Дзмітрый Фурманаў
Дзмітрый Фурманаў

Бацька гродзенскага палітзняволенага Дзмітрыя Фурманава Аляксандр Васільевіч наведаў калонію №3 у мястэчку Віцьба Віцебскай вобласці, сустрэўся з яе кіраўніцтвам і высветліў, за што сына больш за месяц трымаюць у ШІЗА.

Дзмітрый Фурманаў (на фота) быў затрыманы ў Гродне 29 мая 2020 года разам з Сяргеем Ціханоўскім падчас выбарчага пікета. Яго асудзілі паводле ч.1 арт.342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) да 2 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Пасля прысуду Фурманаў быў пераведзены ў калонію №3, што ў Віцебскай вобласці. Некалькі тыдняў бацькі не атрымлівалі ніякіх звестак аб ім. Высветлілася, што адразу пасля этапіравання ў калонію Дзіму змясцілі ў штрафны ізалятар. А гэта значыць, ні лістоў, ні пасылак падчас знаходжання ў ім ён не мае права атрымліваць. А таксама не можа нікому напісаць.

Бацькоў Дзмітрыя сітуацыя ўстрывожыла, і ў мінулыя выхадныя Аляксандр Васільевіч наведаў калонію №3. «Народнай Волі» ён распавёў, што каля гадзіны меў размову з намеснікам начальніка, які адказвае за рэжым утрымання зняволеных.

Пра прычыны ўтрымання сына ў ШІЗА яму было паведамлена, што яго туды змясцілі за злосныя парушэнні дысцыпліны. Маўляў, няправільна прадставіўся, няправільна адказаў, выйшаў на тэрыторыю не ў ботах, а ў красоўках і таму падобнае…

«Мне стала зразумела, што сын там знаходзіцца па надуманых прычынах, да яго прадузятае стаўленне, яго нават ізалююць ад асуджаных, як самага небяспечнага злачынцу…» – лічыць бацька палітзняволенага.

Спатканне з сынам Аляксандру Васільевічу таксама не дазволілі. Апошні раз яны бачыліся ў гродзенскай турме 28 жніўня.

Са слоў Аляксандра Фурманава, ён папрасіў намесніка начальніка калоніі дазволіць сыну патэлефанаваць бацькам пасля таго, як яго выпусцяць з ШІЗА.

«Мама Дзімы, Вольга Іванаўна, у цяжкім стане, ляжыць хворая, у яе пастаянна скача ціск, яна вельмі хвалюецца за сына, – кажа Аляксандр Васільевіч. – Я пакуль імкнуся трымацца, бо трэба ж камусьці нешта рабіць».

Сам Аляксандр Васільевіч выглядае вельмі стомленым.

Публікацыя – з № 78 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: