Джулі Фішэр, прызначаная амбасадаркай ЗША ў Беларусі, пракаментавала закрыццё беларускімі ўладамі апошняй зарэгістраванай праваабарончай арганізацыі.

«На фоне іх (улад) парушэнняў і жорсткага кантролю над прававой сістэмай гэта паказвае, што яны адчуваюць рэальную пагрозу ад тых, хто вядзе хроніку іх нападак на грамадзян Беларусі», – напісала Фішэр у «Твітэры».

Яна таксама нагадала, што з ліпеня ўлады закрылі амаль 275 недзяржаўных арганізацый.

У аўторак 5 кастрычніка Вярхоўны суд закрыў абʼяднанне «Прававая ініцыятыва» – апошнюю зарэгістраваную праваабарончую арганізацыю.

«Прававая ініцыятыва» – некамерцыйная недзяржаўная арганізацыя, якая займаецца абаронай правоў чалавека. Створана ў 1996 годзе. 16 ліпеня па месцы рэгістрацыі старшыні аб’яднання Вікторыі Фёдаравай адбыўся ператрус у рамках крымінальнай справы аб масавых беспарадках. Сама кіраўніца ад сёлетняга сакавіка вымушана знаходзіцца за межамі Беларусі.

Ліквідацыя недзяржаўных арганізацый

У красавіку міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі ў Беларусі можа быць знішчана грамадзянская супольнасць.

«Любое далейшае ўзмацненне жорсткасці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сітуацыі», – сказаў Макей.

22 ліпеня Аляксандр Лукашэнка заявіў пра зачыстку недзяржаўных арганізацый.

«Так і ўрад, і МЗС пабеглі за «дэмакратыяй» і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў не прыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?»

«Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», – сказаў Лукашэнка.

30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасці некамерцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных устаноў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.

«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструктыўных структур, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бяспецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамерцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадскае аб’яднанне, 113 устаноў», – сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.

З сярэдзіны ліпеня адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацый па ўсёй краіне. Пад пагрозай існаванне дзясяткаў асветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, даследчых і іншых арганізацый. Прадстаўнікоў устаноў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.

Публікацыя – з № 77 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: