Георгій КАНДРАЦЬЕЎ, галоўны трэнер зборнай Беларусі па футболе

Галоўны трэнер зборнай Беларусі па футболе пацвердзіў «Народнай Волі» інфармацыю пра тое, што захварэў на каранавірус.

– У бальніцы нават не быў, ужо тыдзень знаходжуся дома пасля таго, як дыягнаставалі COVID-19, – кажа Георгій Пятровіч. – Былі і тэмпература, і кашаль, але зараз адчуваю сябе больш-менш нармальна. Няма ніякіх ускладненняў. Нават антыбіётыкі не піў, прымаю ў асноўным вітаміны.

– Як сям’я?

– Жонка яшчэ раней перахварэла на каранавірус і пасля гэтага зрабіла прышчэпку. А вось я не прышчапляўся.

– Усім жа раяць вакцынацыю…

– Адны кажуць, што гэта патрэбна, іншыя – не трэба. Адзін урач мне раіў вакцынавацца, другі сказаў: «Не спяшайся». Таму не разбярэшся, каму верыць, а каму не.

8 кастрычніка ў Таліне зборная Беларусі згуляе адборачны матч з эстонцамі. Хто будзе кіраваць нашай камандай?

– Трэнер зборнай Алег Радушка. А я 4 кастрычніка здаў паўторны тэст і пачакаю, якія будуць вынікі. Не думаю, што за тыдзень хвароба адступіць.

ТЫМ ЧАСАМ

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка таксама паведаміла, што заразілася каранавірусам.

«На жаль, у Індыян-Уэлсе (там пачынаецца тэнісны турнір) я здала станоўчы тэст і не змагу выступіць, – паведаміла другая ракетка свету ў «Інстаграме». – Адправілася ў ізаляцыю, дзе буду знаходзіцца, пакуль дактары не дазволяць выйсці. Пакуль што адчуваю сябе нармальна, але вельмі сумна, што не змагу згуляць».

Поделиться ссылкой: