Мікола Дым

– Сёння раніцай у рэанімацыі 10-й бальніцы памёр мой аднакурснік па факультэце журналістыкі і сябра Мікола Дым, – паведаміў у сацыяльных сетках Мікалай Галко. – Без сумнення, каранавірус. З 16 кастрычніка ён быў у штучнай коме з прымусовай вентыляцыяй лёгкіх.

Апошняя размова здарылася познім вечарам 11 кастрычніка. Паведаміў праз слёзы, што трапіў у шпіталь. Наколькі хапала моцы, пракрычаў: «Рабіце прышчэпкі! Я, дурань, не захацеў!»

Папрасіў знайсці знаёмую нам лекарку, бо ляжанне ў палаце падавалася яму бессэнсоўным. На яго і іншых там толькі крычалі: «Ляжаць на пузе!»

Тая лекарка адсутнічала. Міколаў сын знайшоў іншага ўрача – і бацьку імгненна перавялі ў аддзяленне з кіслародам. Але час быў упушчаны.

…Нас звёў журфак у далёкім 1970 годзе. Чалавек дваццаць з 1-га курса адслужылі ў войску. Мікола Дым да таго ж паспеў адзначыцца на «ўдарных будоўлях» камунізму. Недзе на Данбасе атрымаў спецыяльнасць мантажніка-верхалаза і паспеў зведаць смакату таго несалодкага хлеба.

У арміі павучыўся на санінструктара. Я да апошніх часоў кансультаваўся па медыцыне найперш з ім: вайсковая вывучка атрымалася карыснай.

Да медыцыны Мікола ставіўся з павагай. Калі я паспрабаваў аднойчы лячыць падхопленую «рожу-ружу» ў шаптухі, то ён мяне ледзь не сілай павалок да доктара ў паліклініку. І сядзеў пад дзвярыма, пакуль я не выйшаў адтуль з рэцэптамі. Яшчэ больш уражвала ягоная гатоўнасць суправаджаць мяне ў камандзіроўках. Мяне пасылала з заданнем «Сельская газета», а ён знаходзіў сабе працу ў тым жа раёне ад рэдакцыі «Советской Белорусии».

У дзяцінстве салодкае яму сустракалася нячаста. Вырас без бацькі. Мікола не мог без слёз узгадваць, як разам з маці цягалі кожнае лета сырую траву з балота па купінах і вадзе на сухі бераг. Для каровы.

Пасля двух курсаў дзённай адукацыі мы ўтраіх – Мікола Дым, Валера Драздоў і я – уладкаваліся ў рэдакцыю газеты МТЗ «Трактор».

Мікола затрымаўся там надоўга. Нашы спробы перацягнуць яго адтуль у Дом друку доўгі час былі марнымі, пакуль Іосіф Сярэдзіч не запрасіў яго ў «Советскую Белоруссию».

Пачынаючы з 1990 года пачалася новая эра, у тым ліку і ў журналістыцы. Кожнаму пашчасціла паўдзельнічаць у пошуках новага шчасця. Мікола перайшоў у «Народную газету»…

Пандэмію Мікола адседзеў на лецішчы. Нашы памкненні: прыедзем, паглядзім на цябе, а ты на нас цераз плот, чокнемся праз дзірку ў агароджы – катэгарычна адвяргаліся. Апошнія месяцы высылаў яму часопіс «Дзеяслоў», ад якога ён прыходзіў у шчырае захапленне, і сёе-тое з рэшткаў прыстойнага друку.

…І вось – у вырай. Бывай, дружа Дым!

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»