Дар’я Лосік. Фота аўтара.

Тры з паловай месяцы доўжыцца суд у гомельскім СІЗА-3 над блогерам, кансультантам Радыё Свабода Ігарам Лосікам. Судзяць яго ў закрытым рэжыме разам з блогерам Сяргеем Ціханоўскім, палітыкам Мікалаем Статкевічам ды іншымі палітвязнямі. Іх вінавацяць у падрыхтоўцы «масавых беспарадкаў», «перашкодзе працы ЦВК» і «распальванні сацыяльнай варожасці». Аднак пра ход суда, па сутнасці, нічога не вядома нават родным абвінавачаных. З 24 чэрвеня, калі пачаўся суд, пад сценамі СІЗА-3 дзяжурыць Дар’я Лосік, жонка Ігара Лосіка. З ёй я вырашыў пагутарыць.

– Дар’я, ваша вахта каля следчага ізалятара цягнецца ўжо чацвёрты месяц. Ці даходзяць да вас якія-небудзь навіны пра суд, пра тое, як муж трымаецца за кратамі?

– Ніякай інфармацыі я тут, пад сценамі СІЗА, не маю. Бывае, даведваюся што-кольвечы толькі з пісьмаў мужа. З тых, якія да мяне дайшлі на хатні адрас у Баранавічы, ведаю, што суд працягваецца. Калі там будуць спрэчкі ці нейкі чарговы этап, калі вынесуць прысуд, пра гэта, на жаль, нічога не ведаю, хоць і дзяжуру каля СІЗА. З адвакатаў таксама ж узята падпіска пра неразгалошванне. Больш за тое, ліставанне з мужам блакіруюць ужо каля месяца. За чатыры апошнія тыдні мне прыйшло толькі адно пісьмо – 23 верасня. Думаю, што гэткім чынам вырашылі ўзмацніць псіхалагічны ціск на майго мужа і мяне. Але гэта бессэнсоўна. Ігар ведае, што я знаходжуся пад сценамі СІЗА. Таму паказаць ці пераканаць мужа, што жонка яго ўжо кінула, забылася на яго, наўрад ці атрымаецца.

– І што, ні радка пра суд у лістах не было?

– Адзінае, што ён напісаў: параўнаў суд з «бібліятэкай, у якой бывае смешна». Тады муж надзявае маску, каб не было бачна ўсмешкі, інакш могуць выдаліць з залы суда. Ігар нават выказаў у адным з лістоў шкадаванне, што суд вядзецца ў закрытым рэжыме і што я «шмат смешнага прапускаю», бо зразумела б «увесь фарс, усю камедыю, якая адбываецца». Асацыяцыя з бібліятэкай, відаць, узнікла ў звязку з наяўнасцю вялікай колькасці тамоў у крымінальнай справе – іх там ажно 180.

– Ігара судзяць разам з палітыкам Мікалаем Статкевічам, якого, паводле інфармацыі яго жонкі Марыны Адамовіч, выдалілі з працэсу прынамсі да пачатку спрэчак. Статкевіч наогул не знаёміўся са справай, лічачы яе сфальсіфікаванай. Можа, Ігар нешта згадваў пра ўдзел палітыка ці іншых фігурантаў у судовым працэсе?

– Ці вярнулі на працэс Мікалая Статкевіча, якога суд ужо даўно выдаліў з пасяджэнняў, мне не вядома, бо Ігар пра гэта не пісаў. Ва ўсякім разе ў тых пісьмах, якія да мяне дайшлі.

– На днях вы пакінулі ў Facebook незвычайны пост: напісалі, што Ігар у вас пытаўся, чаму пішаце яму лісты на абрыўках паперы і ўсяго некалькі радкоў?

– Я сама губляюся ў здагадках, што ж такое сталася. Відаць, цэнзарам ў СІЗА прыйшло ў галаву абрываць мае пісьмы, пакідаючы ад іх ашмоцце. Баязлівасць гэта, бяздумнае выкананне загадаў ці адсутнасць хоць якіх маральных прынцыпаў – гэтага я не ведаю. Думаю, што разумныя і моцныя людзі ўяўляюць пагрозу для рэжыму, калі супраць іх прымяняюцца такія вычварныя метады блакіроўкі перапіскі.

– Нядаўна ў медыя з’явілася інфармацыя, што ў працэсе над вашым мужам ды іншымі палітвязнямі змяніўся суддзя. Можаце гэта пацвердзіць ці абвергнуць?

– Бачыла сама такую інфармацыю нават у сацыяльных сетках. Аднак у СІЗА-3, на тэрыторыі якога праходзіць працэс, нічога не паведамляюць, і такой абвесткі, наколькі я ведаю, няма. Без дай прычыны суддзю ж наўрад ці мяняюць, я так лічу. Магчыма, былы суддзя не змог узяць на сябе адказнасць асуджаць невінаватых людзей. Але гэта толькі маё меркаванне, а што адбылося на самай справе, можна толькі здагадвацца.

– Вы правялі цэлае лета каля СІЗА. Зараз ужо кастрычнік, заўважна пахаладала, асабліва раніцай і ўвечары. Як перажываеце восеньскую пару?

– Крыху змянілася маё месца дыслакацыі. На лаўцы каля турэмнай крамы, дзе я сядзела ўлетку, ужо холадна – там заўсёды цень. Таму я знаходжуся ў машыне на аўтапаркоўцы пры СІЗА, што на вуліцы Кніжнай. Пішу пісьмы, перыядычна хаджу на пошту, каб іх адправіць, а яшчэ – па каву. Словам, перамясцілася ў аўтамашыну, якой прыязджаю ў Гомель з Баранавічаў кожны панядзелак, а ў пятніцу еду назад да дачкі. Каханне да мужа надае мне сілы.

– Дачка неяк рэагуе на вашы частыя ад’езды?

– Наша з Ігарам дачка Паўліна за гэтыя тры з паловай месяцы, што я дзяжуру каля СІЗА, заўважна падрасла. Ужо шчабеча без перастанку, калі я вяртаюся дамоў на выхадныя і знаходжуся з ёй побач. Усё пытаецца: дзе тата? Кажу, што тата ў камандзіроўцы. Яна ж яшчэ не разумее, што такое суд, турма. Адзінае, калі ў нядзелю вечарам я збіраюся адвесці яе да сваіх ці Ігаравых бацькоў, яна цікавіцца: «Зноў павязеш прадукты тату ў Гомель?» Адказваю: «Так, Паўлінка, павязу тату прадукты ў Гомель». «І там ёсць страшныя дзядзькі?» – пытаецца дачка. Я нават не ведаю, што ёй адказваць на такое пытанне, бо нічога такога ёй не гаварыла пра Гомель. Наадварот, дзядзькі ў цывільным мне раней казалі, што яны «ахоўваюць маю ідылію».

– Так і казалі – «ахоўваюць ідылію»?

– Менавіта так. Людзі ў цывільным перыядычна мільгаюць тут, але ніякіх выпадаў ці правакацый у мой бок не назіраецца. Нейкія патугі паўплываць на мяне, каб я кінула сваё дзяжурства, ці справакаваць на грубасць былі ў першыя тыдні пасля пачатку суда. Цяпер нічога такога няма. Нават не падыходзяць і не размаўляюць.

– Як мяркуеце, ці доўга яшчэ вам давядзецца несці сваю вахту і што чакае наперадзе вашага мужа ды ўсіх іншых фігурантаў працэсу?

– Калі скончыцца спектакль – назаву гэта так, – я не ведаю. Там жа, паўтару, 180 тамоў справы. Вынік наўрад ці будзе пазітыўны альбо хоць у нейкім сэнсе добры для абвінавачаных. Калі паглядзець на сітуацыю ў Беларусі, то бачна, што ўлада ваюе з грамадзянскай супольнасцю. Разлічваць на нейкае справядлівае рашэнне суда не выпадае. Успомніце, як моцна піярыў Следчы камітэт «справу Ціханоўскага» ды ўсіх іншых, хто з ім нібыта звязаны. Нават на лагоднасць прысуду спадзявацца марна.

Публікацыя – з № 78 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: