Віталь Рымашэўскі

Падкажыце, куды знік адзін з сустаршыняў аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі? Раней быў вельмі актыўным і публічным, а апошнім часам быццам залёг на дно… Дык што здарылася?

Валерый ПЯТРОВІЧ, Мінскі раён.

«Народная Воля» звязалася з палітыкам і распытала ў яго не толькі пра жыццё-быццё. Калі коратка: развёўся, на некаторы час з’ехаў з Беларусі – у камандзіроўку, але палітыку не кінуў.

– Віталь, наколькі я зразумела, вы зараз не ў Беларусі.

– Недзе каля месяца я знаходжуся па-за межамі краіны, але я не ў эміграцыі, гэта проста працоўны візіт. Справа ў тым, што цяпер з пераездамі вельмі складана, гэта звязана і з каранцінам таксама. Нядаўна я быў у Бруселі – сустракаўся з нашымі замежнымі партнёрамі і не толькі. З Беларусі зараз вельмі складана і нават небяспечна весці міжнародную камунікацыю.

– У сваіх інтэрв’ю вы не раз падкрэслівалі, што з’язджаць не збіраецеся. Але цяпер, калі адбываецца татальная зачыстка, магчыма, нейкія акцэнты змяніліся?

– У Беларусі пакуль аднымі з апошніх засталіся незалежныя прафсаюзы – атакуюць іх актывістаў, але арганізацыі па-ранейшаму могуць легальна працаваць. Таксама ёсць палітычныя партыі, якія маюць афіцыйную рэгістрацыю.

У прынцыпе, пакуль ёсць хоць нейкія легальныя магчымасці працы і ўнутры краіны ёсць партнёры, з якімі можна нешта супольна рэалізоўваць, беларускія хрысціянскія дэмакраты будуць гэта рабіць. Многія нашы актывісты знаходзяцца ў Беларусі. І мая паездка ніяк не звязана з эміграцыяй.

Я не асуджаю тых, хто прымае рашэнне змяніць краіну. Ведаю, што такіх людзей шмат. Але сённяшняя эміграцыя – гэта зусім не ўцёкі. Нельга сказаць, што ў дадзеным выпадку Беларусь нешта страчвае – яна проста пашырае свае межы. І Беларусь у думках і сэрцы тых, хто з’ехаў, кожны дзень. Гэтыя людзі таксама шмат робяць для краіны – праводзяць акцыі, ахвяруюць грошы…

Пры гэтым, на мой погляд, важна, каб асноўнае права голаса мелі тыя, хто застаўся ў Беларусі, каб менавіта яны вырашалі, што рабіць, а тыя, хто з’ехаў, не дыктавалі ім свае ўмовы. Бо часам раздаюцца заклікі да нейкіх дзеянняў, якія вымагаюць ахвяр, але яны ніяк не абгрунтаваны – ні бягучай сітуацыяй у краіне, ні гатоўнасцю людзей да нейкіх акцый.

На дадзены момант я пакуль яшчэ бачу магчымасці легальнай працы ў Беларусі. Я адзін з апошніх палітыкаў, які застаецца ў краіне. Але, напэўна, рана ці позна перад кожным беларускім палітыкам паўстае гэты выбар – турма альбо эміграцыя.

– Аргкамітэт па стварэнні партыі «БХД» сёння раскіданы – Севярынец у турме, Кавалькова ў Вільнюсе, вы таксама за мяжой…

– Беларускія хрысціянскія дэмакраты заўсёды былі актыўнымі ўдзельнікамі амаль усіх палітычных праектаў. Але сёння многае з таго, што мы робім, не агучваецца, бо ўлады могуць схапіцца за любую дробязь і распачаць чарговую хвалю ціску ці крымінальнага пераследу тых, хто знаходзіцца ў Беларусі. Але, паверце, няма ніводнай ініцыятывы, якая адбывалася б без нашага ўдзелу.

Мы разумеем, што зараз час не для піяру, а для дзеянняў.

Аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» – гэта яшчэ не арганізацыя, таму нашы прававыя дзеянні таксама абмежаваны. І, перш чым нешта агучваць у сродках масавай інфармацыі, трэба добра падумаць, каб не трапіць пад пільную ўвагу розных спецслужбаў.

– Некаторыя палітыкі кажуць: маўляў, мы ўжо ў адным кроку ад перамогі. Вам таксама ў разгар рэпрэсій мроіцца перамога на парозе?

– Мне здаецца, што сёння ўжо не засталося такіх неабачлівых галасоў, якія крычаць: ура, заўтра мы пераможам! Можа быць, я памыляюся, але да перамогі зроблены сур’ёзны крок. Аднак гэта няхуткі працэс. Тое, што адбылося у 2020 годзе, – гэта проста цуд, людзі памяняліся. І я веру, што мы здолеем захаваць гэты дух еднасці.

Зараз страшны і цяжкі час. Беларускаму рэжыму дапамагае Пуцін, які падтрымлівае аўтарытарныя рэжымы. Беларусь яшчэ больш прывязваецца да Расіі, а калектыўны Захад вельмі слабы для таго, каб змагацца з Расіяй.

Аднак і не варта спадзявацца на дапамогу звонку. Свабоду Беларусі павінен здабыць сам беларускі народ.

– Што вы думаеце наконт магчымага дыялогу з уладай?

– Лічу, што застаюцца актуальнымі патрабаванні аб вызваленні палітвязняў і спыненні гвалту. І тады можна распачаць нацыянальны дыялог аб правядзенні свабодных і дэмакратычных выбараў. Гэта самы найлепшы шлях, бо альтэрнатывай гэтаму можа быць толькі канфрантацыя і павелічэнне супрацьстаяння.

Мірны і дэмакратычны шлях змены ўлады – самы ідэальны варыянт для ўсіх. Але для таго, каб здзейсніць дэмакратычныя пераўтварэнні, нам патрэбна яшчэ больш моцнае і салідарнае грамадства, чым мы маем зараз. Не трэба думаць, што ўлада складзе рукі.

– Віталь, яшчэ хачу задаць асабістае пытанне. Хадзілі чуткі, што вы развяліся з жонкай. Гэта праўда?

– Так, я ўжо даўно ў разводзе, але пры гэтым з былой жонкай у нас захаваліся добрыя стасункі. Падрабязней не хацеў бы каментаваць гэтую тэму. Бо лічу, што асабістае жыццё павінна заставацца асабістым. І ў палітыкаў таксама.

– Але ёсць і іншае меркаванне: калі пайшоў у палітыку, будзь гатовы, што журналісты будуць цікавіцца кожным тваім крокам.

– Не, на пытанні пра асабістае жыццё я адказваць не буду. Гэта надоўга будзе закрытай тэмай для сродкаў масавай інфармацыі. Зараз пад рэпрэсіі трапляюць не толькі палітыкі, але і іх блізкія таксама. У нас у гэтым сэнсе не так ўсё добра, як у сапраўды дэмакратычных краінах…

Публікацыя – з № 76 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: