Святлана Кутакова

Як выхоўваць шасцёра дзяцей і займацца матчынай этыкай, «Народнай Волі» распавяла гродзенка Святлана Кутакова.

Святлана і Максім Кутаковы з Гродна дзесяць гадоў таму, калі ў іх было яшчэ трое дзяцей, вырашылі з’ехаць жыць у вёску, што ў 20 кіламетрах ад горада. Спадарыня Святлана тлумачыць пераезд недахопам прасторы, чыстага паветра і магчымасцяў для самавыяўлення ў межах гарадской кватэры:

– Мы паглядзелі, як іншыя людзі жывуць за горадам: лес, рэчка, прырода – гэта ні з чым не параўнальныя рэчы!

Яе муж займаецца ландшафтным дызайнам. Увогуле ён вельмі здольны да навучання і таленавіты чалавек. Святлана паводле адукацыі сацыяльны педагог. Тры гады адпрацавала ў школе па спецыяльнасці і болей туды не вярталася.

На новым месцы жыхарства муж працягваў займацца сваёй справай, а Святлана гадавала дзяцей. На вёсцы ў іх нарадзіліся яшчэ трое. Ад самага пачатку бацькі планавалі наладзіць навучанне ў хатніх умовах. У мясцовай школе ім не пярэчылі. Чацвёра дзяцей пачалі займацца дома пад наглядам бацькоў, асвойвалі праграму па тых самых падручніках, што і ў школе. Адзін раз у чвэрць наведвалі навучальную ўстанову, каб напісаць кантрольныя работы і здаць выніковыя заданні.

Святлана пераканана, што яе дзеці нічога праз гэта не страцілі, паколькі не саступаюць у ведах тым, хто навучаўся ў школьных класах, таксама ў іх няма праблемы з сацыялізацыяй.

– Цяпер да мяне прыйшло разуменне, што для дзяцей не важна, быць у школе альбо навучацца дома, – тлумачыць шматдзетная маці. – Галоўнае, каб яны набылі эмацыйны і сацыяльны інтэлект, а з усім астатнім яны справяцца.

Спадарыня Святлана не прымушае сваіх дзяцей карпець над падручнікамі, кажа: галоўнае, што яны атрымалі ў працэсе выхавання, – разуменне неабходнасці вучыцца.

– У прынцыпе, я толькі навучыла іх у пачатковых класах чытаць і пісаць. А далей яны вучацца самі. Акрамя школьных падручнікаў вывучаюць тэмы праз ютуб, шукаюць інфармацыю ў інтэрнэце.

Працэс хатняга выхавання ўключае ў сябе не толькі школьную праграму.

– Нашы дзеці цалкам уключаны ў жыццёвы працэс, – распавядае Святлана. – Кожны ведае, што дома трэба вымыць посуд, прыбрацца, надаць сабе прыстойны выгляд, апекавацца малодшымі, зрабіць ім паесці і накарміць…

Насамрэч, паводле слоў маёй суразмоўніцы, увесь гэты працэс даволі складаны, але ў выніку вырастаюць вельмі харошыя дзеці. Іх сям’я, кажа Кутакова, не ідэальная, і ў іх здараюцца самыя розныя сітуацыі, як і ў любой іншай сям’і. Але калі ты аддаеш выхаванню дзяцей сілы і час, то плён рана ці позна будзе.

– Уявіце сабе: вяртаешся дамоў позна стомлены, а цябе сустракаюць дзеці, якія могуць накарміць, нечым смачным пачаставаць, распытаць пра твае справы, патурбавацца аб тваім здароўі

Бацькі ўпэўнены: калі дзеці здольны клапаціцца аб маме і тату – яны знойдуць сабе месца ў соцыуме. І яшчэ вельмі важна, каб дзіця навучылася спачуваць іншым, не толькі атрымліваць, але і аддаваць.

Праверана на практыцы: калі дзеці камунікуюць з рознаўзроставым асяроддзем, маюць зносіны і са старымі, і з малымі, і з тоўстымі, і з хударлявымі, і з вясёлымі, і са спакойнымі, з самымі рознымі людзьмі – тады яны маюць магчымасць бачыць чалавечую разнастайнасць, параўноўваць сябе з іншымі, што таксама вельмі важна ў працэсе выхавання.

Старэйшы сын Кутаковых заканчвае школу, а малодшай дачушцы хутка споўніцца пяць годзікаў. Адзін з самых любімых заняткаў у сям’і – абмяркоўваюць тыя ці іншыя праблемы, з’явы, сітуацыі… Гэта, як зазначае спадарыня Святлана, падабаецца і бацькам, і дзецям.

Паводле методыкі Людмілы Краснабаевай

Нягледзячы на тое, што ў сям’і шасцёра дзяцей, Святлана працуе. Аб сваім занятку Кутакова кажа: я – «дзяжурная мама» Гродна:

– Знаёмлю бацькоў з матчынай этыкай па методыцы масквічкі Людмілы Краснабаевай. Дапамагаю мамам у крытычных сітуацыях справіцца з праблемамі немаўлят, падлеткаў.

А дакладней, тлумачыць мая суразмоўніца словамі аўтара метаду, яе задача – узброіць бацькоў пэўнай самадастатковасцю ў пытаннях выхавання і забеспячэння фізіялагічнага дабрабыту дзяцей. Людміла Краснабаева на падставе свайго практычнага досведу вызначыла асноўныя прычыны дзіцячых праблем (яны аказаліся агульнымі і ў плане здароўя, і ў плане паводзін): невыкананне базавых рэкамендацый па доглядзе немаўляці, спазмы буйной і дробнай мускулатуры растучага арганізма, несыходзячы рэфлекс, перабоі ў кровазвароце мозгу, тэндэнцыі да страты правільнай паставы. Метады «Матчынай этыкі» і «Сямейнага бытаўладкавання» дазваляюць вырашаць гэтыя праблемы, карэктаваць паводзіны дзяцей.

Святлана Кутакова ў хатніх умовах займаецца фарміраваннем у дзяцей правільнай паставы, імунітэту і працуе над стварэннем для малых падмурка высокай якасці жыцця.

– Гэта вырашае шмат бацькоўскіх праблем: сон, харчаванне, паводзіны дзетак…

Яна прыводзіць прыклад: на кансультацыю прыйшла мама з немаўляткам, якое спала толькі па 10 хвілін, затым прачыналася, зноў засынала… Пасля праведзенай з ім работы дзіцёнак прама на занятках праспаў 40 хвілін. І мама, паглядзеўшы, што робіць Святлана, сама ўжо можа паўтараць тое дома.

– Вельмі распаўсюджаны выпадкі дзіцячай істэрыкі, калі, да прыкладу, недзе ў краме дзіця пачынае крычаць і патрабаваць, каб мама яму набыла той ці іншы прадмет, – ілюструе свой аповед Кутакова. – Я такіх дзетак звычайна супакойваю за 5–10 хвілін, што таксама робіць вялікае ўражанне на бацькоў.

Спадарыня Святлана кажа, што ў яе практыцы ёсць тры выпадкі, калі пасля заняткаў з праблемнымі немаўлятамі іх знялі з уліку ў неўролага.

Матчынай этыкай паводле методыкі Краснабаевай спадарыня Святлана займаецца ўжо шэсць гадоў, удзельнічала ў навучальных семінарах. Да гэтага яе прывялі праблемы з уласнымі дзеткамі. Яе досвед узбагаціў методыку. Святлану як сацыяльнага педагога, які валодае гэтай методыкай, запрашаюць для заняткаў у дзіцячыя цэнтры, таксама яна дае прыватныя кансультацыі. Два-тры разы на тыдзень даводзіцца прыязджаць у Гродна.

Яна марыць стварыць у гарадскіх школах, садках і нават у сем’ях такія прасторы, дзе дзеці маглі б атрымліваць карысную нагрузку для карэкціроўкі сваіх хібаў, а іх бацькі маглі б навучацца матчынай этыцы.

Дарэчы, у спадарыні Святланы ёсць некалькі парад для бацькоў, якія маюць праблемы з дзецьмі: не чапляцца да дзяцей, утаймаваць свае амбіцыі, навучыцца клапаціцца пра сябе і блізкіх і дэманстраваць гэта сваім дзеткам. А гэта значыць быць уважлівым да сваіх пачуццяў і пачуццяў іншых, далікатным у адносінах.

Не так ужо і шмат, але ў многіх, на жаль, гэта не атрымліваецца.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»