Генадзь Бураўкін

(З дзённікавых запісаў)

(Працяг. Пачатак у №75.)

2013 год. 12 студзеня

Сёння з Юляй вырашылі схадзіць у філармонію на канцэрт памяці Мулявіна. Даваў яго народны аркестр М.Казінца. Зала была паўнюткая. І ўвесь вечар пакінуў незабыўнае ўражанне. Цудоўна прагучала «Песня пра долю» на верш Купалы. Гледачы стаілі дыханне, пакуль яна гучала. Усе спевакі малайцы. А як хораша, як тонка гучаў аркестр!

А ў другім аддзяленні гучалі песні Мулявіна і хіты «Песняроў» (сярод іх і наша з І.Лучанком «Зачарованая» ў добрым выкананні Пятра Ялфімава). Слухаў і ўсё больш пераконваўся, які геніяльны музыка быў Валодзя. Як сучасна гучаць ягоныя і «Александрына», і «Завушніцы», і «Чырвоная ружа»! Колькі ў іх душы і таленту! А вось жа Валодзя нарадзіўся не ў нас. А так прыняў душою нашы мелодыі, нашу паэзію, што стаў музыкам-класікам Беларусі. Паболей бы такіх!..

Вярталіся з Юляй уражаныя і шчаслівыя. Душы нібы ачысціліся і пацяплелі.

9 лютага

Вярнуўся са шпіталя, з ціхай і сумнай лечкамісіі… У першы вечар сустрэў там на калідоры Анатоля Ярмоленку. Зайшлі да яго ў люкс (№201) і доўга гаманілі. Мне заўсёды цікава абменьвацца з ім думкамі. Бо ён, як кажуць, рэальны чалавек, без зласлівасці і зайздрасці, спакойны прафесіянал. Ён цалкам пагадзіўся са мной у ацэнцы сучаснай эстрады, дзе даўно ўжо ўсім кіруюць грошы і кланы, дзе забылі пра высокае майстэрства і працуюць па запатрабаванні тупой і неадукаванай публікі.

«Але ж трэба есці, – сумна ўздыхнуў Анатоль. – Таму даём часам і папсу… Бяда, калі, акрамя папсы, нічога болей няма».

З болем гаварыў ён аб няўвазе да культуры, аб безгустоўнасці многіх высокіх чыноўнікаў, аб занядбанні ўсяго беларускага…

Ад яго я даведаўся, што тут (у №510) ляжаць Ігар Лучанок і Генадзь Гарбук. Праз дзень наведаўся да іх. Абодва маюць праблемы з нагамі. Ігару зрабілі аперацыю на калене, а Генадзя рыхтуюць да аперацыі. Ігар, як заўсёды, нервовы і злосны. Зноў папёр на Беларусь, усхваляючы Маскву і расійскіх дзеячаў. Давялося даволі рэзка абарваць яго: «А хто б ты быў, каб не Беларусь? А якая б музыка ў цябе была, каб не беларуская аснова яе?..»

І ў адказ на словы захаплення Барадзіным «уляпіў» яму без дыпламатыі: «А хіба не сорамна браць грошы ад злодзея і прайдзісвета?» Ён трохі астыў, але ўсё роўна нейкая зацятасць засталася. Не разумее аднаго элементарнага, што Беларусь і нашы чыноўнікі – не адно і тое ж…

Генадзь Гарбук расказаў шмат цікавага з ваенных гадоў. У прыватнасці, як немка (эсэсаўка) выцягнула яго з маці з калоны тых, каго везлі ў канцлагер. Пашкадавала дзіця?.. Расказаў і пра партызанаў. Розных – і геройскіх, і марадзёраў. У ягоным Ушацкім раёне хапала ўсялякіх. Адкрыў ён для мяне і сваю чэпкую памяць, і назіральнасць, і разумны погляд на мінулае.

1 сакавіка

З раніцы выступаў у гімназіі №33, а вечарам пайшоў на ўручэнне прэміі імя Гедройця. Людзей было шмат – і літаратары, і музейшчыкі, і проста маладзёны. Усё было зроблена даволі цікава, артысты чыталі ўрыўкі з кніг намінантаў, нейкія словы-характарыстыкі гаварылі члены журы. Як заўсёды, пастараўся выпендрыцца Валянцін Акудовіч. Кажучы пра «Газіраваную ваду…» Някляева, ён, як бы між іншага, абхаміў Валодзю, сцвярджаючы, што «і каню відавочная розніца паміж вершамі і прозай Някляева» (вядома, на карысць паэзіі). Урыўкі, па-мойму, былі выбраны не самыя ўдалыя. Таму куды выгадней, чым іншыя, прагучаў Альгерд Бахарэвіч – быў відавочны сур’ёзны ўзровень майстэрства.

Але перамог Уладзімір Някляеў. Не сумняваюся – справядліва. Раман ягоны – проза таленавітага пісьменніка, хаця і не бездакорная. За яе не сорамна, гэта бясспрэчна. Хаця я і адчуў, і заўважыў, што многім у зале рашэнне журы не спадабалася. Вырасла ўжо цэлае пакаленне маладых, якія, акрамя саміх сябе і сваіх сяброў, нікога сярод талентаў не хочуць бачыць. Самаўпэўненыя, катэгарычныя, бязлітасныя. Няўжо і мы былі такімі, калі ў свой час сцвярджалі сябе і ішлі «ў рожкі» з Броўкам, Лужаніным, Шамякіным?..

Вечная праблема бацькоў і дзяцей. А ў літаратуры гэтага не хацелася б сустракаць. Бо яна (найлепшая, класічная) павінна быць усё ж над часам, не прывязвацца толькі да аднаго пакалення ці аднаго перыяду гісторыі. Разумееш гэта з гадамі. І то – нярэдка – не да канца…

2 сакавіка

Некалькі гадзін правёў у майстэрні Арлена Кашкурэвіча. Ён робіць мой графічны партрэт, задумаў нешта арыгінальнае і папрасіў папазіраваць. А задума ў яго такая: я – у трох «настроях», а пад малюнкамі (ці разам з імі) радкі з вершаў. Калі атрымаецца, будзе цікава.

Разам выбіралі цытаты, Арлен у «Лістах да запатрабавання» зрабіў некалькі дзясяткаў закладак. Не з усімі ягонымі прапановамі я пагадзіўся. Але паразумеліся хутка і спакойна.

Я вельмі люблю гэтага мастака. Гэта адзін з рэдкіх сапраўдных беларускіх інтэлігентаў. Чалавек з надзвычай чулай і тонкай душой. І – выдатны майстра, глыбокі, лаканічны, дасканалы. Такіх, як ён, у нас мала. Ды і не можа быць многа майстроў такога таленту і такой тэхнікі. А ягонай сціпласці і ўдумлівасці можна толькі пазайздросціць. Шкада, што падводзіць яго здароўе, даўно ўжо мучыць цяжкая астма. Добра, што ў яго ёсць «хатні анёл» – Люся, якая клапоціцца аб ім і аберагае яго ад усякіх стрэсаў і спакус…

З майстэрні зайшлі да Арлена ў кватэру, выпілі разам з Люсяю чаю, нагаманіліся пра дзяцей і ўнукаў.

30 ліпеня

На сайце «Беларускага партызана» прачытаў, што з чаргінцоўскага Саюза пісьменнікаў выйшлі Раіса Баравікова, Андрэй Федарэнка, Алена Масла, Алесь Наварыч і Валерый Гапееў. Людзі ўсе таленавітыя, можа, самыя лепшыя ў СПБ. Сігнал не толькі для Чаргінца, а і для ўсёй улады. Вядома, калі яна думае аб культуры і здольная думаць, аналізаваць.

Для мяне гэта не стала сенсацыяй. Я даўно ўжо чакаў нечага падобнага. Не маглі нармальныя, таленавітыя пісьменнікі жыць у адной хаце з кар’ерыстамі, халуямі і прайдзісветамі. Іх заманьвалі абяцаннямі пасад, узнагарод, выданняў. А дзяржава не надта шчодрая і багатая, каб на ўсіх хапала – тут хоць бы перапала Чаргінцу, Марчуку, Пазнякову, Пашкову. Ну яшчэ тое-сёе перападала Мятліцкаму ды Шніпу. А на ўсіх грошай не набярэшся. Ды яшчэ – дэманстратыўная пагарда да ўсяго беларускага, хамства ў дачыненні да іншадумцаў, бяздумная ліслівасць да чыноўнікаў, калі ў саюз прынялі «пісьменнікаў» В.Мачульскага і Л.Ананіч…

Вось «пяцёрка адважных» і не стрывала. Думаю, што хутка ўцякуць з СПБ і А.Зэкаў, і М.Башлакоў, і К.Камейша, і Ул.Ліпскі, і Н.Гальпяровіч, каб паспець адмыцца ад той памыйніцы, у якую трапілі…

3 жніўня

У «Народнай Волі» – даволі вялікі артыкул З.Пазьняка. Кардынальна новага нічога няма, але вельмі злосна (і раздражнёна) выступае супроць С.Шушкевіча. Мне гэта ўжо надакучыла. Вядома, як палітык (як стратэг) Зянон значна вышэйшы за Станіслава. Ды і радыкалізм ягоны (асабліва што датычыць нацыянальных праблем) часта сімпатычны.

Станіслаў Станіслававіч так многа важных гістарычных паваротаў проста прагледзеў і прайграў, што ёсць за што яго папракаць. Але ж, як кажуць, ён наш, беларускі, дэмакрат і патрыёт. І ягоны ўдзел у падпісанні белавежскіх пагадненняў (як бы там ні было ў дэталях) – залатая старонка ў гісторыі. Вядома, не хапіла яму празорлівасці, паслядоўнасці, рашучасці, прынцыповасці. Ды прыйшоў ён у палітыку збоку, з навукі, не было ні дастатковага досведу, ні патрэбнага характару.

Наогул, у Беларусі заўсёды, да трагічнага, не хапала палітыкаў, і адкуль ім быць, калі стагоддзямі вынішчалі то Расія, то Польшча нацыянальных герояў, выдатныя таленты. Чорны 37-ы год мы і дагэтуль не перажылі, не ачухаліся ад яго. Як нацыя мы, як ні горка прызнаваць, яшчэ не саспелі, не набылі сталасці. З’явілася такая-сякая надзея, дык мы яе напоўніцу і не выкарысталі – Пазьняк з-за радыкалізму, Шушкевіч – з-за згодніцтва. Але ж яны – не манкурты-кар’ерысты, не нахабныя невукі. А вось прайгралі…

А былі б разам, былі б мудрэйшымі, дык іншай была б Беларусь, і яны абодва былі б на іншых месцах у дзяржаве (ды і ў гісторыі). Не атрымалася. Упусцілі свой шанец (каб, не дай Божа, не апошні). І не вінаваціць прылюдна адзін аднаго трэба, а выпраўляць памылкі і аб’яднанымі сіламі рабіць, што можна. Узаемныя ўколы, «лоўля блох», здзеклівыя характарыстыкі ніякага плёну не дадуць, гэта пэўна. Толькі трэба пераступіць праз асабістыя амбіцыі, праз крыўдна ўпушчанае і горка страчанае. Ці будзе гэта? Надзей мала. Але ж так хочацца гэтага, бо абодва – яркія асобы, абодва лідары…

1 лістапада

Вечарам з Юляй пайшлі на сумесны канцэрт Ігара Лучанка і Эдуарда Ханка ў філармонію. Зала была перапоўнена – ніводнага вольнага месца. Мільганула некалькі добра знаёмых твараў: Эдуард Зарыцкі, Саша і Андрэй Лучанкі, Ніна Марчанка, Ляля Ханок, Уладзімір Ліпскі, Зіновій Прыгодзіч… Пачалося ўсё ўзрушана і нават урачыста – нацыянальны аркестр народных інструментаў, шчырае слова вядучай – Олі Брылон. І Лучанковы патрыятычныя песні. Выконвалі іх (і добра) маладыя спевакі. Потым дзеці спявалі песні Ханка. Прымалася ўсё на «ўра», хаця большасць рэчаў былі па-руску.

Сапраўднае свята душы прыйшло, калі загучала класіка («песняроўская», «верасоўская») на роднай мове. Вось тады стала асабліва ярка відно, які нацыянальны Ігар і які шлягерны Эдзік. І гэта, напэўна, было добра – яны дапаўнялі адзін аднаго. А хто ж з нашага пакалення (у зале былі ў асноўным людзі сярэдняга веку) не адгукнецца на «Спадчыну» і «Алесю», на «Малінаўку» і «Вы шуміце…»? Спявалі і дзве мае песні – «Зачарованую» і «Белы снег». Зала падпявала.

Пра мяне са сцэны гучалі самыя высокія словы, асабліва з вуснаў Ядзі Паплаўскай і Сашы Ціхановіча. Мне давялося прыўзнімацца і адказваць на воплескі. Усё здымала Беларускае тэлебачанне. Не сумняваюся, што кадры са мною пойдуць пад начальніцкі нож…

Завяршыў канцэрт Анатоль Ярмоленка «Вы шуміце…» і «Полькай беларускай». Хораша, таленавіта, душэўна.

Ішлі мы дадому ў цудоўным настроі. Не бедная зямля наша на таленты і галасы. Як можна не бачыць гэтага, не радавацца?.. А нікога з высокіх асоб на канцэрце не было (акрамя міністра культуры). Як заўсёды. Як звычайна…

Публікацыя – з № 76 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: