Леанід Судаленка

Больш за месяц працягваецца судовы працэс над гомельскім праваабаронцам.

Палітвязні Леанід Судаленка і Таццяна Ласіца знаходзяцца за кратамі ў гомельскім СІЗА амаль дзевяць месяцаў.

З 3 верасня ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля ў закрытым рэжыме адбываецца суд над імі і яшчэ адной валанцёркай, Марыяй Тарасенка. Усіх абвінавачваюць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, навучанні і падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама іх фінансаванні або іншым матэрыяльным забеспячэнні.

Леанід Судаленка піша ў сваіх лістах на волю, што ў матэрыялах справы – 80 тамоў. Адна з прычын, па якой суд зрабілі закрытым, – гэта «бяспека сведак», але, як адзначае праваабаронца, «самі сведкі ні сном ні духам».

Усяго па крымінальнай справе было дапытана каля 200 чалавек, на судзе – больш за 60 сведак. У асноўным гэта тыя, хто звяртаўся да праваабаронцы па прававую дапамогу. Леанід на судзе падаў не менш за дзевяць хадайніцтваў – усе яны былі адхілены.

«Усе сведкі ў судзе сказалі праўду, і гэта галоўнае, – напісаў Леанід. – Прыемна чуць, як людзі, якія прыходзяць у суд, кажуць «дзякуй», звяртаючыся да мяне ў клетку. І гэта нягледзячы на заўвагі суда».

Паводле прагнозаў Леаніда Судаленкі, судовае рашэнне можа быць вынесена ў сярэдзіне кастрычніка. На апраўдальны прысуд ён не разлічвае, таму «ў планах падаць апеляцыю, якая зойме два-тры месяцы. А пад Новы год ці пасля яго з тэрмінам 1,5 года прыйдзецца часова змяніць месца жыхарства…»

Праваабаронца распавёў таксама, што прапанова аб памілаванні прыходзіла не толькі яму.

«І мне, і Таццяне прыходзілі лісты з прапановай аб памілаванні, але гэта не варыянт, бо трэба прызнаць віну, – паведаміў Леанід Судаленка. – Значыць, мне трэба будзе прызнаць, што 20 гадоў я здзяйсняў злачынствы, займаючыся праваабарончай дзейнасцю. Натуральна, мы нічога не пісалі. Няхай яны самі скажуць, што праваабарона – гэта злачынства».

Публікацыя – з № 76 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: