Віктар Бабарыка
Віктар Бабарыка

Нагадаем: 29 сакавіка гэтага года паплечнікі Віктара Бабарыкі, які зараз адбывае пакаранне ў калоніі, аб’явілі, што ў Беларусі можа з’явіцца новая партыя «Вместе», якая аб’яднае апазіцыйныя сілы. Ці рухаецца справа па яе стварэнні?

– Улічваючы тыя рэпрэсіі, якія зараз адбываюцца ў Беларусі, можна ўявіць, як цяжка ў краіне зарэгістраваць нейкае новае грамадскае аб’яднанне ці непраўладную палітычную партыю, – распавёў «Народнай Волі» Глеб ГЕРМАНЧУК, прэс-сакратар штаба экс-прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду Віктара Бабарыкі. – Больш за тое – знішчаюцца практычна ўсе легальныя структуры грамадзянскага сектара.

Таму мы цудоўна разумеем, што ў такой сітуацыі зарэгістраваць партыю – гэта крыху з вобласці фантастыкі. Мы нават не можам правесці ніводнага сходу, таму сканцэнтравалі працу ў фармаце анлайн, праводзім навучанне і арганізоўваем дэбаты.

Я лічу, што стварэнне партыі – гэта доўгі шлях, таму зараз мы нават не можам нічога сказаць ці выступіць з нейкімі гучнымі заявамі.

– Колькі на гэты момант пададзена заяў на ўступленне ў партыю?

– Каля 7 тысяч, але на гэтым мы пакуль спыніліся і дадатковы набор не аб’яўляем. Гэта звязана галоўным чынам з тым, што адбываецца ў краіне. Працягваем працаваць з тымі, хто ў нас ёсць. З іх каля 2 тысяч – гэта актыўныя ўдзельнікі розных дыялогаў і абмеркаванняў.

Адным словам, можна сказаць, што стварэнне партыі замарозілася…

– Можна сказаць і так. Яшчэ ў маі мы планавалі правесці вялікі з’езд на тысячу ўдзельнікаў, але зараз нават нешматлікія сустрэчы з актывам у Гродне і Маладзечне сарваліся. Таму пра з’езд гаворкі не ідзе. У гэты момант наша задача – захаваць той рэсурс, які быў напрацаваны на працягу года.

Публікацыя – з № 79 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»