Віктар Бабарыка

На гэтым тыдні ў Вярхоўны суд Беларусі паступіла наглядная скарга на прысуд былому банкіру і экс-прэтэндэнту на прэзідэнцкую пасаду.

Як паведаміў Дзмітрый Лаеўскі, былы адвакат Віктара Бабарыкі, паколькі палітвязень пазбаўлены права на апеляцыйны перагляд справы, то падача нагляднай скаргі – адзіны працэсуальны спосаб аспрэчыць неправасуднае асуджэнне.

Паводле слоў Лаеўскага, у скарзе на 109 старонках даецца дэталёвы аналіз, які абвяргае ключавыя высновы прысуду і паказвае, што яны супярэчаць праву і фактам. У скарзе даказваецца незаконнасць і неабгрунтаванасць прысуду. Абарона Бабарыкі патрабуе адмяніць прысуд і спыніць справу ў сувязі з адсутнасцю складу злачынства.

Нагадаем, што Віктар Бабарыка вылучаўся прэтэндэнтам на пасаду прэзідэнта, у яго падтрымку было сабрана больш за чатырыста тысяч подпісаў грамадзян. Але, нягледзячы на гэта, напярэдадні рэгістрацыі кандыдатаў ён быў затрыманы. Улетку 2021 года яго асудзілі на 14 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Праз тры тыдні пасля вынясення прысуду Бабарыку яго адваката Дзмітрыя Лаеўскага пазбавілі прафесійнай ліцэнзіі.

Публікацыя – з № 79 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»