Калонка Алеся Няўвеся
Калонка Алеся Няўвеся

50-гадовая жыхарка Воранава хацела зарабіць грошай на валютнай біржы і страціла 12 тысяч рублёў. Калі жанчына зарэгістравалася на адпаведным сайце, да яе ў «памочнікі» па тэлефоне адразу ж набіліся тры «брокеры» з Расіі, якія і выманілі грошы.

Калі ўжо дагарала-тлела лета,
Касцёр недапатушаны нібы,
Дык чула ад другіх жанчын кабета:
– Хадзем жа з намі ў ягады-грыбы!
Заробіш для дзяцей сваіх «капейкі»,
Дый варта прыхарошыцца самой.
Багатым летам толькі зломак нейкі
Пластом ляжыць на печы, як зімой.
З насмешкаю адказвала жанчына:
– Не буду я цягацца з вамі ў лес!
Навошта мне лісічкі і маліна?
Я маю больш даходны інтарэс.
На біржы ён, дзе круціць люд валюту.
Там можна нават тысячу ці дзве
Сабе ў кішэнь пакласці за мінуту.
І гэткім чынам свет увесь жыве.
Той ход, яна лічыла, вельмі лоўкі,
Бо бізнес і надоўга, і ўсур’ёз.
Няхай яе бязмозглыя сяброўкі
Блукаюць паміж сосен і бяроз,
Няхай, каб мець спадніцу і скарынку,
У хвойніку шчыруюць ад душы
І потым прадаюць грыбы на рынку
Ці ў дождж і слоту мокнуць ля шашы,
Але не для яе, разумнай, гэта
(Яе мазгі нахвальвае сусед).
Так разважала мудрая кабета
І выклала заяўку ў інтэрнэт,
Што бізнесвумен новая гатова
Пусціць у ход уласныя рублі.
(Хоць гэтыя рублі, сказаць да слова,
Па сутнасці апошнімі былі.)
Здабычу добра чуюць прайдзісветы –
Як мухі, што злятаюцца на мёд.
Калі багата грошай у кабеты,
Дык можна, так сказаць, зрабіць развод.

– Паможам, – пазванілі, – вам правесці
На біржы адмысловыя таргі.
Усё, паверце, будзе чэсць па чэсці,
Бо ў нас да здзелак схільныя мазгі.
Падумала: «Я мецьму куш шалёны,
Калі ім свой запас перавяду.
Назад, напэўна, вернуцца мільёны!»
А грошы быццам канулі ў ваду…
Вядома, спачуваюць ёй сяброўкі:
Няшчасная, як кажуць, на нулі,
Яны ж купілі для сябе абноўкі
І дзетвары да школы набылі.

***

А што напрыканцы сказаць ахвяры?
Круціць мільёны можа не любы:
Каму на біржы зарабляць даляры,
Каму – рублі, збіраючы грыбы.

Як добра спіцца з маладой!

Мужык пражыў з «паловай» сорак год.
Затым падаў чамусьці на развод.
Адразу ж ён пабраўся з маладой,
І патлумачыў так учынак той:
– Як ноч прыходзіць, з жонкаю старой
Быў у мяне, як кажуць, гемарой:
То кроплі ёй падай, а то – таблеткі,
То фортачку закрый… І клопат гэткі
Зусім не даспадобы мне ўначы,
Абрыдла так – хоць крычма закрычы.
Вярэдзіць успамін да гэтых пор…
А з маладой інакшы каленкор!
Як сыдзе з дому вечарам яна,
Дык і няма ў кватэры да відна.
Давольны вельмі жонкай, далібог,
Бо ноч усю я сплю без задніх ног…

За здароўе мала п’ём

Амаль што філосаф мой даўні сусед,
І ён не скрывае, што выпіць мастак.
Падчас пасядзелак, застольных бясед
Сваё захаплене апраўдвае так:
– Малая ў сярэднім працягласць жыцця,
Мы п’ём за здароўе нямала хаця.
Дык з гэтага просіцца вывад які?
Трэ больш за здароўе нам піць, мужыкі!

Іспыт

Прафесар студэнта адчытвае строга
(І бледны ў студэнта няшчаснага від):
– Як можна, шаноўны, не ведаць нічога?
– Прабачце, я думаў, што заўтра іспыт…

Перакваліфікацыя

Па пальцах уласных настаўніца этыкі
Лінейкаю вутнула.
Выпадак гэтакі –
Звычайны, будзённы, калі разабрацца.
Ды стала на момант настаўнікам працы…

Пялёсткі руж

Нарэшце шлюб! Нарэшце жонка й муж!
Ды з часам (гэта помніць варта ўсё-ткі)
Раскіданыя ў вас пялёсткі руж
Ўвасобяцца ў шкарпэткі і калготкі…

Публікацыя – з № 76 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: