Кірыла Тураўскі

(Працяг. Пачатак у №77.)

2. Кірыла Тураўскі (каля 1113 г. – пасля 1190 г.)

Кірыла Тураўскі – багаслоў і прамоўца, святы Беларускай праваслаўнай царквы. Яго прозвішча паходзіць ад назвы горада Турава – сталіцы Тураўскага княства (цяпер г.Тураў Гомельскай вобласці), які з’яўляецца месцам нараджэння Кірылы і з якім звязаны яго жыццёвы шлях.

Найбольш поўную інфармацыю пра К.Тураўскага дае яго «Жыціё» – кананічная царкоўная біяграфія, напісаная невядомым аўтарам напрыканцы XII стагоддзя. Паходзіў Кірыла з заможнай сям’і. Атрымаў класічную для таго часу адукацыю (дзе – невядома): спасціг вышэйшыя навукі і мастацтвы ад грэчаскіх настаўнікаў. Каля 1123 года пайшоў у Нікольскі манастыр, дзе пасля трохгадовага паслушніцтва прыняў манаскі пострыг. Каля 1143 года стаў іераманахам, у 1444-м – настаяцелем. У 1148 годзе К.Тураўскі зачыніўся ў манастырскай вежы, куды перанёс і сваю бібліятэку, каб поўнасцю аддацца роздуму, малітвам і літаратурнай творчасці, стаўшы такім чынам першым вядомым на Русі «стоўпнікам».

Пошукі К.Тураўскім адзіноты мелі зусім адваротны вынік. Яго затворніцтва стала значнай падзеяй для ўсяго Турава і наваколля; вядомасць і аўтарытэт нязмерна выраслі. Адзін з найбольш адукаваных людзей свайго часу, ён глыбока ведаў візантыйскую культуру, творы айцоў царквы. Сваімі ведамі пераўзыходзіў сучаснікаў не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім усходнеславянскім свеце. Высокая адукаванасць і маральнасць, выдатнае красамоўства прынесі К.Тураўскаму вялікую павагу як з боку князя, так і гараджан, якія каля 1159 года абралі яго на епіскапскую кафедру. У 1161 годзе адбылася яго епіскапская хіратонія (пасвячэнне). У якасці тураўскага іерарха ён займаўся ўладкаваннем епархіі, прапаведніцкай, царкоўнай, экзегетычнай, палітычнай і літаратурнай дзейнасцю, будаваў храмы. Думка і словы К.Тураўскага распаўсюджваліся ў іншых гарадах старажытнай Русі. У 1169 годзе ён выступіў на Кіеўскім саборы з абвінаваўчай прамовай па справе растоўскага епіскапа Фёдара, які, выкарыстаўшы славалюбівыя планы князя Андрэя Багалюбскага, пачаў раскол да гэтага часу адзінай праваслаўнай царквы на Русі – хацеў стварыць аўтакефалію ў княстве. Сваімі пасланнямі да Андрэя Багалюбскага асветнік імкнуўся па-хрысціянску паўплываць на князя цэнтральнай Русі, куды перамяшчаўся цэнтр будучай Расіі.

Стаўшы епіскапам, К.Тураўскі праславіўся як прапаведнік, майстар урачыстага царкоўнага красамоўства, які горача клапаціўся пра духоўную дасканаласць суайчыннікаў. Ён складаў пропаведзі, малітвы і пахвалы святым, павучанні на тэмы Евангелля і пісанняў прарокаў, прытчы, каноны, створаныя на ўзор антычнай і візантыйскай аратарскай прозы. К.Тураўскі развіваў багаслоўскую традыцыю ўсходніх айцоў хрысціянскай царвы. У апошніх творах ён ускосна выкрыў недасканаласць дзяржаўнага ладу, зямной улады наогул, якая служыць грахоўнай прыродзе чалавека, а не яго духоўнаму ўдасканаленню, і раскрыў глыбокі сацыяльна-этычны сэнс манаскага жыцця – даць чалавеку і грамадству ўзоры быцця з Богам, у чысціні і ў адпаведнасці з боскай праўдай.

Дзякуючы свайму таленту і вялікай працаздольнасці, ён далучыўся да шэрагу такіх славутых пісьменнікаў, як Іларыён, Іаан Златавуст, Рыгор Багаслоў (Грыгорый Назіянзін), Епіфаній Кіпрскі, Феафілакт Балгарскі, Сімяон Лагафет. Напісаныя вытанчанай царкоўнаславянскай мовай, багатыя паэтычнай фразеалогіяй, алегорыямі, сімваламі, рытарычнымі зваротамі, творы К.Тураўскага ўвайшлі ў залаты фонд старажытнай усходнеславянскай літаратуры. Ёсць меркаванне, што ён мог быць аўтарам паэмы «Слова аб палку Ігаравым», якая з’яўляецца шэдэўрам старажытнай усходнеславянскай літаратуры. Сваімі прапаведніцкімі здольнасцямі заслужыў у сучаснікаў найменне другога Златавуста.

Каля 1184 (1182) года К.Тураўскі пакінуў свяціцельскую кафедру, а сам жыў у келлі пры царкве Святога Міколы ў Тураве, працягваючы пісьменніцкую работу. Памёр асветнік у апошняе дзесяцігоддзе XII стагоддзя ў чыне вялікай схімы ў Тураўскім Барысаглебскім манастыры.

Магчыма, ужо на пачатку XIII стагоддзя К.Тураўскі ўшаноўваўся як святы, хаця звестак пра яго афіцыйную кананізацыю не выяўлена. У самім Тураве яго, не выключана, лічылі святым адразу пался смерці.

Надзвычайнае літаратурнае майстэрства К.Тураўскага прынесла яму доўгую і трывалую славу на ўсходне- і паўднёваславянскім свеце. На працягу многіх стагоддзяў яго творы карысталіся вялікай папулярнасцю на ўсходнеславянскіх землях, распаўсюджваліся ў спісах XII–XVII стагоддзяў, у XIX– XX стагоддзях друкаваліся ў Беларусі, Украіне, Літве, Расіі. На сённяшні дзень вядомы каля 70 твораў пісьменніка. Гэта амаль неверагодная колькасць твораў славянскага аўтара XII стагоддзя, якая захавалася праз восемь соцень гадоў. Творы К.Тураўскага перакладаліся з царкоўнаславянскай на рускую, польскую, англійскую мовы, а з нядаўняга часу сталі перакладацца і на беларускую і такім чынам вяртаюцца ў Беларусь у адноўленым выглядзе.

Апрача твораў, у якіх аўтарства К.Тураўскага бясспрэчна ўстаноўлена, ёсць шмат іншых – «Кірыла мніх», «Кірыла недастойны», «Кірыла грэшны» і г.д., – аўтарства якіх сумніўнае. У многіх выпадках невядомы аўтар выкарыстоўваў славу К.Тураўскага і падпісваў свой твор, звычайна слабейшы з мастацкага боку, ягоным імем.

Беларуская праваслаўная царква шануе К.Тураўскага. У 1984 годзе ён быў уключаны ў Сабор беларускіх святых. 28 сакавіка (па старым стылі) – дзень яго памяці.

Знаўца беларускай царкоўнай музыкі Гай Пікарда (Лондан) падабраў музыку для некаторых малітваў К.Тураўскага, перакладзеных на беларускую мову.

У 1993 годзе ў Гомелі створана грамадскае, навукова-культурнае і асветніцкае Таварыства імя Кірылы Тураўскага. У г.Тураў яму пастаўлены помнік.

(Працяг будзе.)

Публікацыя – з № 78 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: