Фермер Раман Мажэйка

З Раманам Мажэйкам я планаваў пагутарыць аб папулярным зараз трэндзе – вырошчванні сельгаскультур без хімічных угнаенняў і гербіцыдаў. Аднак падчас размовы тэматыка значна пашырылася.

«Займаўся тым, што прыносіла прыбытак, але…»

Раман Мажэйка жыве ў вёсцы Галынка Гродзенскага раёна. Фермерствам займаецца з 2007 года. Ён пенсіянер. Мае ў арэндзе 100 гектараў зямлі, набыў некалькі трактароў, адмысловы інвентар. Спецыяльнай адукацыі не атрымаў, але большасць свайго жыцця адпрацаваў на зямлі, а таму, як сам зазначае, колькі жыве і працуе, столькі і вучыцца, бо інакш у сённяшніх умовах гаспадарку весці немагчыма.

Спрабаваў займацца і раслінаводствам, і жывёлагадоўляй – тым, што давала прыбытак, але жыццё ўвесь час уносіла свае карэктывы.

– Пачынаў з бульбы, – згадвае Мажэйка. – Прывёз з Польшчы насенне, высадзіў клубні на 40 гектарах, быў небывалы ўраджай! Можаце ўявіць: здаў на крухмальны завод 3 тысячы тон бульбы на 75 тысяч долараў (у эквіваленце), а разлічыцца са мною цалкам так і не змаглі.

Потым гадаваў свіней, меў ферму на 500 галоў і мяса здаваў на перапрацоўку. Але і гэтым доўга займацца не давялося.

– Афрыканская чума спыніла свіны бізнес, – уздыхае Мажэйка.

У выніку з’явілася новая тэма.

Праблема знайсці работнікаў

Апошнія гады ва ўсім свеце адчувальна вырасла запатрабаванне на натуральныя прадукты. Гэта ўжо нават не мода, а неабходнасць. А таму зусім не дзіўна, што ў адказ на патрэбы людзей вытворцы пачалі прапаноўваць шмат розных арганічных прадуктаў.

У Беларусі таксама на паліцах крамаў прадаюць арганічную садавіну і гародніну, фермерскае малако і іншыя прадукты. Праўда, кошты на іх у 2–3 разы вышэйшыя, чым на звычайныя, але лічыцца, што яны больш карысныя.

Дзевяць гадоў таму Раман Мажэйка задумаў вырошчваць арганічныя трускалкі. Маўляў, хацелася для дзяцей і ўнукаў чыстых ягад. Пад гэтую культуру выдзеліў 10 гектараў зямлі. Насенне зноў жа набываў за мяжой, прычым браў як ранніх, так і позніх гатункаў.

– Большасць прадукцыі забіраюць гандляры з Масквы, – расказвае фермер. – Ужо некалькі гадоў адзін і той жа пакупнік прысылае фуры і забірае амаль увесь ураджай. Астатнюю частку рэалізуем на гродзенскім рынку. Адным словам, са збытам праблем не маем.

Паводле слоў спадара Рамана, ураджайнасць трускалак, якія вырошчваюцца без хімічных угнаенняў і гербіцыдаў, не саступае ураджайнасці ягад, якія прадукуюць масава. Праўда, зазначае: яго клубніцы значна смачнейшыя і карыснейшыя для чалавека, але ж вырасціць іх у некалькі разоў даражэй, чым звычайныя, з хімічнай апрацоўкай.

– У мяне стала працуюць восем работнікаў, якія займаюцца пасадкай, праполкай, – кажа Мажэйка. – На збор ураджаю часам даводзіцца наймаць 30–50 чалавек.

Фермер заўважае, што адной з праблем стала тое, што з кожным годам робіцца ўсё цяжэй знайсці людзей на збор трускалак. Сёлета, кажа, шмат ягад засталося ў полі праз тое, што не хапіла рук, каб сабраць.

Раман Іпалітавіч прызнаецца: ужо і хацеў бы кінуць вырошчванне ягад, але, маўляў, увязаўся ў гэтую справу, а цяпер спыняцца не выходзіць. Толькі апошні раз за насенне новых гатункаў, якія набываў у Іспаніі, заплаціў 8 тысяч еўра – хочаш не хочаш, а трэба ўсё гэта адпрацоўваць.

– Канешне, рэалізацыя трускалак дае прыбытак, але гэтыя грошы цяпер вельмі хутка з’ядаюць розныя гаспадарчыя патрэбы, – сумна заўважае фермер. – Попыт на арганічныя прадукты ёсць, а прапанаваць іх больш і розных – не ў стане.

«Фермерства не мёд»

Некалькі гадоў таму была задума перавесці ўсю гаспадарку на арганічныя рэйкі. Планаваў фермер Мажэйка вырошчваць збожжавыя і бульбу без хімічных угнаенняў і гербіцыдаў. Пачаў рыхтаваць зямлю пад гэта, але атрымаць сертыфікат аказалася праблематычна.

– Тады падобныя сертыфікаты выдавалі ва Украіне. Але загнулі цану ў 6 тысяч еўра – я падумаў і адмовіўся, – згадвае спадар Раман.

Тады яшчэ ён сам ездзіў на BMW, а цяпер у карыстанні толькі бус васьмідзясятых гадоў выпуску. А таму і пра арганічную гаспадарку думак ужо няма. Бо яна патрабуе значных людскіх рэсурсаў і вялікіх грашовых укладанняў.

– У апошнія гады так усё даражэе, што проста дзіву даешся! – эмацыйна заўважае фермер. – Паліва, запчасткі… Трактар за дзень 200 літраў саляркі спальвае. Толькі ў фонд сацыяльнай абароны за сваіх работнікаў штоквартальна плачу 4 тысячы рублёў. Сёння фермерства не мёд, асабліва калі хочаш займацца арганічным раслінаводствам.

Чаму так?

Задумаў фермер узяць новы малы трактар у лізінг, а каб вырашыць гэтае пытанне, папер патрэбна столькі, што партфель не зашпільваецца. І трактар даводзіцца купляць не беларускі, а кітайскай зборкі, бо па цане велізарная розніца.

– Ну а што рабіць, калі беларускі трактар каштуе 40 тысяч долараў, а такі ж кітайскі – 15 тысяч? – задае рытарычнае пытанне спадар Раман.

Падобная сітуацыя і з запчасткамі для тэхнікі. Нядаўна давялося замяніць гідраразмеркавальнік у трактары, то беларускі каштуе 3 тысячы рублёў, а зроблены ва Украіне і прывезены ў Беларусь – 1,5 тысячы. Купіў украінскі.

Летам, каб падключыць палівачныя агрэгаты, патрэбна шмат электраэнергіі. Электралінія праходзіць побач з полем. Дастаткова паставіць адзін слуп, каб замацаваць на ім трансфарматар, але гэта невырашальная праблема, таму вымушаны выкарыстоўваць бензінавыя генератары, якія вельмі затратныя.

Мы сустрэліся ў полі – спадар Раман сам апрацоўвае яго на трактары. І гэта пры тым, што пару месяцаў таму перанёс аперацыю на сэрцы.

– Няма каму даверыць дарагую тэхніку, – ён усміхаецца, але вочы сумныя. – Тут ёсць трактарысты, але такія, што за рулём могуць і заснуць.

Дарэчы, у Мажэйкі двое дарослых сыноў, напачатку яны працавалі ў бацькі на гаспадарцы, але апошнія гады, калі заробкі зусім упалі, вымушаны былі з’ехаць у горад.

Публікацыя – з № 75 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: