Дарья Лосик
Дарья Лосик

Жонка блогера Ігара Лосіка, якога разам з іншымі палітвязнямі чацвёрты месяц судзяць у закрытым рэжыме ў СІЗА-3 горада Гомеля, пакінула пост у Facebook пра  мясцовую цэнзуру і новы вывастраны  метад блакавання перапіскі.

“У мінулую суботу я атрымала ад Ігара пісьмо. Ён са здзіўленнем пытаўся, чаму я пішу пісьмо на зрыўках паперы, і чаму яно складаецца ўсяго з некалькіх фразаў. Парадокс заключаецца ў тым, што так пісьма я ніколі не пішу, дый да гэтага ніякіх прэтэнзій ад майго мужа з гэтай нагоды не было. І тут становіцца цалкам зразумела, што цэнзар, чытаючы пісьмы, проста абрывае іх, пакідаючы некалькі сказаў з тэксту”.

Дар’я Лосік з 24 чэрвеня, пачатку судовага працэсу над мужам, якога судзяць разам з Сяргеем Ціханоўскім, Мікалаем Статкевічам, Уладзімірам Цыгановічам, Арцёмам Сакавым і Дзмітрыем Паповым нібыта за падрыхтоўку “масавых беспарадкаў”, “перашкоду працы ЦВК” і “распальванне сацыяльнай варожасці”, дзень пры дні дзяжурыць каля сцен СІЗА-3. Праз сваю”вахту” маладая жанчына імкнецца падтрымаць мужа ды іншых нявольнікаў, прыпадняць занавес закрытасці і таемнасці над судовым працэсам.

У сваім пасце Дар’я губляецца ў здагадках, што ж сталася такое, што камусьці прыйшло ў галаву абрываць пісьмы, пакідаючы ад іх ашмоцце. Баязлівасць, бяздумнае выкананне загадаў, адсутнасць хоць якіх маральных прынцыпаў? Гэта, на думку жанчыны, няхай вырашае кожны сам для сябе. Са свайго боку Дар’я робіць выснову, што разумныя і моцныя людзі ўяўляюць пагрозу для рэжыму, калі супраць іх прымяняюцца такія “вычурныя метады блакіроўкі перапіскі”.

Анатоль ЛІПСКІ

Поделиться ссылкой: