Калі параўнаць два прадпрыемствы, то перавага будзе далёка не на карысць беларускага.

«МАЗ» – гэта брэнд, які заваяваў прызнанне сваёй прадукцыі не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі, – гаворыцца на сайце прадпрыемства. – Прадукцыя Мінскага аўтамабільнага завода – гэта тэхніка, якая адпавядае экалагічным стандартам Еўра-3, Еўра-4, Еўра-5, Еўра-6.

Пад маркай «МАЗ» з канвеера завода выпускаюцца седлавыя цягачы, бартавыя аўтамабілі, шасі пад ўстаноўку рознага спецабсталявання. Усяго больш за 500 мадэляў і мадыфікацый.

Таксама Мінскі аўтамабільны завод выпускае пасажырскую тэхніку. Гарадскія, міжгароднія, турыстычныя і спецыяльныя аўтобусы паспяхова працуюць на розных маршрутах па ўсім свеце. За свой дызайн, функцыянальнасць, якасць і надзейнасць яны неаднаразова былі ўдастоены высокіх узнагарод на міжнародных аўтамабільных салонах і спецыялізаваных выставах. Сёння пасажырская тэхніка МАЗ прадстаўлена 15 мадэлямі ў больш як ста выкананнях.

Сучасны дызайн у сукупнасці з высокімі тэхнічнымі характарыстыкамі дазваляе тэхніцы МАЗ займаць стабільную пазіцыю на міжнародным рынку аўтатэхнікі, канкурыруючы з сусветнымі вытворцамі».

Вядома таксама, што сёння мадэльны шэраг аўтамабільнай тэхнікі МАЗ складаецца з больш як 500 мадэляў і мадыфікацый. Як кіруючая кампанія МАЗ уваходзіць у холдынг «БелавтоМАЗ» разам з дзясяткам іншых прадпрыемстваў.

Нямецкі аўтаканцэрн MAN – таксама адзін з найбуйнейшых у свеце вытворцаў грузавых аўтамабіляў, аўтобусаў і спецтэхнікі.

«На МАЗе працуе звыш 15 тысяч чалавек, у канцэрне MAN – амаль 54 тысячы, – параўноўвае два прадпрыемствы юрыст, антыкрызісны кіраўнік з пяцігадовым стажам Міхаіл Кірылюк. – Аб’ём продажаў МАЗа за 2020 год склаў каля 530 мільёнаў еўра, MAN прадаў прадукцыі на 11,6 мільярда еўра.

Чысты прыбытак МАЗа ў мінулым годзе склаў (лічбы ўзяты з адкрытых крыніц) 50.800 еўра, аперацыйная рэнтабельнасць (маржа) МАЗа – 0,01 працэнта. А вось чысты прыбытак канцэрна MAN – 631 мільён еўра, маржа – 5,4 працэнта. Гэта значыць, што чысты прыбытак нямецкага канцэрна амаль ў 12,5 тысячы разоў больш, чым беларускага. Атрымліваецца, што MAN і пра- дае ў 20 разоў больш, і працуе ў 540 разоў больш эфектыўна».

Аналітык адзначае, што на аднаго работніка МАЗа прыходзіцца 34 тысячы еўра вырабленай прадукцыі, а на аднаго супрацоўніка нямецкага канцэрна – 215.500 еўра.

«Значыць, кожны работнік МАЗа зарабіў для свайго прадпрыемства толькі 3,3 еўра за год, – дадае ён. – А вось кожны работнік MAN зарабіў за год для канцэрна 11.723 еўра. Гэта ў 3500 разоў больш, чым зарабілі іх беларускія калегі.

Колькі змог бы зарабляць МАЗ пры прыбытковасці ў 5,4 працэнта? Каля 28 мільёнаў еўра ў год! Але гэта толькі мары. Відаць, уся справа ў тым, наколькі эфектыўна арганізавана праца прадпрыемства».

ТЫМ ЧАСАМ

Паводле інфармацыі адзінага партала фінансавага рынку, чысты прыбытак МАЗа за мінулы год – 142 тысячы рублёў, годам раней былі чыстыя страты на 497 тысяч рублёў.

Па кароткатэрміновых абавязацельствах завод вінен больш за 1 мільярд рублёў, за год гэты доўг вырас на 300 тысяч рублёў.

Па доўгатэрміновых пазыках доўг завода – 487 мільёнаў рублёў, за год сума вырасла на 33 мільёны рублёў.

Публікацыя – з № 79 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»