Аматарам спорту пра Андрэя Барбашынскага нагадваць не трэба. Вядомы гандбаліст мінскага СКА быў чэмпіёнам свету сярод юніёраў, на Алімпіядзе 1992 года ў Барселоне ў складзе зборнай Савецкага Саюза заваяваў залатыя медалі. Пагуляў у чэмпіянатах Іспаніі, Венгрыі, Германіі. Адным словам, спартыўная кар’ера ў чалавека – дай Бог кожнаму!

Зараз Андрэй Станіслававіч працуе ў Беларускай федэрацыі гандбола, займаецца бізнесам, а апошнім часам пачаў «свяціцца» і ў палітыцы. У мінулым годзе, напрыклад, Барбашынскі быў адзіным прадстаўніком спартыўнай супольнасці сярод давераных асоб Аляксандра Лукашэнкі. Пасля выбараў падпісаў адкрыты ліст датычных да спорту асоб, якія выступалі за дзеючую ўладу. Цяпер раз-пораз дае інтэрв’ю на «актуальныя» тэмы.

На мінулым тыдні на сайце «Гродзенскай праўды» з’явілася гутарка са славутым гандбалістам, у якой ён менш за ўсё казаў пра тое, як падымаць гандбол на новыя вышыні ці пра поўны правал беларускіх алімпійцаў на Гульнях у Токіа, дзе быў усталяваны антырэкорд – заваявалі толькі 7 медалёў. Андрэй Барбашынскі капаў значна глыбей! Вось толькі некаторыя разважанні былога спартсмена пра сітуацыю ў краіне і ў свеце (цытаты – на мове арыгінала):

«Коллективный Запад продолжает нагнетать обстановку вокруг ситуации, которую некоторые уже называют миграционным кризисом, и искать виноватых. При этом все мы читаем новости и видим, какое бесчеловечие и агрессию демонстрируют страны-соседки к беженцам, как издеваются над ними физически. Этим самым они попросту демонстрируют несостоятельность своих политических амбиций»;

«Страны коллективного Запада при малейших трудностях поступают отнюдь не в интересах своего народа. И в этом кроется главное отличие политики руководства нашей страны от лидеров европейских стран»;

«В новом проекте Конституции усовершенствованы те нормы и понятия, которые прямо влияют на жизнь людей. И здорово, что каждый совершеннолетний житель страны может принять участие в обсуждении и согласовании Основного закона. Выбирать дальнейший путь будет народ. Так было и будет»;

«Союз Беларуси и России, на мой взгляд, – это проект, который выгоден обеим странам. Подписание дорожных карт дает много новых возможностей белорусам…

Усиление сотрудничества наших государств станет серьезным шагом к укреплению суверенитета и независимости. Как для Беларуси, так и для России».

Адным словам, таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Пра такіх кажуць: і шавец, і кравец, і каваль, і стругаль.

Праўда, у інтэрв’ю Андрэй Барбашынскі не ўдакладняў, хто ініцыяваў гэты самы «міграцыйны крызіс». Не сказаў і пра тое, чаму нашы пагранічнікі заплюшчваюць вочы, калі нейкія афганцы ці іракцы прасочваюцца праз беларускую мяжу на польскую альбо літоўскую тэрыторыю. Выказаўся пра тое, што «выбирать дальнейший путь будет народ», але чамусьці забыўся нагадаць пра тыя шматлікія факты фальсіфікацый падчас апошніх выбараў, калі таксама выбіраў народ.

Гандбаліст у захапленні ад Саюза Беларусі і Расіі – «проекта, который выгоден обеим странам», а вось пра тое, што з мінулага месяца Жыровіцкая сярэдняя школа ў Гродзенскай вобласці, адкуль родам і сам спартсмен, перастала быць беларускамоўнай, мабыць, забыўся сказаць. Хаця яшчэ год таму Андрэй Барбашынскі ў інтэрв’ю Радыё Свабода казаў даволі правільныя словы:

«Мова – наш падмурак, наша гісторыя. Яе трэба вывучаць, пашыраць, прасоўваць. Вось тады будзе цудоўна. Людзі, якія прынцыпова размаўляюць па-беларуску, – яны што, «неперспектыўныя»? Калі беларус, то вельмі кепска, што няма жадання гаварыць на роднай мове. Чым мы адрозніваемся ад палякаў, немцаў, французаў? Найперш мовай!»

Сёння такой рыторыкі ад спадара Барбашынскага ўжо не чуваць, усё больш – панегірыкі ў бок улады ды заклапочанасць пра «усиление сотрудничества» з Расіяй.

Выказаўся Барбашынскі і пра «патриотизм» у спорце, узгадаўшы скандальную гісторыю на Алімпіядзе з беларускай лёгкаатлеткай Крысцінай Ціманоўскай, якая ў вачах чыноўнікаў аказалася вінаватай толькі за тое, што набралася смеласці публічна выступіць з крытыкай:

«Очень жаль, что, как оказалось, в составе сборной была спортсменка, которой чуждо чувство ответственности за страну и всю команду. Легкоатлетка Кристина Тимановская продемонстрировала неспортивное поведение и спровоцировала скандал. Вывод один: если человек не благодарен государству, в котором родился, получил образование, возможность заниматься спортом, реализовывать себя, участвовать в тренировочных сборах, разве можно говорить о его патриотизме? Значит, и права выступать за государство на Олимпиаде она не имела».

Тут, як кажуць, без каментарыяў. Аказваецца, сапраўдныя патрыёты – гэта тыя, хто не мае права выказаць уласную пазіцыю. А дзе ж дэмакратыя, спадар Андрэй? Ці вам сёння больш падабаецца дыктатарскі рэжым?

Дарэчы, брала інтэрв’ю ў Барбашынскага яшчэ адна патрыётка – Анжаліка Дудко, якая заявіла, што «с Олимпиады-2020 белорусы привезли 21 медаль». Патрыятычна павялічыла рэальную колькасць заваяваных медалёў роўна ў тры разы! Пра такіх, як яна, сам Андрэй Барбашынскі, мабыць, сказаў бы так: «ей не чуждо чувство ответственности за страну».

Публікацыя – з № 78 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: