымальнай формай збліжэння заходне- і ўсходнееўрапейскіх традыцый і культур.

У полацкі перыяд творчасці Сімяон пісаў пераважна па-беларуску, кніжным урачыстым стылем, набліжаным да царкоўнаславянскай мовы. Характэрная рыса яго твораў гэтага перыяду – патрыятызм, любоў і пашана да свайго народа, роднага горада і краю.

Вайна паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай 1654–1667 гадоў крута памяняла не толькі намеры, але і ўсё жыццё і далейшы лёс 25-гадовага С.Полацкага. Захоп маскоўскім войскам на працягу 1654–1655 гадоў амаль усёй Беларусі, сталіцы Вялікага Княства Літоўскага Вільні зрабіў на яго вялікае ўражанне, пахіснуў веру ў стабільнасць Рэчы Паспалітай. У той сітуацыі ён паказаў сябе прагматыкам і пачаў ускладаць надзеі, што яго радзіму выратуе палітычны саюз з Расіяй.

Аднак С.Полацкага ніколі не пакідала любоў да сваёй радзімы – Беларусі і Рэчы Паспалітай. Тады ж ён напісаў шэраг палітычна-сатырычных твораў, у якіх выкрываў захопніцкую авантуру шведскага караля Карла Х Густава, які ў сярэдзіне XVII стагоддзя хацеў падзяліць Рэч Паспалітую, прыкрываючыся Кейданскай уніяй Вялікага Княства Літоўскага са Швецыяй.

У такіх трагічных умовах заканчваецца беларускі перыяд творчасці С.Полацкага. У 1660 годзе ён ездзіў у Маскву прасіць дапамогі для полацкага манастыра, некаторы час жыў там, прадставіў цару хвалебную «Дэкламацыю», у якой назваў яго «царом-Сонцам». У 1664 годзе прыняў запрашэнне пераехаць у Маскву. Баючыся ганенняў з боку ўлад Рэчы Паспалітай, ён, як прыхільнік маскоўскай арыентацыі, пакінуў родны горад. Меркаваў, што часова, а аказалася – назаўсёды.

С.Полацкі становіцца прыхільнікам, а потым ідэолагам праваслаўя і расійскага самадзяржаўя. Яго выбар быў як вымушаным, так і добраахвотным. Ён паклаў пачатак згубнаму для беларускай культуры працэсу культурнай эміграцыі, які ў XVIII–XIX стагоддзях набыў масавы характар, калі інтэлектуальна-творчыя сілы беларускага народа з прычыны адсутнасці ўласнай дзяржаўнасці і нацыянальнай самасвядомасці «эмігрыравалі» або ў польскую, або ў рускую культуру.

С.Полацкі арганізаваў пры Заіконаспаскім манастыры «лацінскую» школу для падрыхтоўкі служачых Тайнага прыказа – асабістай канцылярыі цара. Пісьменніка пасялілі побач з царскімі палатамі і залічылі на дзяржаўнае забеспячэнне. Ён стаў разам з вучоным візантыйцам Паісіем Лігарыдам дарадчыкам цара па царкоўных справах, перакладчыкам і рэдактарам. С.Полацкі – першы прыдворны паэт расійскіх цароў. Яго запрашалі на прыдворныя ўрачыстасці, дзе ён чытаў свае вершаваныя віншаванні. Прыдворныя здзіўляліся і захапляліся Сімяонавымі вершамі. Найбольшай падтрымкай ён карыстаўся ў цара Фёдара Аляксеевіча (1676–1682). Прыхільнік асветнага абсалютызму, С.Полацкі быў у цэнтры палітычных і рэлігійных праблем Маскоўскай дзяржавы. Яго ўплыў на царскі двор асабліва ўзмацніўся пасля 1667 года, калі ён быў прызначаны выхавацелем і настаўнікам царскіх дзяцей. Дзякуючы адукацыі і шырокаму кругагляду царскія нашчадкі заклалі асновы тых перабудоў і перамен, якія завяршыў Пётр I.

Росту аўтарытэту С.Полацкага садзейнічала актыўная палеміка з ідэолагамі стараабрадцаў, асуджэнне, праўда, не заўсёды справядлівае, іншадумцаў і ўдзел у Вялікім саборы (1667–1668), на якім ён быў сакратаром-перакладчыкам блізкаўсходніх патрыярхаў: александрыйскага і антыахійскага, а таксама мітрапаліта газскага Паісія Лігарыда. Сабор асудзіў патрыярха Нікана, рэформы якога С.Полацкі спачатку падтрымліваў.

У Маскве С.Полацкі займаўся педагагічнай, асветніцкай, выдавецкай дзейнасцю. Ён заснаваў незалежную ад патрыяршай цэнзуры друкарню і сярод першых кніг надрукаваў падручнік для дзяцей – «Буквар мовы славенскай». Пераклаў на вершы і выдаў у сваёй друкарні «Псалтыр рыфматворны», які стаў папулярным песеннікам сярод адукаваных людзей таго часу.

За палітычнай і царкоўнай барацьбой пісьменнік не забываў пра сваё наканаванне – літаратурную творчасць. Яго пяру належаць тэалагічны трактат, зборнікі пропаведзяў, вершы, п’есы. Энцыклапедычны характар носяць зборнікі яго царкоўна-хрысціянскіх «слоў» і «казанняў» «Абед душэўны» і «Вячэра душэўная». Аснову літаратурнай спадчыны С.Полацкага складаюць выдадзеныя пасмяротна зборнікі «Ветраград мнагацветны» і «Рыфмалагіён, або вераслоў». Першы служыў для рускай публікі сапраўднай энцыклапедыяй ведаў па гісторыі, антычнай міфалогіі, філасофіі, тэалогіі, маралі і хрысціянскай сімволіцы. Драматычныя творы з другога зборніка ставіліся ў прыдворных тэатрах Крамля. Так, з драматургіі С.Полацкага ў Расіі пачынаўся прафесійны тэатр. Увесь час службы пры маскоўскім двары С.Полацкі займаўся таксама перакладчыцкай дзейнасцю. Перакладаў з латыні і польскай мовы, літаратурна апрацоўваў папулярныя тады свецкія і царкоўныя творы.

У Маскве да грамадзянскай і рэлігійнай дзейнасці асветніка і яго творчай спадчыны ставіліся неадназначна. Пісьменнікі і царкоўныя дзеячы грэка-візантыйскай арыентацыі не давяралі «лаціністу» і «заходніку» С.Полацкаму, лічылі яго веды і мудрасць небяспечнымі, хоць і паважалі яго талент і энцыклапедычную адукаванасць. Літартурная і агульнакультурная праграма полацкага асветніка, накіраваная на далучэнне Расіі да еўрапейскага культурнага рэгіёна, паступова перамагала, хоць адносіны паміж маскоўскімі артадоксамі і «лаціністамі», выхадцамі з Беларусі і Украіны, часта ўскладняліся. Займаючы ў Маскве ключавую пазіцыю ў справе пашырэння заходнееўрапейскай культуры, папярэднік ідэолагаў асветнага абсалютызму эпохі Пятра С.Полацкі здолеў пераканаць кансерватараў-традыцыяналістаў пры двары Аляксея Міхайлавіча ў неабходнасці народнай адукацыі паводле еўрапейскага школьна-ўніверсітэцкага метаду, далучэння прыдворных да свецкай літаратуры, музыкі, тэатра.

За год да смерці асветнік працаваў над праектам рускай вышэйшай школы на ўзор Кіева-Магілянскай акадэміі. Мелася на ўвазе выкладанне ў ёй не толькі грэчаскай мовы і багаслоўя, але дасягненняў еўрапейскай гуманітарнай навукі і культуры, лацінскай мовы і натурфіласофіі.

Пісьменнік памёр на 51-м годзе жыцця. Сваю прыватную бібліятэку, найбагацейшую ў тагачаснай Маскве, ён завяшчаў полацкаму, маскоўскаму і кіеўскаму манастырам, а грошы падзяліў паміж беларускімі манастырамі ў Полацку, Віцебску, Оршы, Мінску і Вільні. Магіла С.Полацкага не захавалася, а надмагільная пліта з эпітафіяй аўтарства Сільвестра Мядзведзева захоўваецца ў маскоўскім Спаскім саборы былога Заіконаспаскага манастыра.

Літаратурная, багаслоўская і навукова-асветніцкая спадчына С.Полацкага шматгранная і не перастае здзіўляць даследчыкаў сваёй энцыклапедычнасцю. Сам пісьменнік паспеў надрукаваць толькі асобныя творы. Буйнейшыя яго сачыненні былі выдадзены пасмяротна ў XVIII–XX стагоддзях. Паводле рашэння ЮНЕСКА імя Сімяона Полацкага было ўнесена ў каляндар памятных дат 1980 года.

(Працяг будзе.)

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»