У зборнай Беларусі па футболе пачаўся разбор палётаў. У хуткім часе не выключана і «раздача сланоў».

Паражэнне ад Чэхіі стала сёмым запар для беларускай нацыянальнай каманды. І пачалося! Паляцела крытыка ў адрас трэнерскага штаба зборнай, трэнеры ў сваю чаргу пачалі шукаць вінаватых сярод футбалістаў.

«Хачу сказаць, што мы прайгралі заслужана, у саперніка больш класная каманда, – шчыра прызнаваўся галоўны трэнер зборнай Беларусі Георгій Кандрацьеў яшчэ пасля дамашняга пройгрышу славакам. – Як усе бачылі, славацкія футбалісты пераўзышлі нашых па ўзроўні. Аднаго старання мала, трэба яшчэ і ўмець гуляць у футбол. У паражэнні вінаваты я. Калі каманда прайграе, заўсёды вінаваты трэнер.

Калі выніку няма, то трэнер павінен сысці. Я абяцаў – я сыду. Але вы думаеце, прыйдзе іншы спецыяліст і нешта зменіць? Мы да чаго ішлі 25 гадоў, да таго і прыйшлі… Юніёры ўсім прайграюць. У Расіі выступаюць два футбалісты, і тыя ў запасе сядзяць. Мы ўжо адсталі амаль назаўсёды ад вядучых краін. Славакія – не дужа якая футбольная дзяржава, але і ёй мы саступаем. Паглядзіце, як з мячом працуем мы і як гэта робяць славакі.

У нас няма вострых нападаючых. Раней у Расіі 35 беларускіх футбалістаў гулялі, а цяпер адзін Лісаковіч, ды і той выходзіць толькі на пяць хвілін на замену. Гэта праблема беларускага футбола».

Дарэчы, у 2011–2014 гадах Георгій Кандрацьеў ужо ўзначальваў зборную Беларусі і зараз параўноўвае, што было раней і што маем зараз.

«Сітуацыя стала горшай, – адзначае трэнер. – Тая каманда была мацнейшая, там выканаўцы былі вышэй узроўнем. На жаль, у горшы бок усё змянілася. Вы ж бачыце, ніводнага легіянера практычна няма. Нашы футбалісты не запатрабаваныя, іх ніхто не бярэ. Вось расіяне кажуць, што ў іх слабы чэмпіянат. Леанід Фядун (саўладальнік маскоўскага «Спартака») неяк сказаў, што ў такіх невялікіх краінах, як Харватыя і Славакія, футболам займаецца больш дзяцей, чым у Расіі. І дзіцячых трэнераў там больш. Не ведаю дакладна, але ў нас, напэўна, адпаведныя паказчыкі разы ў чатыры меншыя, чым у самой Расіі.

Пра што мы тады гаворым? Якія турнірныя задачы можам абмяркоўваць? Мне даводзіцца выкарыстоўваць той рэзерв, які ёсць. Паглядзіце на саставы каманд беларускай вышэйшай лігі. Усіх ігракоў, якіх толькі можна, мы запрашаем у зборную. Усе нашы клубы вылецелі летам у першых раўндах еўракубкаў, прычым саступілі далёка не наймацнейшым апанентам. А ў зборнай тыя ж людзі. І што, яны цяпер прыедуць і абыграюць нацыянальныя каманды Чэхіі ці Бельгіі?»

У адказ на такую крытыку беларускі футбольны агент Валерый Ісаеў нагадаў Кандрацьеву пра яго былую працу і вяртанне ў зборную: «Мы ўжо чулі пра тое, што сёння нашы футбалісты – «ніякія» выканаўцы. А ранейшыя «ніякія» футбалісты зараз ужо, аказваецца, былі высокага ўзроўню.

Можа, спачатку ў люстэрка варта глянуць? Калі такія футбалісты і дзіцячы футбол, навошта ішоў на гэтае месца?..»

Адным словам, разборкі ў нашым футболе працягваюцца ўжо каторы год, а выніку як не было, так і не назіраецца. І гэта самае сумнае…

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»