Андрэй Арамнаў

Чэмпіён Алімпіяды-2008 ацаніў выступленне зборнай Беларусі на Алімпійскіх гульнях у Токіа, пакрытыкаваў сённяшняе спартыўнае кіраўніцтва і распавёў пра сваю сям’ю і планы.

Сёлетняе выступленне алімпійскай зборнай Беларусі на Гульнях у Токіа многія лічаць не проста няўдалым, а правальным. У гэтым годзе беларускія спартсмены паставілі антырэкорд за ўвесь час выступленняў на Алімпіядах – заваявалі ўсяго сем медалёў.

Акрамя таго, чыноўнікі трапілі ў міжнародны скандал з лёгкаатлеткай Крысцінай Ціманоўскай, а Нацыянальны алімпійскі камітэт – пад санкцыі.

Але міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук лічыць, што выступленне зборнай было не такім ужо і дрэнным.

«Паглядзіце на Літву, Латвію, Эстонію: колькі яны ўзялі медалёў? – заявіў спартыўны функцыянер. – Усяго адну. Казахстан – 8 бронзавых медалёў, Азербайджан – 7 медалёў… Я паставіў бы за выступленне нашай зборнай у Токіа задавальняючую адзнаку з маленькім плюсам».

– Я згодны з міністрам, што выступілі задавальняюча, – кажа Андрэй Арамнаў. – Па-першае, трэба ўлічваць, якая напярэдадні Гульняў была абстаноўка ў краіне, грамадстве і ў спартыўным асяродку. Некаторыя спартсмены не выступалі на Алімпіядзе па пэўных прычынах. Таму маглі нават і горшы вынік паказаць. Добра, што з’явіліся новыя зоркі ў нашым спорце, але самотна, што старых не берагуць.

– Што вы маеце на ўвазе?

– Мяне, напрыклад, не ўзялі на Алімпіяду. Ніхто не кантраляваў, каб я нармальна рыхтаваўся.

Увогуле, мне не падабаецца, што апошнім часам вышэйшае спартыўнае кіраўніцтва не размаўляе са спартсменамі. Ранейшыя міністры спорту, іх намеснікі заўсёды прыходзілі ў спартыўную залу, пыталіся: як у цябе справы, якія праблемы?

А зараз, калі б я гэтых начальнікаў выпадкова не сустракаў, то, напэўна, наогул ніколі не ўбачыў бы. Хаця, як мне падаецца, талковы кіраўнік павінен дайсці да кожнага. Не да трэнера, а менавіта да кожнага спартсмена. Тым больш калі ідзе падрыхтоўка да такіх адказных стартаў, як Алімпійскія гульні.

– На Алімпіядзе беларускія цяжкаатлеты нічога не паказалі і ўпершыню за доўгія гады прыехалі дадому без адзінага медаля…

– Кандыдатаў выбіралі трэнеры. І я бачыў абстаноўку ў спартыўнай зале перад Гульнямі.

Са мной ніхто не хацеў працаваць, пасля чаго я плюнуў і сказаў: «Я наогул спыняю падрыхтоўку. Не хочаце мяне рыхтаваць – пабачым, які вы дасце вынік».

Хаця не хачу кідаць камяні ў бок таго ж Яўгена Ціханцова, які атрымаў адзіную мужчынскую ліцэнзію ў Токіа. Ён яшчэ малады, магчыма, не мае багатага вопыту выступленняў на такіх прэстыжных спаборніцтвах, а адказнасць была вялікая. Ды і з траўмай паехаў. Але дрэнны вопыт – гэта таксама вопыт. Думаю, у Жэні ў будучым усё будзе нармальна.

Вы сказалі, што ў нас магло быць і менш медалёў. Чаму так мяркуеце?

– Думаю, з-за псіхалагічнай абстаноўкі ў камандзе. Як ужо казаў, асабіста я ніякай падтрымкі з боку чыноўнікаў не адчуваў. Чыноўнік – гэта ж не бог, не анёл, можа спусціцца на грэшную зямлю і пагутарыць са спартсменам, даведацца пра яго праблемы. Менавіта такім чынам і ствараецца нармальная псіхалагічная атмасфера ў калектыве.

Я ж кажу, што раней міністр спорту ці яго намеснікі прыходзілі да мяне і пыталіся не толькі пра цяжкую атлетыку, а нават пра сямейныя справы. Калі былі нейкія бытавыя праблемы, маглі дапамагчы, у іх ёсць некаторыя рычагі ўздзеяння. Можа, спартсмен закапаўся пад завязку ў бытавых пытаннях і яму не да паўнавартаснай падрыхтоўкі да спаборніцтваў. У каго прасіць дапамогі? Не кожны адважыцца запісацца на прыём да міністра.

Таму я заўсёды казаў і буду паўтараць: добры вынік складаецца з мноства розных дробязяў.

– Чым вы зараз займаецеся? Працягваеце трэніроўкі?

– У мінулым годзе я ўвесь час рыхтаваўся да спаборніцтваў, але ў выніку не выступіў ні на адным старце. А я ж ужо не хлопчык, мне 33 гады. Не магу доўга працаваць на вялікіх аб’ёмах. Таму ў мяне зараз перыяд лячэбных трэніровак, бо спорт здароўя не дадае. Я ўжо не кажу пра тых спартсменаў, каму за трыццаць, – нават маладыя «сыплюцца».

Мяне нярэдка крытыкуюць за тое, што я трэніруюся, а затым «завязваю» са спортам, вынік не паказваю. Дык у гэтым і заключаецца сэнс даўгалецця спартсмена. Калі ты будзеш думаць толькі пра вынік, а не пра сваё здароўе, то доўга не працягнеш.

Таму, калі бачу, што пачынаюцца праблемы, або адмаўляюся ад спаборніцтваў, або выступаю роўна настолькі, наколькі гэта дазваляе арганізм. У цяжкай атлетыцы немагчыма дзесяцігоддзямі выйграваць медалі. Або трэба, каб у цябе было фінансаванне на ўзроўні – думаю, не менш за 100 тысяч долараў.

У мяне нярэдка замежныя калегі пытаюцца: «Колькі чалавек, у якіх ёсць грошы, або спонсараў табе дапамагаюць рыхтавацца?» Я ім у адказ толькі ўсміхаюся. Ім не зразумелая наша сістэма, хаця сур’ёзная падрыхтоўка і насамрэч патрабуе сур’ёзных сродкаў. А цела – яно не жалезнае.

Я рыхтаваўся да Алімпіяды ў мінулым годзе, але ж яе перанеслі. І калі ў 2020 годзе было дастатковае фінансаванне, то ў гэтым я яго практычна не адчуў. Мне грошай не хапіла. А даставаць грошы з сямейнага бюджэту таксама не хацелася. Я не магу ахвяраваць дабрабытам сям’і.

– Вы зараз знаходзіцеся на стаўцы ў Міністэрстве спорту?

– Так, але калі пераводзіць грошы ў доларавы эквівалент, то сума становіцца ўсё менш і менш. А ўсе сур’ёзныя медыцынскія прэпараты закупляюцца за мяжой. Гэта таксама ўплывае на тваю падрыхтоўку.

– А прэміяльныя атрымліваеце?

– Калі перамог на чэмпіянаце Еўропы, атрымліваў прэзідэнцкую стыпендыю, там былі неблагія грошы. Былі прызавыя – каля 3 тысяч долараў. А на падрыхтоўку давялося патраціць каля 5 тысяч «зялёных». Добра яшчэ, што спонсары знайшліся, якія кампенсавалі выдаткі. Таму прызавыя настолькі смешныя, што цяжкаатлетам выгадна рыхтавацца толькі да чэмпіянату свету і Алімпіяды. На астатніх стартах плацяць капейкі, а здароўе не купіш. Трэба ж і пра сябе падумаць, і пра сваю сям’ю.

Старэйшай дачцэ 10 гадоў, узрост, калі чалавеку трэба і ў вучобе дапамагчы, і парадай. Малодшаму хутка два гады споўніцца. Дзеці падрастаюць, ім мая ўвага патрэбна…

Публікацыя – з № 76 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: