Эдуард Бабарыка

Дата, калі пачнецца судовы працэс над экс-кіраўніком ініцыятыўнай групы прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі, па-ранейшаму не вядома.

Нагадаем, што сын Віктара Бабарыкі займаўся бізнесам, быў заснавальнікам краўдфандынгавай пляцоўкі «Улей» і сузаснавальнікам пляцоўкі «MolaMola».

Яго разам з бацькам затрымалі і змясцілі ў СІЗА КДБ 18 чэрвеня 2020 года. Эдуард Бабарыка абвінавачваецца паводле ч.2 арт.243 КК Беларусі (ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры), яму пагражае да 5 гадоў абмежавання волі.

18 кастрычніка будзе 1 год і 4 месяцы, як Эдуард знаходзіцца ў ізалятары, але на гэты момант не вядома, калі пачнецца судовы працэс.

«Пакуль ніякіх асаблівых навін няма», – паведаміла «Народнай Волі» Ірына Вароніна, адвакат Эдуарда Бабарыкі.

З той інфармацыі, што паступае ад Эдуарда на волю, вядома, што ён рыхтуецца да зімы, шмат чытае, малюе, а таксама падтрымлівае фізічную форму, наколькі гэта магчыма ва ўмовах знаходжання за кратамі.

«Нягледзячы на ўсё, Эдуард у сваіх лістах – заўсёды на пазітыве, – дадае яго дзяўчына Аляксандра Зверава. – Што мяне шчыра ўражвае!»

Публікацыя – з № 78 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: