Фота: Алена Ляшкевіч, budzma.by

Першая імпрэза прайшла 10-га кастрычніка. Прыйшло некалькі дзясяткаў чалавек. Можна было б чакаць, што гэта пераважна беларусы, якія сумуюць па Радзіме. Але аказалася, што палякам беларуская культура таксама цікавая і іх было амаль палова.

Беларуская спеўна-танцавальная вечарына адбылася ў цэнтры культуры варшаўскага раёна Воля, зладзілі яе: спявак Сяржук Доўгушаў (праект «Традыцыя»), музыкі Таццяна Грыневіч-Матафонава (Капэла «На таку»), Дзяніс Шматко, Зарына Шэўка (гурт «Літы талер»), харэограф і бубначка Маргарыта Кубенкевіч (гурт «Яварына»).

У каментары для budzma.by, арганізатар імпрэзы, Сяржук Доўгушаў адзначыў, што зладзіць беларускую вечарыну ў Варшаве вельмі проста: «Нашмат прасцей, чым у Беларусі да выбараў і да каронавірусу. Лёгка знайсці пляцоўку, нават задарма. А ў Мінску гэта было цяжка, не кажучы ўжо пра маленькія гарады. Самае істотнае, што на вечарыну ў Варшаве ніхто не ўломіцца, не арыштуе, не аштрафуе, не будзе іншых непрыемных сюрпрызаў. Звычайна каля паловы наведвальнікаў беларускіх імпрэз у Варшаве — палякі. Мы ў іншай краіне, таму трэба працаваць не толькі на беларускую публіку».

Спевы чаргуюцца з танцамі, каб публіка не паспявала засумаваць. Скрыпачка Таццяна Грыневіч-Матафонава з восені 2020-га жыве ў Стамбуле, а ў Польшчу прыехала на месяц праведаць сына-студэнта, якога не бачыла цэлы год. Каб не губляць дарма часу, яна шмат выступае па ўсёй краіне і ўсюды імкнецца яднаць беларусаў.

У Варшаве распачаўся сезон беларускіх вечарын
Фота: Алена Ляшкевіч, budzma.by

«Я ўжо грала ў Варшаве, у Любліне, у Беластоку, у Гайнаўцы, — распавяла Таццяна. — Усюды шмат беларусаў, мне граецца як дома. У Турэччыне складаней, бо там беларусы менш актыўныя. Калі грала на вуліцах, то часта туркі рэагавалі. А часам бывала, што еду на пароме праз Басфор, дастаю скрыпку ці гітару, граю якую беларускую песню ці спяваю „Магутны Божа“ — і пасля песні чую „Жыве Беларусь!“ А гэта беларускія турысты аказаліся побач».

Выступіў таксама аб’яднаны склад гуртоў «Літы талер» і «Яварына». Дзяніс Шматко і Зарына Шэўка распавялі, што частка гурта «Літы талер» і шмат музычных інструментаў засталіся ў Беларусі.

«Граць не на Радзіме — гэта і радасна, і не вельмі, — дзеліцца ўражаннямі Дзяніс. — Радасна, бо людзям падабаецца, ты разумееш, што ўсё робіш недарэмна. Але з другога боку ты разумееш, што сапраўдную асалоду ад гэтага здолеў бы атрымаць толькі, калі б быў на Радзіме. Ці не абавязкова на Радзіме, але ведаючы, што ты можаш туды вярнуцца».

У Варшаве распачаўся сезон беларускіх вечарын
Фота: Алена Ляшкевіч, budzma.by

Некалькі ўдзельнікаў вечарыны расказалі, што іх прывяло сюды. Беларус Вадзім прыйшоў патанчыць. Паляк Дамінік таксама стаўся заўзятым танцорам. «Я люблю традыцыйную музыку, пад яе файна бавіцца, — кажа Дамінік. — А яшчэ на вечарыне можна пазнаёміцца з дзяўчынай».

Пані Ірэна паведаміла, што раней не сутыкалася з беларускай культурай, а пабачыўшы абвестку ў Фэйсбуку вырашыла прыйсці на імпрэзу: «Новыя рэчы развіваюць. Новыя людзі, новыя танцы, новыя звычаі. І мне вельмі спадабалася, сардэчная атмасфера».

Беларускія вечарыны ў Варшаве будуць працягвацца. Як паведамляюць арганізатары, наступныя сустрэчы пройдуць у Амбасадзе традыцыйнай музыкі 12-га, 22-га і 29-га кастрычніка.

Поделиться ссылкой: