Баста

Арганізатары канцэрта вядомага рэпера Басты распавялі «Народнай Волі», чаму было адменена выступленне папулярнага спевака на «Мінск-Арэне» і што рабіць з квіткамі.

Канцэрт Басты (сапраўднае імя выканаўцы – Васіль Вакуленка.Аўт.) быў запланаваны на 9 кастрычніка, але за чатыры дні да мерапрыемства з’явілася абвестка, што яно адменена Мінгарвыканкамам «да стабілізацыі эпідэміялагічнай сітуацыі ў Беларусі».

Некаторыя звязалі адмену нават з тым, што ў мінулым годзе рэпер у сацыяльных сетках выказваў падтрымку пратэстуючым у Беларусі, але гэта толькі адна з версій.

Сёння, калі набірае абароты чарговая хваля захворвання на каранавірус, збіраць людзей на танцавальнай пляцоўцы «Мінск-Арэны» і насамрэч, мякка кажучы, лёгкадумна. Але што рабіць тым, хто ўжо набыў квіткі?

– Зараз ва ўпраўленні культуры Мінгарвыканкама рыхтуюцца новыя дакументы, і, мяркую, ужо ў бліжэйшы час мы назавём новую дату правядзення канцэрта Басты, – паведамілі мне ў кампаніі, якая займаецца арганізацыяй канцэрта. – Бо трэба ўзгадніць арганізацыйныя моманты яшчэ і з самім артыстам.

Чаму аб’явілі аб адмене канцэрта за чатыры дні да пачатку мерапрыемства? Пра складаную эпідэміялагічную сітуацыю толькі зараз даведаліся?

– Не ведаем, чаму вырашана менавіта так. Гэта не да нас пытанні.

Канцэрт дакладна адбудзецца ў іншы тэрмін ці гэта таксама пад пытаннем?

– Скажам так: мы будзем рабіць усё магчымае, каб мерапрыемства прайшло, хаця і ў іншыя даты. Вы ж разумееце, што мы першыя зацікаўлены ў тым, каб правесці канцэрт. Але, мяркую, у гэтым годзе ён наўрад ці адбудзецца.

Што з білетамі, якія людзі набылі?

– Тут два варыянты. Першы – можна здаць квіткі ў касы і вярнуць іх стопрацэнтны кошт. А лепш не здаваць, мы менавіта гэта раім. Лепш дачакацца новай даты, калі можна будзе патрапіць на канцэрт Басты.

Начальнік упраўлення культуры Мінгарвыканкама Віталь Брэль заявіў, што культурна-відовішчныя мерапрыемствы ва ўмовах каранавіруса павінны праводзіцца з выкарыстаннем толькі стацыянарных пасадачных месцаў пры іх запаўненні не больш як на 50 працэнтаў і знаходжанні гледачоў на адлегласці не менш за метр адзін ад аднаго. А ў вас квіткі прадаваліся яшчэ і на танцавальную пляцоўку. Як з гэтым быць?

– Будзем і над гэтым думаць…

Публікацыя – з № 77 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: