Васіль Цяпінскі

(Працяг. Пачатак у №№77-79.)

4.Васіль Цяпінскі (1530-я гг. – 1599 або 1600 г.)

Васіль Цяпінскі – мысліцель, пісьменнік-публіцыст, гуманіст-асветнік, кнігавыдавец, заснавальнік адной з першых кнігадрукарняў у Беларусі, перакладчык Евангелля на беларускую мову, пачынальнік біблейскай выдавецкай традыцыі на роднай мове, дзеяч радыкальнага крыла рэфармацыйнага руху – адзін з нешматлікіх прыхільнікаў антытрынітарызму (сацыніянства) сярод полацкай шляхты.

В.Цяпінскі нарадзіўся ў в.Цяпіна (каля Лепеля) Полацкага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага (цяпер Чашніцкі раён Віцебскай вобласці). Часам ужываў падвойнае прозвішча – Амельяновіч-Цяпінскі, з якога першае паходзіць ад імя пачынальніка роду Амельяна, другое – ад назвы месца нараджэння. Жыхар Вялікага Княства Літоўскага, пасля 1569 г. – Рэчы Паспалітай. Лічыў сябе русінам, як у XIV–XVIII стагоддзях называлі жыхароў усходніх раёнаў сучаснай Беларусі. Атрымаў універсітэцкую адукацыю, але дзе – не вядома. Мабыць, не вучыўся ў замежных універсітэтах, але пераклады Свяшчэннага Пісання былі пад сілу толькі людзям вельмі адукаваным, таленавітым, маючым значныя гістарычныя, лінгвістычныя, тэалагічныя, літаратурныя веды.

Гістарычныя звесткі аб жыццёвым шляху В.Цяпінскага вельмі сціплыя. Нават год нараджэння і смерці вызначаны толькі ўскосным шляхам. У 1565 годзе ён служыў дворнаму літоўскаму маршалку – чалавеку, набліжанаму да двара вялікага князя, і меў акрамя родавага маёнтка дробныя спадчынныя і набытыя ўладанні ў Мінскім, Лідскім і Віленскім паветах Вялікага Княства Літоўскага. Удзельнічаў у Лівонскай вайне 1558–1583 гадоў. Лёс зводзіў яго з рознымі знакамітымі асобамі. У 1567 годзе В.Цяпінскі – малодшы афіцэр коннай роты аршанскага старосты Філона Кміты, вядомага сваімі ваеннымі, адміністрацыйнымі, прыроджанымі літаратурнымі здольнасцямі. Некаторы час служыў у вядомага дзяржаўнага дзеяча, падканцлера Вялікага Княства Літоўскага, аднаго з рэдактараў Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 года Астафія Валовіча.

Сябрам В.Цяпінскага з 1560-х гадоў быў Сымон Будны – ураджэнец Польшчы (населены пункт Буда, Мазовія), выпускнік Кракаўскага ўніверсітэта, выдатны культурны і рэфармацыйны дзеяч, гуманіст-асветнік, кнігавыдавец, пісьменнік, перакладчык, які з сярэдзіны 1550-х гадоў па запрашэнні ўплывовага магната Мікалая Радзівіла Чорнага пасяліўся ў Вялікім Княстве Літоўскім (жыў у Вільні, потым Клецку, Нясвіжы). В.Цяпінскі падзяляў сацыяльныя і канфесійныя погляды С.Буднага, якія адпавядалі інтарэсам шляхецкага крыла пратэстанцкага руху. Разам з ім удзельнічаў у адкрытых дыспутах на сінодах з польскімі і літоўскімі антытрынітарыямі (прадстаўнікамі радыкальнага сектанцкага адгалінавання еўрапейскага хрысціянства, якое адмаўляла адзін з яго галоўных дагматаў – аб Святой Тройцы): у 1569, 1574, 1578 гадах. Сінод 1574 года адбыўся ў Цяпіне ў доме В.Цяпінскага. На сінодзе 1578 года ён адстойваў права ўласнасці на маёнткі, удзелу ў справядлівых войнах, змагання супраць тыраніі – сцвярджаў, што гэта не грэх і не супярэчыць Бібліі.

У канцы 1560-х гадоў В.Цяпінскі распачаў літаратурна-перакладчыцкую працу. Заснаваў невялікую прыватную друкарню (звычайна лічаць, што ў Цяпіне, але больш верагодна, што ў яго маёнтку Вярсоцкім Лідскага павета або ў маёнтку Свіраны Віленскага павета) і там каля 1580 года выдаў перакладзенае ім на беларускую мову Евангелле з уласнай узнёслай прадмовай, якая стала адным з лепшых узораў беларускай патрыятычнай публіцыстыкі. Гэта было першае ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе выданне на беларускай і царкоўнаславянскай мовах самай знакамітай кнігі Новага Завета. Але абмежаваныя матэрыяльныя магчымасці, складаныя ўмовы ваенных часоў і супрацьдзеянне кансерватыўных колаў не спрыялі працягу яго літаратурна-перакладчыцкай, гуманістычна-асветніцкай, выдавецкай дзейнасці.

Асветніцкая праграма В.Цяпінскага разлічана на ўздым нацыянальнай культуры, умацаванне грамадскіх пазіцый беларускай мовы, абуджэнне гістарычнай і нацыянальнай свядомасці беларускага народа. Яго дзейнасць спрыяла зараджэнню, уздыму і кансалідацыі шырокага нацыянальна-культурнага і патрыятычнага руху ў Беларусі напрыканцы XVI – на пачатку XVII стагоддзя. У той жа час для яго характэрна канфесійная талерантнасць, паважлівае стаўленне да іншых народаў.

Да нашага часу захаваліся два экзэмпляры Евангелля В.Цяпінскага 1580 года (у Санкт-Пецярбургу і Архангельску) і рукапісная прадмова да яго.

(Працяг будзе.)

Публікацыя – з № 80 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»