Pfizer, вакцина против COVID-19

Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч заявіў у эфіры тэлеканала АНТ, што вакцыны Pfizer і AstraZeneca прайграюць расійскаму сродку “Спутник V” і па якасці, і па цане. Беларусь жа мае задачу бясплатна вакцынаваць усіх. Таму быў зроблены выбар на карысць больш даступных “Спутник V” і кітайскага Sinopharm, зазначае “Еўрарадыё”.

“Pfizer пакуль даражэй, чым існуючыя вакцыны, значна даражэй. Мы ставім сваёй мэтай бясплатную вакцынацыю. З гэтага пункту гледжання, ацэнкі якасці і даступнасці, Pfizer не з’яўляецца прыярытэтам”,  — заявіў Піневіч.

Тым не менш, ён не выключыў з’яўлення вакцын Pfizer і AstraZeneca ў будучыні. Але гэтыя прышчэпкі будуць ужо платнымі.

Пытанне аб заходніх вакцынах паўстала яшчэ і таму, што “Спутник V” і Sinopharm не адобраны ў ЕС і шэрагу іншых краін. Гэта істотна ўскладняе паездкі ў гэтыя рэгіёны.

Чацвёртая хваля, якая прыйшла ў Беларусь, характарызуецца вялікай колькасцю цяжкіх пацыентаў, адзначаюць медыкі. А прышчэпка дазваляе, калі не пазбегнуць хваробы, то істотна палегчыць сімптомы.

Як мы ўжо пісалі, першы намеснік міністра аховы здароўя Беларусі Алена Богдан распавяла ў інтэрв’ю тэлеканалу СТВ, што 99,9% пацыентаў ковідных аддзяленняў не прышчэплены ад каранавіруснай інфекцыі.

«У аддзяленнях рэанімацыі – у тых установах, дзе я была – 100% непрышчэпленых пацыентаў», – дадала Алена Богдан.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, поўны курс вакцынацыі на 1 кастрычніка ў Беларусі прайшлі больш за паўтара мільёна чалавек (каля 17%). Першую дозу атрымалі – каля 2,2 мільёнаў (крыху больш за 23%).

Поделиться ссылкой: