Сяргей Вендзін

Сяргей Вендзін бясплатна рамантуе людзям розныя бытавыя рэчы, а яны ў якасці аплаты ахвяруюць грошы для гродзенскага дабрачыннага Цэнтра ПАРА, які займаецца падтрымкай анкахворых дзетак. Колькі ўсяго рэчаў адрамантавана – Сяргей збіўся з падліку, але за першы няпоўны год дзейнасці іх было 250.

Адказаць на дабро дабром

У Гродна Сяргей Вендзін трапіў выпадкова. Нарадзіўся ён у Разані, жыў у Ніжнім Ноўгарадзе, Казахстане. Аднойчы вырашылі ўсёй сям’ёй паглядзець Беларусь. Прыехалі ў Мінск, потым намецілі паездку ў Ліду, бо так завуць жонку Сяргея, а па дарозе запланавалі начлег у Гродне.

Дарэчы, да падарожжа ў Беларусь сям’я выбірала месца для жыцця ў Расіі. Была задума асесці ў Казані, паводле меркавання Сяргея, горадзе з вельмі сучаснай інфраструктурай.

– Але Гродна зачапіў і мяне, і жонку, і сына, – згадвае Вендзін. – Не толькі знешнім выглядам і больш смачнымі і таннымі, чым у Расіі, прадуктамі, – нас вельмі кранулі людзі сваёй адкрытасцю і клапатлівасцю. Мы адчулі: гэта месца, дзе можам застацца назаўсёды.

Расіяне адзначалі рэчы, на якія беларусы звычайна не звяртаюць увагі. Да прыкладу, уразіла, што, заходзячы ў будынак, людзі прытрымліваюць дзверы, каб яны не стукнулі таго, хто ідзе за імі. Пакідаючы аўтамабіль каля дома, уладальнік можа не зачыняць да канца акно. У рэстаране, адыходзячы памыць рукі, чалавек пакідае на стале дарагі мабільны тэлефон, каб абазначыць, што столік заняты. Вендзіны былі ўражаны тым, што да дзіцяці, якое не мае беларускага грамадзянства, прыязджае хуткая дапамога, доктар на развітанне патрабуе на наступны дзень схадзіць у паліклініку – маўляў, там прымуць любога пацыента з любой краіны. Сяргей сцвярджае, што такія рэчы немагчымы ў тых месцах, дзе яму раней даводзілася жыць.

На дабро хацелася адказваць дабром. Дарэчы, у Расіі Сяргей займаўся дабрачыннай дзейнасцю, удзельнічаў у валанцёрскіх праектах. А паколькі ён па спецыяльнасці інжынер і наогул чалавек з залатымі рукамі, то ўзнікла ідэя сумясціць усё гэта.

– Ідэя рамантаваць бясплатна рэчы, каб людзі за гэта пералічвалі грошы ў дабрачынны фонд, нарадзілася проста ў кавярні, – згадвае Вендзін. – Мы абмяркоўвалі яе сям’ёй, папрасілі бармена перакласці на беларускую мову фразу «клиника вещей». Так з’явіўся наш праект «Клініка рэчаў».

Напачатку людзі паставіліся з асцярогай

Спачатку рэчы яму прыносілі ў тую самую кавярню, але потым заказаў стала столькі, што паўстала неабходнасць у складзе. Дзеля рэкламы Сяргей зрабіў сайт, а таксама пачаў змяшчаць аб’яву ў «Інстаграме», і, дарэчы, гэта дало найбольшы плён.

Прыносілі ўсё што заўгодна: чайнікі, прасы, пульсаксіметры, елачныя гірлянды, дзіцячыя цацкі, апараты для манікюру… Праўда, напачатку многія кліенты ставіліся да такой паслугі з пэўным недаверам, удакладнялі, ці патрэбна прыносіць нейкія дакументы… Але, пераканаўшыся, што праект Вендзіна не падман, пачалі рабіць перапосты ў «Інстаграме» і тлумачыць іншым, што гэта такое. Дарэчы, Сяргей не рамантуе камп’ютары і мабільныя тэлефоны, паколькі для гэтага неабходна адмысловае абсталяванне.

– Канешне, я не раблю бясплатны рамонт, калі на замену нейкіх частак прыбора патрабуюцца вялікія грошы, – распавядае майстар. – Яшчэ свае 10–15 рублёў на запчасткі магу аддаць, але, калі будаўнік прыносіць шурупавёрт, у якім трэба замяніць дэталь, па кошце амаль роўную новаму інструменту, то такія рэчы мы абгаворваем.

Кожнаму кліенту Сяргей дае візітку Цэнтра ПАРА, і людзі самі пералічваюць туды грошы – колькі лічаць неабходным. Ніякіх патрабаванняў наконт канкрэтнай сумы не існуе.

– Амаль усе потым прыносяць альбо дасылаюць мне квітанцыю, хоць я аб гэтым ніколі нікога не прашу, – распавядае мой суразмоўца. – Дарэчы, прыемна ўражвае, што многія за дробны рамонт пералічваюць у цэнтр значна большыя сумы, чым маглі б заплаціць за такую паслугу ў майстэрні.

«Ёсць разуменне, дзеля чаго гэта раблю»

Пасля таго як праект «Клініка рэчаў» стаў вядомы ў сеціве, у горадзе знайшліся жадаючыя дапамагаць. Пэўны час далучаліся новыя і новыя людзі. Але большасць з іх, кажа Сяргей, хутка губляла цікаўнасць да такога занятку.

– Мне таксама падчас гэта надакучвае, асабліва калі ляжыць шмат рэчаў для рамонту, а свая праца не зроблена, – прызнаецца Вендзін. – Але разуменне, дзеля чаго я гэта раблю, ўсё ж мацнейшае.

Дарэчы, ён дагэтуль ні разу не быў у дзіцячым анкалагічным цэнтры ў Бараўлянах, але многіх дзетак, якім дапамагае, ведае па іх акаўнтах у сацсетках. Знаёмы з людзьмі, якія працуюць у Цэнтра ПАРА ў Гродне, ведае гісторыю яго стварэння.

«Новыя гаджэты – гэта радасць аднаго дня»

На жыццё Сяргей зарабляе дыстанцыйнай работай на расійскія фірмы, з якімі быў звязаны раней. Ён распрацоўвае сайты і дакументацыю для розных арганізацый. Кажа, што заробак у яго – як у звычайнага сярэдняга расіяніна. Мае аўтамабіль 1999 года выпуску, ровар, камп’ютар, 3D-прынтар – і гэта самыя дарагія рэчы ў сям’і. Але матэрыяльны дабрабыт, лічыць, не галоўнае ў жыцці.

– Мы з жонкай аднойчы зразумелі, што, калі праводзіш на працы па 13 гадзін у дзень, толькі каб зарабіць грошай на крэдыты, новыя машыны, рэчы, – прапускаеш жыццё, не бачыш, як расце тваё дзіця. Новыя гаджэты – гэта радасць аднаго дня. Галоўнае, каб у сям’і было ўсё добра, каб мог спакойна расці і развівацца наш сын.

У 2013 годзе Вендзін звольніўся з вядомай расійскай кампаніі «Мегафон», дзе працаваў дырэктарам па новых тэхналогіях, і ўладкаваўся ў невялікую фірму, у якой працуе на аддаленні.

Сяргей не разумее тых, хто выказвае здзіўленне наконт яго праекта «Клініка рэчаў». Калі дапамагаеш хворым дзеткам, то самому робіцца цёпла на душы – вось і ўсё.

Публікацыя – з № 76 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: