Анатоль Шумчанка

Былому лідару прадпрымальнікаў учора рэзка стала горш. Каранавірус даў ускладненне на сэрца.

«Пераводзяць у рэанімацыю па сэрцы! – паведаміў ён. – Усе астатнія паказчыкі здаровыя. Лекар так і сказаў – здаровы. Будуць УГД сэрца рабіць. Без кіслароду вельмі складана дыхаць. Вось тое каварства каранавіруса, пра якое кажуць дактары: кавід вылечылі, а памерці можна ад ускладненняў».

Анатолю Шумчанку стала горш літаральна за ноч, бо яшчэ пазаўчора усе паказчыкі былі больш-менш у норме.

«Рэзкае пагаршэнне, зноў пад кіслародам, – напісаў на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» Анатоль ўчора раніцай. – Усё вельмі дрэнна. Вось такія арэлі. Лекары робяць усё магчымае. Паспаў без кіслароду, раніцай кашаль з крывёю і здушванне ў грудзях. Увогуле аптымізму ў мяне ўсё менш і менш…»

У бальніцы Анатоль Шумчанка знаходзіцца ужо 22 дні – яго забралі з каранавіруснай пнеўманіяй на «хуткай». Жонка і маці таксама хварэлі, але ў іх кавід працякаў у больш лёгкай форме. Маці Анатоля, між іншым, зрабіла прышчэпку ад віруса.

На выхадных былому лідару прадпрымальнікаў прызначылі антыбіётыкі і адмянілі выпіску, на якую ён вельмі спадзяваўся, – не вельмі добрымі аказаліся вынікі чарговай камп’ютарнай тамаграфіі.

Амаль з першага дня ў бальніцы Анатоль Шумчанка знаходзіцца ў кіслароднай масцы: «Без яе дыхаць амаль не магу».

«Беражыце сябе і не хварэйце, сябры мае, – гаворыць Шумчанка. – І вялікі дзякуй урачам і медсёстрам – героям, якія нас лечаць. Яны рызыкуюць кожную секунду, і ад таго іх праца неацэнная».

Публікацыя – з № 76 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: