Створаная летась канстытуцыйная камісія вуснамі яе старшыні (ён жа старшыня Канстытуцыйнага суда) Пятра Міклашэвіча нядаўна абвясціла: да 7 лістапада народу будзе прад’яўлены праект новага варыянта Канстытуцыі. Я нездарма ў адным сказе тройчы ўжыў гэтыя базісныя для любой дзяржавы словы: канстытуцыя і канстытуцыйны. Паколькі менавіта новая Канстытуцыя, на думку юрыстаў (у мантыях і без) і шматлікіх экспертаў (прыўладных і не толькі) выведзе Беларусь з беспрэцэдэнтнага палітычнага крызісу, які ахапіў краіну пасля мінулагодніх прэзідэнцкіх выбараў.

Схамяніцеся, спадарове, і зірніце праўдзе ў вочы. А праўда такая, што «горш любой хлусні», як падкрэслівалася ў вядомай грыбаедаўскай камедыі.

Магчыма, прыхільнікі чарговай канстытуцыйнай рэформы не разумеюць, што яны бяруцца рэфармаваць, перарабляць і перапісваць. Ну, паленаваліся зазірнуць у тэкст той Канстытуцыі, дзейнай з 1996 года, пасля таго як іхнія папярэднікі (гэткія ж заўзятыя рэфарматары) ламалі цераз калена Канстытуцыю 1994 года. А я вось не паленаваўся і лішні раз пераканаўся, што дзейная Канстытуцыя (з усім відавочным дысбалансам галін улады) зусім не пазбаўлена прававых нормаў, якія ва ўсім цывілізаваным свеце прынята лічыць дэмакратычнымі каштоўнасцямі.

Іншая справа, што тыя прававыя нормы ў нашай краіне сталі неабавязковымі для выканання. Асноўны закон ператварыўся ў голую дэкларацыю, многія палажэнні і патрабаванні якой не маюць нічога агульнага з нашай суровай рэчаіснасцю.

Каб не быць галаслоўным, прывяду некалькі прыкладаў. Артыкулы 5-ы і 33-і Канстытуцыі гарантуюць «палітычным партыям і іншым грамадскім аб’яднанням права карыстання дзяржаўнымі сродкамі масавай інфармацыі», грамадзянам – «свабоду поглядаў, перакананняў і іх свабоднае выказванне» – і сцвярджаюць, што «манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі дзяржавай не дапускаецца».

А што мы назіраем у жыцці? Ніякімі партыямі на БТ ці на старонках «СБ» і не пахне, усе беларускія тэлеканалы манапалізаваны дзяржавай, а незалежныя СМІ заглушаны і задушаны (некаторыя, праўда, не да канца).

А паспрабуйце папрасіць слова на тым жа БТ з крытыкай палітыкі ўлад – і блізка не падпусцяць, а калі пачнеш спрачацца, то можаш апынуцца на Акрэсціна.

Артыкул 35-ы дазваляе свабоду сходаў, мітынгаў і шэсцяў. Колькі разоў ён парушаўся за мінулы год? Колькі шэсцяў (вялікіх і малых) было самым брутальным чынам разагнана? Колькі ўдзельнікаў дваровых сходаў апынуліся ў аўтазаках і ў адной сумна вядомай установе на Акрэсціна? Безліч. Літара закона была ў тых аўтазаках шматкроць растаптана. І калі амапаўскія дубінкі малацілі па людскіх плячах і галовах, яны адначасова малацілі і па Канстытуцыі.

Артыкул 50-ы ад імя дзяржавы дае нам права выбару мовы навучання і выхавання. Але ніякага выбару насамрэч няма, бо ў Беларусі няма ніводнай беларускамоўнай вышэйшай навучальнай установы, як няма і ніводнага дзіцячага садочка, дзе выхаванне ажыццяўлялася б на беларускай (дзяржаўнай!) мове.

Артыкул 22-і – як бальзам на душу: «Ніхто не павінен падвяргацца катаванням, жорсткаму, бесчалавечнаму або зневажальнаму да яго годнасці абыходжанню». Але бальзам той з прысмакам салёна-горкім, бо з дамешкам слёз і крыві. Як вядома, у адпаведнай камісіі ААН прыняты да разгляду больш за пяцьсот задакументаваных фактаў катаванняў, якія мелі месца ў сучаснай Беларусі.

Больш за паўтысячы разоў парушана Канстытуцыя. Хто-небудзь панёс пакаранне? Не. Парушэнні асноўнага закона, як ні дзіка гэта гучыць, злачынствам у нас ужо не з’яўляюцца. Гэта ж не ў бел-чырвона-белых шкарпэтках па Мінску прайсціся ці напісаць «Жыве Беларусь!» на аброслай мохам каналізацыйнай трубе. Вось гэткія «злачынствы» выкрываюцца і караюцца вокамгненна.

146 артыкулаў у беларускай Канстытуцыі, і кожны дзясяты з іх у той ці іншай ступені не выконваецца. На што неяк звярнуў увагу сваіх вучняў настаўнік са Смаргоні Андрэй Пятроўскі, выкладчык грамадазнаўства. У выніку быў звольнены са школы і асуджаны на паўтара года калоніі.

А цяпер адкажыце мне на пытанне: калі «старая» Канстытуцыя не выконваецца, то дзе гарантыя, што будзе выконвацца новая? Тым больш «гарант» абедзвюх, як мне здаецца, на пенсію не збіраецца. Устане ён не з той нагі, прымроіцца яму чарговая рэвалюцыя, палацавы пераварот альбо Ціханоўская на мятле над Мінскам, і – зноў станецца «не да законаў». Не да Канстытуцыі, значыць. Дык навошта тады дым у вочы народу пускаць і агарод гарадзіць пад шыльдай «новая Канстытуцыя»?

З такім жа поспехам на рэферэндум можна вынесці кодэкс цара Хамурапі ці Статут Вялікага Княства Літоўскага (што паслужыла б яшчэ і дадатковым выспяткам «натаўскай» Літве). І народ прагаласуе так, як трэба, – ЦВК на чале з Лідзіяй Ярмошынай лічыць, як мы ведаем, умее…

У дзяржаве, дзе праваахоўна-карны апарат кіруецца не законамі, а начальніцкімі распараджэннямі (вольнымі і нявольнымі), Канстытуцыя не патрэбна. Ніякая – ні старая, ні новая. Таму найперш трэба мяняць не Канстытуцыю, а тых, хто ператварыў Асноўны закон у нікому не патрэбную фількіну грамату.

Публікацыя – з № 79 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»