Сергей Шойгу. Фото: пресс-служба Кремля
Сергей Шойгу. Фото: пресс-служба Кремля

Сумесная калегія міністэрстваў абароны Беларусі і Расіі 20 кастрычніка аказалася даволі выніковай. Аднак бадзёра-аптымістычны тон кіраўнікоў абаронных ведамстваў ня мог схаваць застарэлыя супярэчнасці ў вайсковым супрацоўніцтве саюзнікаў. Пра гэта піша ў сваім блогу Валер Карбалевіч.

Фармальна было прынята некалькі важных рашэнняў. Гаворка ішла і пра пяцігадовыя праграмы стратэгічнага партнёрства, і пра вучэбна-баявы цэнтр на тэрыторыі Беларусі.

Аднак бадзёра-аптымістычны тон кіраўнікоў абаронных ведамстваў ня мог схаваць застарэлыя супярэчнасці ў вайсковым супрацоўніцтве саюзнікаў.

Паводле міністра абароны РФ Сяргея Шайгу, у адказ на пагрозы з боку Захаду Беларусь і Расія прымаюць новую ваенную дактрыну «саюзнай дзяржавы». Дакумент плануецца зацвердзіць неўзабаве на пасяджэнні вышэйшага дзяржаўнага савету «саюзнай дзяржавы», якое папярэдне прызначана на 4 лістапада.

Але тут узнікаюць пытанні ня толькі працэдурнага, але і змястоўнага характару. Справа ў тым, што новую ваенную дактрыну «саюзнай дзяржавы» павінны былі ўхваліць 13 снежня 2018 году на пасяджэнні савету міністраў «саюзнай дзяржавы». Аднак афіцыйны Мінск заблакаваў падпісанне дакументу на знак пратэсту супраць «ультыматуму» прэм’ер-міністра РФ Дзмітрыя Мядзведзева, які абвясціў палітыку «прымусу да інтэграцыі». 19 снежня 2018 году Уладзімір Пуцін у аднабаковым парадку ўхваліў ваенную дактрыну «саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі». А Мінск да сёння сабатуе гэтую працэдуру.

Дык ці вядзе Шайгу гаворку пра той дакумент ад 2018 году, ці гэта абноўленая дактрына? Незразумела. І ці падпіша Лукашэнка дакумент гэтым разам? Чаго запатрабуе ўзамен?

Таксама, паводле Шайгу, кіраўнікі вайсковых ведамстваў Расіі і Беларусі падпісалі дакументы аб падаўжэнні тэрмінаў дзеяння двух расійскіх вайсковых аб’ектаў на беларускай тэрыторыі. Гаворка пра вузел сістэмы папярэджання аб ракетным нападзе ў Ганцавічах і радыёстанцыі Вайскова-марскога флоту ў Вялейцы.

І тут таксама ўзнікаюць пытанні. Дамова аб гэтых двух аб’ектах была падпісаная 6 студзеня 1995 году на 25 гадоў. Гэта значыць, тэрмін дзеяння дамовы скончыўся 06.01.2020 г. То бок амаль два гады гэтыя аб’екты існавалі без усялякіх прававых падставаў, на аснове вусных дамоўленасцяў паміж Лукашэнкам і Пуціным. Можна меркаваць, ішоў жорсткі торг аб новых умовах пралангацыі колішняга пагаднення.

І цяпер Шайгу не паведаміў ніякіх падрабязнасцяў пра гэтыя дакументы. На якіх умовах гэтыя аб’екты будуць існаваць? На які тэрмін? І зноў жа, на дакументах павінны быць подпісы Пуціна і Лукашэнкі.

Але цікава, што інфармацыя пра падпісанне гэтых дакументаў агучана толькі расійскім бокам. У паведамленні БЕЛТА пра вынікі сумеснай калегіі міністэрстваў абароны Беларусі і Расіі няма інфармацыі пра дамоўленасць наконт двух расійскіх вайсковых аб’ектаў на беларускай тэрыторыі. І гэта сведчыць пра тое, што з гэтым пытаннем усё далёка ня проста.

У любым выпадку варта адзначыць, што вайсковае супрацоўніцтва Беларусі і Расіі абганяе працэсы інтэграцыі дзвюх краін у іншых сферах. Вайсковая прысутнасць РФ на беларускай тэрыторыі павялічваецца. З усімі негатыўнымі наступствамі для суверэнітэту Беларусі.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»