Калонка Алеся Няўвеся
Калонка Алеся Няўвеся

Урад Беларусі сваёй пастановай распарадзіўся павялічыць вытворчасць алкаголю для ўнутранага продажу, у прыватнасці фруктова-ягадных він.

Калі настрой зусім благі
Ці гора нейкае накрыла,
Хто каньяком залье мазгі,
А хто нажлукціцца «чарніла».
Дзівіцца гэтаму не след:
Адзін трывала стаў на рэйкі,
І неблагі ў яго бюджэт,
Другому ў радасць і капейкі.
Так і народы ўсіх краін,
І долю зведваюць такую:
Жыве ў нішчымніцы адзін,
Другі, лічы, спрадвек шыкуе.
А як жыве народ у нас?
Ён пачуваецца пагана,
Тым больш што выбараў падчас
Яму нанесеная рана,
Яму трываць пакутна здзек…
Відаць, цяпер, як і калісьці,
Напіўся б проста чалавек.
І для народа тое ж выйсце –
Так разважае наш урад,
І ён падкінуў алкаголю:
Дапамагчы народу рад –
Няхай нап’ецца кожны ўволю
(Хоць закусіць не можа ўсмак),
Каб больш грамадства не бурліла;
Як грошай мала на каньяк,
Хай смокча з радасцю «чарніла»…

Хай бы кралі лепш мядзведзі, чым уласныя суседзі

У жыхара Ушачаў суседка па дачы ноччу ўкрала больш за 30 пчаліных рамак – каля цэнтнера мёду. Зладзейцы давялося наведацца да пчаляра не адзін раз.

Пчаляр ажно кіпеў ад злосці
І ў райаддзел пабег, калі
Уведаў, што на дачы хтосьці
Пачысціў, так сказаць, вуллі.

У пчаляра, прызнацца, зроду
Такой прапажы не было:
З вуллёў нахабнік нейкі мёду
Украў не менш за сто кіло –
Лічы, што выграб да астачы.
Спярша падумаў, што мядзведзь
Пашураваў цішком на дачы,
Каб для сябе ласунак мець.
Затым не стаў грашыць на мішку.
Які ў мядзведзя інтарэс?
На месцы з’еў бы мёду крышку,
Ды цэнтнер не панёс бы ў лес.
І ўжо нямашака сумнення,
Што чалавек прыклаў руку –
Задужа сквапны, без сумлення.
Знайсці належыць следаку
Яго. Магчыма, ёсць і сведкі.
Знайшоў зладзюгу сапраўды!
На той жа дачы да суседкі
Службоўца прывялі сляды.
Яна здабычу ўсю, дарэчы,
Зараз занесці не магла:
Як сто кіло ўзваліць на плечы,
Дык можа выскачыць кіла.
І не адну зрабіла ходку,
Каб мёд дамоў завалачы.
Само сабою, тую цётку
Ніхто не бачыў уначы.
Здабычы лёгкае жанчына
Забрала больш, чым мог бы звер,
Таму зусім не беспрычынна,
Напэўна, думае цяпер
Пчаляр: чым гэткія суседзі,
Што выварочваюць вуллі,
Няхай бы лепш, бадай, мядзведзі
На дачы побач з ім жылі.

***

Калі ў няволі паглытае
Турэмнай жыжкі хоць бы год,
Дык будзе знаць зладзейка тая:
Парой бывае горкім мёд…

У двух словах

Размова дзевак-векавух
(Не льюць з парожняга ў пустое):

– Які жаніх – у словах двух?
– Не п’е затое…

Аб’ява на слупе

«Дзед, што згубіў свой партманет,
Адчайвацца не варта з гора,
Бо за тваё здароўе, дзед,
Сем тостаў прагучала ўчора!»

Публікацыя – з № 77 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: