Калонка Алеся Няўвеся
Калонка Алеся Няўвеся

У Шчучынскім раёне дзве дзяўчынкі (адной 10, другой 12 гадоў) ноччу зламалі замок прыватнага прадуктовага магазіна і вынеслі бутэльку гарэлкі, блок цыгарэт, прадукты. Гарэлку потым часткова выпілі…

Эксцэс, вядома, вельмі гадкі
(На шчасце, ён пакуль адзін):
У вёсцы дзве акселераткі
Абрабавалі магазін.
Па цёмных вуліцах чамусьці
Яны бадзяліся ўначы,
Хоць і ў вясковым захалусці
Спяць гэткім часам смаркачы.
Нажом арудавалі ўдала –
Паддаўся ім замок дзвярны.
Што быў крадзеж, здзіўляе мала;
Здзіўляе, што ўзялі яны.
Не мармеладкі-шакаладкі
І не цукерак вельмі шмат
Павалаклі акселераткі,
Хоць дзеці любяць шакалад.
У гэта мне паверыць цяжка,
Дый успрымаць не хоча клёк:
Здабыча іх – гарэлкі пляшка
І цыгарэт дыхтоўных блок.
І не забылі пра «ссабойку» –
На закусь сцібрылі харчы.
А потым зладзілі папойку,
Бо ўжо дарослыя, лічы…

***
Здаецца мне, што будзе гэтак:
За ўчынак сорамны такі
Сваіх зладзеек-малалетак
«Накормяць» дзягаю бацькі.
А я лічу: было б няблага
І лепш выхоўвалі б яны,
Каб па саміх не проста дзяга,
А пахадзілі б бізуны.

Калі ў гарляк заліў віно, ісці не варта ў казіно

У Астраўцы маладзён цэлы дзень піў з сябрамі, а ўвечары пайшоў у казіно. Прагуляўшы ўсё, што меў, ад злосці разбіў дарагія аўтамабілі, якія стаялі на паркоўцы. Давядзецца выплаціць 30 тысяч рублёў.

Хоць ты амаль «мяшок грашовы»,
Але штодня хадзіць гатоў
У казіно, дык з установы
Аднойчы выйдзеш без штаноў.
Пра тое знаў мужчына гэты,
І тым не менш усё адно
Свае апошнія манеты
Панёс аднойчы ў казіно.
Чаму ў яго адны капейкі,
Калі ішоў туды, былі?
Прыбіўся ўранку сябар нейкі,
І з ім прапіў свае рублі.
Ну як ні з чым ісці дахаты?
Напэўна, спадзяваўся ён,
Што кампенсуе ўсе затраты
І нават заграбе мільён.
Аднак не ўпалі грошы з неба,
Манет – і тых няма ані,
Бо ясна: быць цвярозым трэба
І на рабоце, і ў гульні.
Адвёў душу мужчына трошкі,
Спагнаўшы на машынах злосць.
Затым душу заскрэблі кошкі.
Бо што ў сухім астатку ёсць?
Само сабой, ужо не скора
У казіно ён пойдзе зноў,
Аднак не пакідацьме гора –
Хадзіцьме доўга без штаноў…

***
Раней, прабачце мне, зас..анцы,
Заліўшы ў гарлякі віно,
Для боек джгалі ў клуб на танцы.
Цяпер ідуць у казіно
І потым б’юць аўтамабілі…
Калі залітыя глузды,
Няхай бы лепш у морды білі
Адзін другому – менш бяды.

Калі не крыеш матам

Аўтааматарам заўзятым
Не здасца аксіёма ўбогай:
Як за рулём не крыеш матам,
Дык ты не сочыш за дарогай.

Публікацыя – з № 79 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»