Калонка Алеся Няўвеся
Калонка Алеся Няўвеся

Пазнаёміўшыся ў сацыяльных сетках, 17-гадовы віцебскі юнак прызначыў 18-гадовай дзяўчыне спатканне ў пойме ракі Віцьба. Пасля непрацяглай размовы юнак дастаў пнеўматычны пісталет і стрэліў дзяўчыне ў нагу. Пазней ён не змог растлумачыць свой учынак.

Ніхто б, бадай, не запярэчыў:
Інакш было не так даўно.
У маладых былі сустрэчы,
Хадзілі разам у кіно,
І паміж хлопцам і дзяўчынай
Каханне спела спакваля,
І выглядала годна-чынна,
Як пад вянец ішлі пасля.
Цяпер зусім другая ява:
Каханнем правіць інтэрнэт,
І маладзёнам больш цікава
Праз манітор глядзець на свет.
Цяпер жывых людзей заместа,
Заместа лучнасці жывой
Ёсць віртуальная нявеста
Дый віртуальны секс парой.
Калі ж «Рамэа і Джульета»
Адтуль вяртаюцца ў жыццё,
Для іх выходзіць бокам гэта,
Бяду прыносіць «пачуццё».
…Яны не бачыліся зблізку,
Бо не было сустрэч, аднак
У інтэрнэце перапіску
Вялі дзяўчына і юнак.
Было прыгожых слоў багата,
Юнак – нібыта Цыцэрон.
Для дзеўкі зносіны – як свята:
Прынц на кані, напэўна, ён –
Хоць малады, але цікавы,
З такім бы крочыць па жыцці.
Юнак, відаць, ад слоў да справы
Рашыў нарэшце перайсці.
А што было ў яго на мэце?
Прызнацца, гэта мне няўцям.
Абрыдлі шашні ў інтэрнэце,
І ўздумаў волю даць рукам?

Разлічваў раскруціць на грошы
Сваю «каханку» кавалер?
Ва ўсякім разе нехарошы
У кавалера быў намер.
Калі ж дзяўчына астудзіла
Яго няўрымслівы імпэт,
Нягоднік юны (ці ж не дзіва?)
Дастаў з кішэні пісталет.
І не для простае пагрозы –
Ён нават стрэліў у нагу!
І пацяклі ў дзяўчыны слёзы,
Яна скруцілася ў дугу,
Было, вядома, не да жартаў…
Сумнення больш няма ані,
Што ў інтэрнэце ўсё ж не варта
Шукаць ёй прынца на кані.

***
Жылі мы звыкла, самавіта,
Але з нядаўняе пары
Перавярнуўся свет нібыта,
І ўсё – нагамі дагары:
Чакала колісь дзеўка-краска,
Што прынясе юнак букет,
Цяпер жа ў дзеўкі ёсць апаска,
Што ён дастане пісталет…

«Цнатлівіца»

Сабраліся на дыскатэку
Дзяўчына й хлопец першы раз.
І маладому чалавеку
Дзяўчыны бацька даў наказ:
– Яна не нейкая распуста
І гэтак выхавана мной,
Што нават чырванее густа
Ад фразы брыдкае адной.
Напрыканцы загад ад таты:
– Затрымка – Божа барані!
Дык каб вярнулася дахаты
Не больш як праз чатыры дні!

«Дзе была?»

Як муж спытаўся «Дзе была?»,
Павінна жонка-чапяла
Адказваць хутка, на хаду,
А не з-пад крана піць ваду…

Публікацыя – з № 80 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»