Ілюстрацыйны здымак

У Гродне прырост колькасці захварэлых на каранавірус – 30–40 працэнтаў. Аб гэтым па мясцовым тэлебачанні паведамілі галоўны ўрач занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Яніна Шарэнда і галоўны ўрач цэнтральнай гарадской паліклінікі Аляксандр Раманчук.

Дакладных лічбаў захварэлых на каранавірус у Гродне і вобласці ўрачы не назвалі, але было сказана, што з канца жніўня назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя да росту захворвання на каранавірус – штодня на 30–40 працэнтаў. Урачы канстатавалі, што хворых на каранавірус прымаюць ужо шэсць гродзенскіх шпіталяў.

– Гэта застаецца фактам: кавід расце, – зазначыла Яніна Шарэнда.

Яна звярнула ўвагу на тое, што ўздым захворвання быў прадказальны. Сярод прычын некалькі фактараў: у Гродне шмат людзей не атрымалі прышчэпкі, людзі расслабіліся, летам перасталі выконваць меры прафілактыкі і прынеслі інфекцыю ў калектывы пасля адпачынку, з пачаткам навучальнага года ў школы… Уздым захворвання наклаўся на сезонны рост рэспіраторных вірусных інфекцый.

Вакцына дапаможа справіцца з вірусам!

Са слоў урачоў, эпідэміёлагі правялі аналіз, хто заразіўся каранавірусам са студзеня па верасень 2021 года. Лічбы, як высветлілася, унушальныя.

– Сярод захварэлых толькі 1,47 працэнта тых, хто быў прышчэплены дзвюма дозамі вакцыны. З іх 64 працэнты перахварэлі ў лёгкай форме, 36 працэнтаў перанеслі хваробу ў сярэдняй ступені цяжкасці, і толькі 0,1 працэнта спатрэбілася шпіталізацыя, – канстатавала Яніна Шарэнда.

Аляксандр Раманчук у прыклад прывёў Ізраіль, дзе 90 працэнтаў насельніцтва атрымалі прышчэпку. Захворванне там, паводле яго слоў, у дзясяткі разоў паменшылася.

– Вядома, ніякая вакцына не дае 100-працэнтнай гарантыі. Але ўсе наяўныя ў Беларусі вакцыны прайшлі кантроль бяспекі і кантроль эфектыўнасці, – падкрэсліла спадарыня Шарэнда. – Эфектыўнасць складае ад 92 да 95 працэнтаў. Гэта значыць, што са 100 чалавек, якія атрымалі вакцыну, 92–95 маюць якасны імунітэт да COVID-19.

Урачы настойліва зазначалі, што рэкамендуюць вакцынацыю, але не прымушаюць да яе. Маўляў, людзі павінны ўсвядоміць і зразумець, што час працуе супраць тых, хто дагэтуль не прышчапіўся. Аляксандр Раманчук нагадаў, што ў Гродзенскай вобласці ёсць магчымасць прышчапіць 60–70 працэнтаў насельніцтва і такім чынам у дзясяткі разоў знізіць захворванне.

На мінулым тыдні ў Гродне пачалі вакцынаваць бяздомных людзей ў рамках праекта Чырвонага Крыжа. Прашчэпкі гэтай катэгорыі людзей праводзяць у гродзенскім доме начнога знаходжання аднакампанентным прэпаратам «Спутнік Лайт». Усім абавязкова выдаецца даведка аб правядзенні працэдуры

Публікацыя – з № 78 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: