Калонка Алеся Няўвеся
Калонка Алеся Няўвеся

На Гомельшчыне спецыялісты Дзяржстандарту ў кансервах, якія паступілі з Расіі, выявілі ДНК свіней, хоць на этыкетках пазначана, што гэта індычыя і гусіныя паштэты.

Ну хто не любіць есці сала,
Тым болей мяса са сцягна?!
У нас такіх, напэўна, мала,
Бо ў Беларусі ўжо здаўна
Свіны наедак – самы слынны,
Ён разганяе ў жылах кроў,
Таму і ёсць у вёсках свінні,
Чаго не скажаш пра кароў,
Хаця на іх усе надзеі
Былі ў насельніцтва раней.
А мусульмане, іудзеі
Спрадвеку бэсцілі свіней,
І калі раптам імі з’есца
Скрылёк свіное свежыны,
Дык іх чакае ў пекле месца,
Бо не адмоляць грэх яны.
Тут іудзеяў ёсць не многа,
І мусульман не надта шмат.
Дагэтуль не гнявілі Бога:
Адны захоўвалі шаббат,
Другія спраўна, як належыць,
Штодня выконвалі намаз.
І не ўжывалі «бруднай ежы»,
Якая звыклая для нас:
Не нюхалі свінога сала,
А каўбасу не бралі ў рот.
Ды ўсё-ткі гора напаткала,
Прабіўшы на халодны пот…
Калі свініну нельга есці
Нехрысціянам нашым, дык
Набыць курэй ім можна дзесьці,
А калі трапіцца індык,
Яго зжаваць ільга таксама.
Падыдзе мяса і з гусі.
Не напаткае потым драма,
Як птушку ўвогуле з’ясі.
Каб рацыён захоўваць гэты,

Азербайджанец і яўрэй
Куплялі розныя паштэты
З гусей, індычак і курэй.
Ва ўсякім разе этыкеткі
З такімі птушкамі былі,
Каб ведалі бацькі і дзеткі,
За што даюць свае рублі.
І як жа ў іх зайгралі нервы
Ад бессаромнае хлусні,
Калі празналі, што кансервы
Былі не з птушкі, а з свінні.
А што за злыдні нахлусілі,
Падсунуўшы прадукт такі?
Кансервы з «братняе Расіі»
Прывезлі хцівыя дзялкі.
Напэўна, неблагія грошы
Прынёс ім гэтакі падман,
Дарма, што вынік нехарошы
Для іудзеяў, мусульман,
Бо ўсё трымаюць на кантролі
Яны, «нябесныя вярхі»,
І не зважаюць, што міжволі
Былі дапушчаны грахі.

***

Спазналі мы падман чарговы,
Бо ўжо, на жаль, не ўпершыню
Расійцы дураць нам галовы
Або падкладваюць свінню.

«Не злапамятная»

Жанчына з нашага сяла
Сярод людзей бывала мала –
Яна вядзьмаркаю была.
Але аднойчы мне сказала:
– На свеце колькі ні жыла,
Мне ўсе рабілі многа шкоды.
Ды толькі я не помню зла.
Таму запісваю заўсёды…

Памылка ў тэорыі

Мы выслухоўваем хлусню
Пра чалавека з года ў год:
«Ён палку ўзяў упершыню,
Каб з дрэва збіць саспелы плод».
За палку ўзяўся чалавек,

Што малпам блізкая радня,
Каб ёю даць па галаве
Таму, хто плод раней падняў…

Прыветныя

Даішнікі ў апошні час
Прыветна ставяцца да нас,
І падказаць з іх кожны рад,
Дзе ёсць бліжэйшы банкамат.

Смутак з камфортам

Хоць шчасце не ў грашах
(І продкі
Казалі гэтак з даўніны),
Ды дазваляюць нам усё-ткі
З камфортам сумаваць яны…

Публікацыя – з № 78 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: