(Працяг. Пачатак у №77, 78)

3. Францыск (Францішак) Скарына (каля 1490 г. – каля 1551 г.)

Скарына Францыск (Францішак) – мысліцель, пісьменнік, публіцыст і перакладчык, мастак і першадрукар – заснавальнік беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання, асветнік-гуманіст, доктар медыцыны. Багацце асобы ставіць яго поруч з тытанамі еўрапейскага Адраджэння, а беларускую культуру, на ніве якой ён працаваў, – поруч з еўрапейскай культурай.

Біяграфія заснавальніка ўсходнеславянскага кнігадрукавання поўная загадак і таямніц. Дакументальных звестак пра жыццё і дзейнасць Ф.Скарыны да крыўднага мала. Няўмольны час сцёр дакладныя даты яго нараджэння і смерці. Нават форма імя асветніка, якім ён называў сябе сам і як называлі яго сучаснікі – Францішак або Францыск, – з’яўляецца прадметам дыскусій. Затое захавалася прыжыццёвая яго выява – гравюрны партрэт, зроблены, хутчэ за ўсё, з натуры ў 1517 годзе і тройчы змешчаны ў выдаваемых ім кнігах.

Ф.Скарына паходзіў з купецкай сям’і з Полацка – тады аднаго з буйнейшых эканамічных, палітычных і культурных цэнтраў Беларусі. З гонарам і пачуццём уласнай годнасці зазначаў ён у прадмовах і пасляслоўях да сваіх кніг пра паходжанне «из славного града Полоцка». Бацька Лука і старэйшы брат Іван займаліся оптавым гандлем скурай (ад назвы якой – «скора», «скура», верагодна, і пайшло іх прошвішча). Аднак юнага палачаніна цягнула да навукі.

У Полацку закладваліся асновы светапогляду будучага вучонага. Не выключана, што пачатковую адукацыю ён атрымаў у Вільні. У 1504 годзе паступіў у Кракаўскі ўніверсітэт – адну са старэйшых і лепшых навучальных устаноў Еўропы – на факультэт свабодных навук (або філасофскі факультэт), дзе 14 снежня 1506 года атрымаў ступень бакалаўра. У Кракаве, які каля 1490 года, дзякуючы славянскаму першадрукару Швайпольту Фіёлю, стаў радзімай кірылічнага кнігадрукавання, Ф.Скарына ўсвядоміў асветніцкія і навуковыя магчымасці друкаванай кнігі. Не выключана, што тут жа ён навучыўся асновам кнігадрукавання. Ужо ў Кракаве выспела ў юнака высакародная задума даць свайму народу кнігу на роднай мове. Але пакуль інтэлектуальнага вопыту, набытага ў Польшчы, яму было недастаткова, ён прагнуў новых ведаў.

Пасля Кракава Ф.Скарына знікае з нашага поля зроку на цэлых шэсць гадоў. Дзе ён знаходзіўся і чым займаўся ў 1507–1511 гадах – не вядома. Хутчэй за ўсё, працягваў адукацыю ў адным з еўрапейскіх універсітэтаў (у Кракаве, або Празе, ці Капенгагене, а магчыма, у Германіі), паглыбляў свае веды па філасофіі, гісторыі, праве, прыродазнаўстве, медыцыне. У гэты ж час ён атрымаў ступень доктара свабодных навук (філасофіі).

Восенню 1512 года Ф.Скарына, будучы сакратаром караля Дацыі (Даніі), прыбыў у Італію – калыску класічнага Адраджэння, у Падую. 14 вучоных праслаўленага Падуанскага ўніверсітэта 6 і 9 лістапада прымаюць у яго публічны экзамен і абарону на званне доктара медыцыны – у «асоба строгім парадку». Аднак чужаземец пакарыў усіх. «Ён, – гаворыцца ў адным з тагачасных дакументаў, – праявіў сябе настолькі слаўна і дастойна, калі выкладаў адказы на зададзеныя яму пытанні і калі абвяргаў прапанаваныя яму доказы, што атрымаў адзінадушнае ўхваленне ўсіх прысутных вучоных без выключэння, і было прызнана, што ён мае дастатктовыя веды ў галіне медыцыны». Затым Ф.Скарына быў абвешчаны «ва ўстаноўленым парадку» доктарам медыцынскіх навук, і яму былі ўручаны знакі доктарскай годансці.

У нашых ведах аб дзейнасці Скарыны ў 1513–1516 гадах – зноў прабел у сувязі з адсутнасцю гістарычных крыніц. Дасягнуўшы вышынь еўрапейскай адукацыі, ён не зрабіўся кабінетным вучоным-схаластам, а стаў на шлях вялікай справы асветы свайго народа на яго роднай мове. Менавіта ў гэты час ён вырашыў прысвяціць сябе кнігадрукаванню, заручыўшыся фінансавай падтрымкай заможных землякоў у Вільні (Багдан Онкаў, Якуб Бабіч і Юрый Адвернік) і Полацка (брат Францыска Іван). У 1517–1519 гадах у Празе ён паклаў пачатак беларускаму і ўсходнеславянскаму кнігадрукаванню: выдаў 6 жніўня 1517 года сваю першую кнігу – Псалтыр, а пазней 22 кнігі Бібліі з уласнымі прадмовамі і пасляслоўямі пад агульнай назвай «Біблія руска».

Чаму менавіта Прага стала калыскай усходнеславянскага кнігадрукавання? Яна была да таго часу адным з цэнтраў развітага друкавання: тут можна было закупіць паперу, наняць наборшчыкаў, гравёраў, заказаць шрыфты. Чэхія мела багаты вопыт перакладу і выдання Бібліі. Вялікі ўплыў на выбар Ф.Скарыны зрабіла блізкае нацыянальна-культурнае асяроддзе. Несумненна і тое, што яго сувязі з Прагай, чэшскай культурай, чэшскімі вучонымі-гуманістамі былі больш глыбокія, чым мы гэта сёння ўяўляем.

У канцы 1519-га ці на пачатку 1520 года Ф.Скарына вырашыў перанесці сваю друкарню на ўсход Еўропы – у сталіцу Вялікага Княства Літоўскага Вільню. Новую друкарню ён уладкаваў у доме віленскага бурмістра Якуба Бабіча, дзе каля 1522 года выдаў «Малую падарожную кніжку» і ў 1525 годзе – «Апостал», таксама дапоўненыя ўласнымі прадмовамі і пасляслоўямі. З сярэдзіны 1520-х гадоў Ф.Скарына выконваў функцыі сакратара віленскага епіскапа Яна і займаўся медыцынскай дзейнасцю. У Вільні ён ажаніўся з ўдавой свайго мецэната – члена віленскай рады Юрыя Адверніка.

Пра далейшае жыццё і дзейнасць Ф.Скарыны разам з шэрагам дакладных фактаў існуюць гіпотэзы, што каля 1522 года ён ажыццявіў падарожжа ў Вітэнберг, дзе сустракаўся з дзеячамі рэфармацыйнага руху Лютэрам і Меланхтонам; што пался 1525 года разам з Багданам Онкавым ездзіў у Маскву, дзе, верагодна, меў намер закласці новую друкарню. Але прывезеныя ім у Маскву кнігі былі канфіскаваны і спалены як выдадзеныя прадстаўніком рымска-каталіцкай царквы.

Мова скарынаўскіх выданняў набліжана да беларускай, хоць у сваёй аснове засталася царкоўнаславянскай. Яго кнігі надрукаваны на высокім для таго часу паліграфічным узроўні, аздоблены гравюрамі, сярод якіх змешчаны і ўласны партрэт выдаўца. Рэлігійныя погляды Ф.Скарыны характарызаваліся талерантнасцю.

У 1529 годзе памерла жонка Ф.Скарыны, пакінуўшы яму дваіх сыноў, а потым – і брат Іван. Сваякі жонкі праз суд запатрабавалі вяртання яе нерухомай маёмасці, укладзенай у выдавецкую справу. Крэдыторы брата, у гандлёвых аперацыях якога браў удзел Францыск, сталі патрабаваць ад яго вяртання братавых даўгоў. Верагодна, фінансавыя цяжкасці вымусілі Ф.Скарыну ў 1530 годзе шукаць дапамогі ў Кёнігсбергу ў прускага караля Альбрэхта, які даў яму дваранскае званне. Але прэтэндэнты на спадчыну жонкі і крэдыторы брата дамагліся арышту Ф.Скарыны. Сакавік – пачатак чэрвеня 1532 года ён адсядзеў у турме ў Познані. Выручыў пляменнік Раман, які дамогся аўдыенцыі польскага караля і вялікага князя літоўскага Жыгімонта II і даказаў яму, што Ф.Скарына не можа адказваць за даўгі свайго брата. Кароль вызваліў Скарыну і даў яму прывілей аб падсуднасці юрысдыкцыі толькі каралеўскага суда.

Жыццёвых нягод, якія абрынуліся на Ф.Скарыну, хапіла, каб рашыцца ў 1535 годзе пакінуць, цяпер ужо назаўсёды, радзіму, Вялікае Княства Літоўскае, і пераехаць у Прагу. Чэшскі кароль Фердынанд I Габсбург даў яму пасаду садоўніка і батаніка ў нядаўна закладзеным батанічным садзе на Градчанах. Тут Ф.Скарына правёў апошні перыяд свайго жыцця. Памёр у канцы 1551-га ці на пачатку 1552 года. Месца пахавання не вядома.

Шматгранная прагрэсіўная дзейнасць Ф.Скарыны ўвабрала ў сябе лепшыя агульнаеўрапейскія і славянскія культурныя дасягненні, склала цэлую эпоху ў станаўленні беларускай, рускай і ўкраінскай культур і шмат у чым прадвызначыла характар іх будучага развіцця. Яна адыграла выдатную ролью ва ўмацаванні сувязяў паміж Усходам і Захадам, славянскімі і іншымі народамі Еўропы, зрабіла значны ўплыў на абуджэнне і фарміраванне нацыянальнай свядомасці славянскіх народаў. Праз друкарскі подзвіг Ф.Скарыны ўсходняе славянства дасягнула вышынь еўрапейскай культуры, а беларусы выйшлі на гістарычную арэну.

Геніяльнае пачынанне Ф.Скарыны, багатыя скарынаўскія традыцыі былі падхоплены, прадоўжаны і развіты яго выдатнымі сучаснікамі і паслядоўнікамі – друкарамі, пісьменнікамі, вучонымі і культурнымі дзеячамі Усходняй і Заходняй Еўропы: М.Гусоўскім, М.Ліцвінам, І.Фёдаравым, П.Мсціслаўцам, С.Будным, В.Цяпінскім, П.Труберам, братамі Мамонічамі, Л.Зізаніем, М.Сматрыцкім, С.Полацкім і іншымі. Кнігі Ф.Скарыны распаўсюджваліся ў Беларусі, Украіне, Літве, Расіі і іншых еўрапейскіх землях. На працягу стагоддзяў яны карысталіся тут вялікай папулярнасцю і аўтарытэтам, былі зброяй у барацьбе за нацыянальную культуру і мову. Яны беражна захоўваліся, перадаваліся з пакалення ў пакаленне, перапісваліся, служылі ўзорам для пераймання паслядоўнікамі і здзейснілі вялікую культурную місію ва Усходняй Еўропе. Кнігі Ф.Скарыны як найвялікшая каштоўнасць захоўваюцца цяпер у бібліятэках і музеях свету (усяго захавалася каля 400 экзэмпляраў): Беларусі, Расіі, Літвы, Украіны, Польшчы, Чэхіі, Англіі, Даніі, ЗША.

Францыск Скарына – вялікі патрыёт і адданы сын свайго народа. Нягледзячы на тое, што вучыўся і працаваў у Заходняй Еўропе, ён не парваў сувязяў з радзімай, а ўсе сілы і энергію аддаў служэнню «людем посполитым» для пашырэння асветы ў родным краі. Веды, атрыманыя ва ўніверсітэтах Польшчы і Італіі, ён імкнуўся перадаць свайму народу. Ф.Скарына разумеў важнасць роднай мовы як фактару, які спрыяе захаванню цэласнасці народа, яго адзінства і нацыянальнай самабытнасці. Таму ён замацаваў родную мову ў высокай літаратуры сусветнага значэння – Бібліі як раўнапраўную, «боскую» побач з класічнымі агульнапрызнанымі кананічнымі (лацінскай, грэчаскай, старажытнаяўрэйскай) мовамі. Ён даказаў яе права на «свяшчэннасць». І ў гэтым яго велізарная заслуга перад сваім народам і ўсім славянскім светам. Ф.Скарына стаяў ля вытокаў беларускай нацыянальнай культуры і стаў яе сімвалам.

У 1990 годзе ЮНЕСКА ўзяла ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных 500-годдзю з дня нараджэння Ф.Скарыны. Юбілей шырока адзначаўся ў Беларусі. Актывізавалася даследаванне біяграфіі і спадчыны Ф.Скарыны; з’явіліся новыя навуковыя і папулярныя працы, энцыклапедычныя даведнікі, мастацкія творы, альбомы; праводзіліся скарынінскія святы кнігі, выставы кніг, мастацкіх твораў; скарынінская тэматыка не зыходзіла са старонак друку; выйшла факсімільнае выданне скарынаўскай Бібліі; первыдадзена публіцыстычная спадчына першадрукара; выдадзены зборнік з 55 вядомых нам сёння каштоўных дакументаў пра Ф.Скарыну і яго акружэнне; праходзіў конкурс на лепшы помнік першадрукару ў Мінску. На святкаванне юбілею з Манрэаля (Канада) быў запрошаны доктар Станіслаў Стэнлі-Скарына – верагодны прамы нашчадак усходнеславянскага першадрукара.

Імя Ф.Скарыны ўвекавечана ў назвах вуліц беларускіх гарадоў, прысвоена друкарні выдавецтва «Беларуская навука», Гомельскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту, Полацкаму педагагічнаму вучылішчу. Дыплом імя Францыска Скарыны прысуджаецца лепшым творам паліграфічнага мастацтва. Ордэн і медаль Францыска Скарыны – ганаровыя ўзнагароды ў Рэспубліцы Беларусь для дзеячаў асветы, культуры, навукі. У мастацкім асэнсаванні яркай асобы Ф.Скарыны спрабавалі сябе шмат якія беларускія мастакі, скульптары, кінематаграфісты. Велічныя помнікі славутаму палачаніну ўстаноўлены ў Полацку, Мінску, Лідзе і ў Празе.

Высока ацанілі дзейнасць беларускага асветніка яго сучаснікі і пераемнікі за мяжой. У Падуанскім універсітэце ёсць «зала сарака» славутых дзеячаў навукі і культуры, што вучыліся або выкладалі ў ім. У цэнтры залы, на кафедры, – бюст Галілея. Справа ад яго на сцяне – фрэскавы партрэт Ф.Скарыны. Галілей і Скарына – як сімвалы эпохі Адраджэння. Мемарыяльнай шыльдай з барэльефам ушанаваў свайго выпускніка, які стаў гонарам славянства, Ягелонскі ўніверсітэт у Кракаве. У Вільнюсе, на фасадзе дома, у якім у 1522–1525 гадах друкаваў свае кнігі Ф.Скарына, усталявана мемарыяльная дошка, а ў дворыку – сімвалічная скульптура. У літоўскай сталіцы дзейнічае Беларуская школа імя славутага палачаніна. У Лондан (Англіі) працуе Беларуская бібліятэка і музей імя Францыска Скарыны. Спецыяльнае пасяджэнне ў сувязі з 500-годдзем Скарыны адбылося на Х міжнародным кангрэсе славістаў у Сафіі ў 1988 годзе.

Феномен Францыска Скарыны – яго энергічная асоба, арыгінальныя погляды, загадкавая біяграфія – не перастае хваляваць гісторыкаў, філосафаў, філолагаў, мастацтвазнаўцаў з розных краін. Свой уклад у скарыназнаўства ўнеслі даследчыкі Беларусі, Літвы, Украіны, Расіі, Польшчы, Германіі, Чэхіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Італіі, ЗША.

(Працяг будзе.)

Публікацыя – з № 79 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»