Барыс Пятровіч

Вярхоўны суд з падачы Міністэрства юстыцыі 1 кастрычніка скасаваў дзяржаўную рэгістрацыю найстарэйшай творчай арганізацыі ў краіне – Саюза беларускіх пісьменнікаў. Ён праіснаваў 87 гадоў і ўвесь час быў апірышчам і абаронцам беларускай культуры і мовы. Чым ён стаў замінаць сённяшняй уладзе? Адразу пасля абвяшчэння судовага выраку я пагутарыў са старшынёй ліквідаванага саюза Барысам ПЯТРОВІЧАМ.

– Барыс, што ўсё ж стала фармальнай прычынай ліквідацыі Саюза беларускіх пісьменнікаў? Якія такія правіны СБП дапусціў, што Міністэрства юстыцыі не змагло з імі змірыцца?

– Усё настолькі проста і прымітыўна было зроблена, што ажно вусцішна… Фармальнай падставай для ліквідацыі СБП сталі два папярэджанні, вынесеныя на працягу ўсяго аднаго тыдня – 9 і 14 ліпеня. Па кожным нам быў дадзены тыднёвы тэрмін, каб выправіць заўвагі, але мы не змаглі гэта зрабіць. Першае папярэджанне мы атрымалі 16 ліпеня, а 14-га ў нашым офісе адбыўся ператрус, праведзены супрацоўнікамі Следчага камітэта. У выніку офіс быў апячатаны, доступу да дакументаў, якія засталіся там, мы не мелі. Другое папярэджанне было вынесена за тое, што мы своечасова не прадставілі Мінюсту інфармацыю аб дзейнасці СБП за тры апошнія гады. Ліст аб гэтым мы атрымалі 13 ліпеня пасля абеду, а падаць інфармацыю неабходна было да канца гэтага ж дня. Падрыхтаваць за паўдня ўвесь аб’ём запрошаных дакументаў (а там было аж 27 пунктаў) і адвезці іх у Мінюст было проста фізічна немагчыма.

– Вы неяк інфармавалі Мінюст пра гэта?

– Так, мы адразу ж накіравалі ў міністэрства ліст з просьбай даць нам усяго адзін дзень адтэрміноўкі. Мы працавалі 13 ліпеня да позняга вечара, рыхтуючы неабходныя дакументы, а калі назаўтра прыйшлі ў офіс, каб скамплектаваць іх і адвезці ў Мінюст, з’явіліся прадстаўнікі Следчага камітэта і апячаталі памяшканне. Дакументы засталіся за зачыненымі дзвярыма. Але, калі б мы нават і змаглі адправіць 14 ліпеня запытаную інфармацыю, то ўсё роўна не паспелі б. Бо ўжо раніцай таго ж дня Мінюст вынес нам другое папярэджанне. Зразумела, што і яго выправіць мы не змаглі, пра што і паведамілі Мінюсту ў лісце. Але Мінюст 27 ліпеня накіраваў у Вярхоўны Суд пазоў аб ліквідацыі нашага саюза. Мы паспрабавалі аспрэчыць другое папярэджанне ў Вярхоўным судзе, але суддзя нашы доказы і абгрунтаванні не прыняў і не ўлічыў.

– Атрымліваецца, што з боку ўлады было зроблена ўсё, каб СБП не змог выканаць яе патрабаванні?

– Выходзіць, так. Хочаш не хочаш, а падумаеш, ці не стаіць за гэтым элементарны загад разабрацца з арганізацыяй, якая камусьці замінае. СБП за ўсю сваю гісторыю практычна не меў прэтэнзій з боку дзяржавы. Мы працавалі, выконваючы ўсе палажэнні Канстытуцыі і свайго статута. А тут адразу два папярэджанні запар і ператрус з канфіскацыяй камп’ютараў і дакументаў…

– Як рэагаваў суддзя Вярхоўнага суда Ігар Мільто (менавіта ён прымаў канчатковае рашэнне) на вашы аргументы – пра тое, што патрабаванні Мінюста вы выканаць проста не маглі?

– Усе нашы доказы не былі прыняты. Мы павінны былі памерці, але выканаць загады Мінюста! А нейкія перашкоды суддзя палічыў нязначнымі. Дадам яшчэ, што мы і ў Следчы камітэт звярталіся, каб нам далі магчымасць патрапіць у офіс, каб перадаць дакументы ў Мінюст. З СК прыйшоў адказ: гэта немагчыма, бо працягваюцца следчыя дзеянні. Мы звярталіся таксама ў Мінскую пошту, і там пацвердзілі, што ліст з загадам прадставіць інфармацыю аб дзейнасці СБП мы атрымалі толькі ў другой палове 13 ліпеня. Дарэчы, прадстаўнік Мінюста гэта не адмаўляў, але не змог патлумачыць, чаму гэты ліст, падпісаны 6 ліпеня, толькі 8 ліпеня трапіў у паштовае аддзяленне самога Мінюста і толькі тады быў адпраўлены нам.

– Міністэрства яго спецыяльна на два дні прытрымала?

– Магчыма. І менавіта гэтых двух дзён нам і не хапіла. Але прадстаўнік Мінюста на першым судовым пасяджэнні сказаў, што гэта не іх, а нашы праблемы.

– У пракурора цягам усяго трохгадзіннага разбору справы не ўзнікла ніводнага пытання ні да адказчыка, ні да адваката. Ён проста ў канцы пасяджэння зачытаў падрыхтаванае загадзя рашэнне аб ліквідацыі СБП. У прысутных склалася ўражанне, што прысуд быў вынесены раней і зусім не ў Вярхоўным судзе.

– Не магу гэтага сцвярджаць, але менавіта так палічыла большасць прысутных у зале суда. Той факт, што за апошні час у Беларусі было ліквідавана больш за сто грамадскіх арганізацый, як кажуць, гаворыць сам за сябе. Відаць, недзе ёсць спіс арганізацый, з якімі варта «разабрацца», і лёс гэтых арганізацый прадвызначаны. Што праўды нам не дамагчыся, было зразумела з першых крокаў. Але мы вырашылі прайсці гэты шлях да канца, каб потым не шкадаваць, што мы маглі адстаяць сваё права на існаванне і далейшую працу, але не зрабілі таго.

– Аднойчы Саюз беларускіх пісьменнікаў ўлада ўжо спрабавала ліквідаваць – у 2006 годзе. Тады арганізацыю ўдалося адстаяць. І больш як 14 гадоў СБП дзейнічаў. Як ты лічыш, чым у 2021 годзе ён стаў замінаць уладзе? Ды так замінаць, што давялося яго ліквідаваць?

– Так, у 2006 годзе, расчышчаючы глебу пад новаствораны прыўладны Саюз пісьменнікаў Беларусі, Міністэрства юстыцыі спрабавала ліквідаваць наш саюз. І тады прычыны былі надуманыя – настолькі, што суд не прыслухаўся да Мінюста і нас апраўдаў. Тады яшчэ ў краіне захоўваліся рэшткі хоць нейкай законнасці і была хоць нейкая незалежнасць судовых органаў. На той суд, памятаю, прыйшлі ўсе тагачасныя народныя пісьменнікі (сёння, на жаль, іх ужо няма побач з намі), прыйшлі амбасадары еўрапейскіх краін (цяпер ім забаронена ўдзельнічаць у судах). І разам мы адстаялі наша права на існаванне.

– Гэта ж тады спынілася сэрца ў Генадзя Бураўкіна?

– Не ў судзе, а падчас папярэдняга разбіральніцтва ў Мінюсце ў Генадзя Мікалаевіча здарыўся сардэчны прыступ. І толькі своечасовая дапамога сябра-пісьменніка Алеся Масарэнкі ўратавала яго, бо ў міністэрстве не аказалася нават элементарнай аптэчкі… Генадзь Мікалаевіч пасля таго пражыў яшчэ восем гадоў, напісаў шмат новых твораў. Ён быў для нас чалавекам і сябрам, да якога можна было звярнуцца ў любы момант, атрымаць падтрымку і параду. Гэтым разам сітуацыя амаль паўтарылася: падчас судовага пасяджэння стала кепска Уладзіміру Някляеву, Язэпу Янушкевічу і Уладзіміру Марозу, і яны вымушаны былі пакінуць залу.

– Але ўсё ж чым перашкаджала ўладзе найстарэйшая творчая арганізацыя, заснаваная яшчэ ў 1934 годзе пры ўдзеле Янкі Купалы і Якуба Коласа?

– Відаць, ужо адным сваім існаваннем… Заўважу, што пісьменнікам ва ўсе часы і ва ўсіх дзяржавах дазвалялася крыху больш, чым іншым. Яны маглі крытыкаваць тое, што ім не падабалася, мець сваю думку, адрозную ад прыўладнай. Ва ўсе гады, нават у самыя змрочныя, былі ў былым СССР іншадумцы. Дзяржава змагалася з імі, але не з саюзамі – пісьменнікаў, мастакоў, творцаў увогуле. Ні Сталін, ні Брэжнеў, ні Андропаў не закрылі Саюз пісьменнікаў, і толькі беларуская ўлада зрабілі гэта.

– СБП праводзіў вялікую асветніцкую і культурніцкую працу (у тым ліку ў рэгіёнах), уручаў літаратурныя прэміі, ладзіў фестывалі. З ліквідацыяй саюза чаго ў нашай краіне не стане?

– Нічога асабліва не зменіцца. Бо пісьменнікі засталіся. Яны і надалей будуць пісаць і друкаваць свае творы. Сёння кожны можа змясціць напісанае ў інтэрнэце, і чытачоў у яго будзе больш, чым наклад кнігі. Нас не трэба вучыць, за апошнія дваццаць гадоў мы шмат чаму навучыліся з «дапамогай» дзяржавы. Па-ранейшаму будуць арганізоўвацца літаратурныя вечарыны, праводзіцца фестывалі, уручацца прэміі… Мы раней рабілі гэта на грамадскіх пачатках і будзем працягваць. Толькі ўжо не ад імя СБП, а прыватна. Як у свой час рабілі Купала і Колас, Ластоўскі і браты Луцкевічы. Вядома, не хацелася б у суверэннай дзяржаве ў ХХІ стагоддзі вяртацца ў дарэвалюцыйныя часы. Але што зробіш, калі такі наш лёс, калі такі лёс беларускага народа: ісці да сябе, да свайго – да Беларусі (як сказаў незабыўны Ніл Гілевіч) – праз штучныя перашкоды, якіх не павінна было б быць.

– Відаць, прыватна арганізоўваць нейкія мерапрыемствы будзе ўсё ж значна цяжэй.

– А нам і раней не было лёгка. Ёсць жа прыклады працы арганізацый, ліквідаваных раней. Скажам, беларускі ПЭН-цэнтр на чале са Святланай Алексіевіч і Таццянай Нядбай працягвае свае праекты, часам яшчэ ў большым аб’ёме, чым раней. Практычна ад усіх арганізацый, якія дзяржава знішчае, мы чуем, што яны будуць працягваць працаваць, толькі ў іншым фармаце. Чыноўнікі ніяк не хочуць зразумець, што па вялікім рахунку для нас нічога не змяняецца, яны не вераць, што людзі могуць працаваць не за грошы, а за ідэю. Яны дарэмна лічаць, што, пазбавіўшы нас афіцыйных месцаў працы, прымусяць нас замоўкнуць, зашыцца па кутах. Нам няма чаго губляць. Мы не мелі ніякіх выгод. З усіх саступак дзяржавы мы мелі толькі адну: сябры нашага саюза не лічыліся так званымі дармаедамі. Што ж, цяпер некалькі дзясяткаў пісьменнікаў, у тым ліку і я, займеюць гэтае «гордае» званне.

– Адвакат СБП у сваім выступленні ў судзе параўнала ліквідацыю арганізацыі з вышэйшай мерай – расстрэлам. На што прадстаўнік Мінюста запярэчыў: расстраляны ўваскрэснуць не можа, а пісьменнікі могуць сабрацца і заснаваць новую арганізацыю. Ці збіраецца кіраўніцтва СБП штосьці рабіць у гэтым кірунку?

– Думаю, не адразу, але з цягам часу такое пытанне ўзнікне. І няхай не ўсе цяперашнія нашы 470 сяброў, а 150 ці 200 з іх аб’яднаюцца і адновяць саюз. Але не пры цяперашняй уладзе. Не для таго яна ліквідоўвала саюз, каб дазволіць аднавіць яго. Але, калі зменіцца сітуацыя, Саюз пісьменнікаў, у які ўваходзілі Быкаў і Адамовіч, Гілевіч і Мележ, Караткевіч і Брыль, Шамякін і Чыгрынаў, Барадулін і Бураўкін і яшчэ дзясяткі класікаў нашай літаратуры, чые творы складаюць залаты фонд нашай культуры, абавязкова будзе адноўлены.

– На пасяджэнні ў Вярхоўным судзе прысутнічалі каля двух дзясяткаў пісьменнікаў. Шмат хто з сяброў саюза знаходзіцца ўжо ў вельмі паважным веку і чакаў судовага рашэння дома. Скажам, Анатоль Вярцінскі, Віктар Казько, Васіль Зуёнак… Калі б так сталася, што ўсе 470 чальцоў СБП пасля вынясення прысуду сабраліся ў адным месцы, што б ты ім сказаў?

– Сказаў бы, каб бераглі сваё здароўе і не дужа шкадавалі і перажывалі з-за таго, што дзяржава ліквідавала наш СБП. Бо не саюз нас аб’ядноўваў, а любімая справа – літаратура. І права пісаць у нас ніхто ніколі не адыме. Як і права жыць і працаваць дзеля роднай Беларусі і набліжаць той дзень, калі наша краіна стане сапраўды дэмакратычнай і вольнай.

Публікацыя – з № 76 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: