Вось звесткі аб замежным гандлі ў студзені–жніўні 2021 года, апублікаваныя Белстатам.

Вялікая доля замежнага гандлю прыпадае на Расію – блізу 49 працэнтаў ад усяго вонкавага аб’ёму. Удзельная вага расійскага напрамку перавысіла сукупную долю астатніх 99 краін, якія ўвайшлі ў топ-100 гандлёвых партнёраў Беларусі (48,2 працэнта). Ніякая іншая дзяржава рэгіёна не мае такой канцэнтрацыі таварных патокаў, завязаных на адным партнёры.

Але «саюзная» залежнасць наўпрост уплывае на памер адмоўнага сальда гандлю таварамі. За 8 месяцаў – мінус 4,398 мільярда долараў у эквіваленце (за аналагічны перыяд летась – мінус 1,643 мільярда). Прычынай эканамісты называюць апераджальны ўздым імпарту з Расіі. Калі экспартныя пастаўкі ў гэтую краіну выраслі на 22 працэнты супастаўна з мінулым годам, то імпарт падскочыў адразу на 46 працэнтаў.

На другім месцы пасля Расіі ў суме адмоўнага сальда гандлю таварамі ідзе Кітай – мінус 2,023 мільярда долараў за 8 месяцаў. Летась гэты паказчык быў менш глыбокім – мінус 1,852 мільярда. «Дзірка» ў гандлёвым абароце гэтаксама тлумачыцца істотнай розніцай у аб’ёмах паставак. Так, калі экспарт з Беларусі склаў 540 мільёнаў долараў, то імпарт амаль у пяць разоў большы – 2,564 мільярда.

Нягледзячы на намаганні па нарошчванні экспарту ў КНР, яго доля сярод іншых краін за 8 месяцаў склала ўсяго 2,2 працэнта. А вось доля кітайцаў у імпарце непараўнальна большая – амаль 10 працэнтаў.

Такім чынам, адмоўнае сальда гандлю таварамі з Расіяй і Кітаем склала рэкордныя мінус 6,421 мільярда долараў. Па выніках мінулага года было ледзь не ўдвая менш – мінус 3,495 мільярда.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»