Генадзь Бураўкін

Сёлета споўнілася 85 гадоў з дня нараджэння Генадзя Бураўкіна. І ўжо сем гадоў яго няма з намі – Паэта і Грамадзяніна, чыё жыццё прайшло пад знакам высокага служэння роднай літаратуры і Бацькаўшчыне.

Працуючы на высокіх пасадах (старшыня Дзяржкамітэта па тэлебачанні і радыё БССР, паўнамоцны прадстаўнік Рэспублікі Беларусь у ААН, намеснік міністра культуры), ён заўсёды адстойваў беларускія нацыянальныя інтарэсы, клапаціўся пра пашырэнне беларускай мовы, падтрымку беларускай культуры. Таму і быў вымушаны пры прэзідэнцкай уладзе сысці ў адстаўку, хоць меў вялікі досвед працы ва ўладных структурах і мог прынесці шмат карысці маладой дзяржаве і народу.

Народу ён усё ж паслугаваў – толькі ўжо як выдатны паэт, непераўзыдзены лірык, на чые вершы напісаны папулярныя песні, якія сталі сапраўднымі візітоўкамі Беларусі. Паэтычныя творы Генадзя Мікалаевіча амаль цалкам апублікаваны (апошняя прыжыццёвая кніга «Нагаварыцца з зоркамі» выйшла за некалькі дзён да смерці).

Бясспрэчна, зацікавяць чытачоў і дзённікавыя запісы паэта, якія зберагаюцца ў сямейным архіве. Першымі з імі маюць магчымасць пазнаёміцца чытачы «Народнай Волі», за што мы выказваем шчырую ўдзячнасць Юліі Якаўлеўне Бураўкінай. Запісы (іх хопіць на некалькі тамоў) рабіліся на працягу многіх гадоў пераважна на лецішчы ў Крыжоўцы. Мы выбралі для публікацыі нататкі за 2012 і 2013 гады.

З дзённікавых запісаў

2012 год. 11 верасня

Дзень адпавядае вызначэнню «залатая восень» – і я спрабую сесці за рабочы стол. Але словы чамусьці не ідуць. Няма той лёгкасці, калі яны прыходзяць нібы самі сабой. Дзіўлюся, нават злуюся на сябе, але натхненне і блізка не хоча са мною суседзіцца. Ці «растрэніраваўся», ці проста пастарэў. Памераў ціск – і ўсё стала зразумела. Давялося піць каву і ляжаць на тапчане. Трохі палягчала, але было не да вершаў. Пазбіраў яблыкі, трохі пакасіў траву, спаліў смецце…

Генадзь Бураўкін: «Стандарты дыктатуры і стандарты дэмакратыі супасці не могуць»
Генадзь Бураўкін у працоўным кабінеце. 2012 год.

18 верасня

У апошнім «ЛіМе» праглядзеў публікацыі да 100-годдзя М.Танка. Добра, што адзначылі юбілей шырока і з належнай павагай. Але не хапіла мне ў матэрыялах (артыкулах, успамінах) шырыні і глыбіні роздуму над творчасцю сапраўды выдатнага паэта. Мнагавата шкалярства (нават у В.Рагойшы). А вось старонкі кнігі Ул.Калесніка ўражваюць. Гэта і сапраўдная літаратура, і сапраўдная аналітыка. Яе гэтак не хапае нашым сённяшнім крытыкам. Ці то яны слаба дасведчаныя, ці то нейкія палахлівыя ў сваіх высновах. Ці то проста чужыя ў дачыненні да беларускай літаратуры. А шкада. Мала напісаць твор, трэба яго яшчэ сур’ёзна прачытаць (як зрабіў Бялінскі з Пушкіным, Бярозкін – з Куляшовым, Стральцоў – з Багдановічам, Адамовіч – з Гарэцкім). Гэта так патрэбна ў сённяшнія прагматычныя дні!..

Вечарам «Свабода» агаломшыла паведамленнем аб смерці Уладзіміра Пузыні (72 гады). Гэта агромністая, непапраўная страта для беларускай культуры. Такога другога майстра народных нацыянальных інструментаў у нас няма. А які гэта быў шчыры беларус! Які слаўны, вясёлы чалавек! Зусім нядаўна ён тэлефанаваў мне і на пытанне пра здароўе адказаў гарэзліва: «Яшчэ п’ю…» І вось няма Валодзі, які ўмеў абудзіць мелодыю не толькі ў сурме ці дудзе, а і ў чарацінцы і саломінцы. Прыветлівы, вусаты хлопец у вышыванай кашулі і саламяным брылі гукамі сурмы пачынаў З’езд за Незалежнасць, многія нашы святы і мітынгі. Наш родны, наш незабыўны сурмач. Бывай, Валодзя! Бывай, музыка!..

23 верасня

Непрыветлівы, змрочны дзень. Прапаліў усе печкі (і на кухні). І тут да мяне раптам заявіліся Уладзімір Някляеў і Ігар Шклярэўскі. Ігар толькі што прыехаў з Масквы (пагуляць у казіно) і захацеў пабачыцца. Селі ў кухні. Сабраў тое-сёе на стол, бо Валодзя з Ігарам, акрамя бутэлькі чырвонага сухога «Мерло» і кавалка карэйкі, нічога не прывезлі.

Ігар гэткі ж худы і натапыраны. Чамусьці начапіў усе свае лаўрэацкія медалі і такім чынам нібы напомніў мне, які ён таленавіты і прылашчаны. Расказваў увесь час пра нейкіх алігархаў, якія яго любяць і даюць яму грошы на казіно (дзе ён часцей за ўсё прайграе) і выданне кніг. Нашы праблемы і «балячкі» (перш за ўсё палітычныя) яго мала турбуюць. Ён лёгка гатовы супрацоўнічаць з Лукашэнкам, калі той згодзіцца яго падтрымаць. Выношвае ідэю паставіць у Магілёве на беразе Дняпра помнік хлопчыку з вудачкай (самому сабе – юнаму). Чытаў тры новыя вершы. Выдатныя! Паэт ён бліскучы і надзіва арганічны, светлы.

Валодзя Някляеў, відно па ўсім, пакутуе ад свайго сённяшняга становішча палітычнага дзеяча. Не зусім гэта ягонае, але адступаць ужо позна. Мне яго шкада, але што тут паробіш? Відаць, хацеў пра тое-сёе пагаварыць са мною, але Ігар замінаў. А мы ж абое яго любім…

Пад канец Ігар раптам пачаў спяшацца ў Мінск. Я, наіўны, ніяк не мог даўмецца, у чым справа, пакуль Валодзя са смехам не тыцнуў мяне носам у горкую рэальнасць: хутка адчыняюцца казіно…

28 верасня

Зранку было хмурна. У абед неба ачысцілася і выглянула сонца. Кінуўся збіраць яблыкі. І раптам чую ад ганка голас – прыехаў Фядута. Прывёз мне абяцаны том паэзіі Янкі Юхнаўца. Запрасіў Сашу на кухню, ускіпяціў каву і прапанаваў кілішак каньяку. Ён не толькі не адмовіўся, а, наадварот, са смакам кульнуў некалькі чарак. Гаварылі пра многае (пра сітуацыю ў краіне, пра новыя кнігі, пра некаторыя моманты ягонага турэмнага жыцця). Не абмінулі і Уладзіміра Някляева. Я выказаў шкадаванне, што ён залішне ўцягнуўся ў палітыку. «Адпусціце вы яго!» – узмаліўся. «Для гэтага ён павінен сам прыняць рашэнне», – адказаў мне Фядута і ашарашыў мяне навіной, што Валодзя збіраецца прымаць удзел у прэзідэнцкіх выбарах 2015 года. Гэта значыць, што паэзія зноў адыходзіць (ва ўсіх сэнсах) на другі план. Мяне гэта ўсё, вядома, засмуціла. Але жыццё ёсць жыццё…

2 кастрычніка

Вечарам слухаў «Свабоду» – у «Вольнай студыі» выступаў Іван Драч. Гаварыў разумна, шчыра і памяркоўна, не так запальчыва і горача, як Дзмітро Паўлычка. Але адчувалася, што і ва Украіне цяпер вельмі няпроста. Самыя высокія словы сказаў Іван пра Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна і пра мяне (назваў мяне наогул братам). І я горка ўсміхнуўся – усе мае блізкія сябры ў Кіеве (Паўлычка, Драч, Алейнік) – Героі Украіны, а я (як і Ніл, і Рыгор) – «пятая калона», адзін з пастаянных удзельнікаў «чорных спісаў»…

11 кастрычніка

Прачытаў у «Народнай Волі» артыкул Валеры Косткі «Правда дъявола». Разумны і даходлівы матэрыял пра сітуацыю ў краіне. Асабліва мне спадабалася месца, дзе Валера піша (у адказ на дэмагогію Лукашэнкі і ягоных падпявал) пра так званыя двайныя стандарты палітыкаў Захаду. Ніякіх падвойных стандартаў на самой справе няма. Ёсць стандарты дыктатуры і стандарты дэмакратыі, і супасці, сысціся яны не могуць. І, магчыма, нават шчыра той-сёй у нас шукае гэткі несправядлівы падыход да «беларускага пытання». А тут усё проста: мы жывём па законах дыктатуры, і нам чужыя прынцыпы дэмакратыі, а заходнікі не могуць зразумець і прыняць тое, дзе груба парушаюцца парадкі цывілізаванага (дэмакратычнага) свету. І чакаць «збліжэння» гэтых полюсаў больш чым наіўна…

Разумны, цікавы чалавек В.Костка. Вось такіх бы паболей ды яшчэ ў авангардзе апазіцыі. Нешта ён там не да месца, не ведаю чаму.

13 кастрычніка

Па тэлевізары (АНТ) перадалі новы фільм да 100-годдзя Максіма Танка. Вельмі слабы, традыцыйна гладзенькі і фармальны. Няўдалы вядоўца М.Мішчанчук – халодны, трошкі нават нечым напалоханы школьны настаўнік (такое ўражанне, хоць на самой справе ён – прафесар). Нейкія «нежывыя» (акрамя Васіля Зуёнка) і іншыя ўдзельнікі. Вершы падабраны часам «тэматычна» і таму не робяць уражання. Танк як выдатны паэт не відзён і не чуцён. Расчараваў і ягоны сын Максім, мала таго, што практычна нічога цікавага не сказаў, дык яшчэ і гаварыў увесь час па-руску…

Такімі фільмамі – пра носьбітаў дзяржаўных узнагарод і званняў – мы толькі адбіваем у людзей ахвоту больш ведаць сваіх герояў, больш чытаць (і разумець) паэзію.А якая ж выдатная асоба – складаная, супярэчлівая, непаўторная – Максім Танк! Як бы можна (і трэба!) было сказаць пра яго, усхвалявана, разумна і цёпла!..

1 лістапада

У некаторых СМІ разгарэлася своеасаблівая міні-дыскусія, лічыць ці не Навіцкага, які паляцеў на новы зорны «тэрмін», героем беларускай касмічнай гісторыі. А ўсё, па-мойму, вельмі проста: вядома, герой, вядома, беларус-касманаўт, але персанаж расійскай касмічнай гісторыі. Нарадзіўся ў Чэрвеньскім раёне, але ж рыхтаваўся да палёту ў Расіі і паляцеў на расійскай тэхніцы і на расійскія грошы. Не трэба нашай дзяржаве прысвойваць сабе чужыя заслугі. Будзем радавацца, што яшчэ адзін беларус сягнуў да зор, але аддамо належнае (і славу) Расіі – гэта яна запусціла яго ў казачны палёт.

Да чаго ж няўклюдная наша тутэйшая прапаганда! А трэба быць проста праўдзівымі і аб’ектыўнымі. І будзем Навіцкага чакаць на зямлі, у тым ліку і на радзіме – у Чэрвеньскім раёне. Расійскага касманаўта, беларуса.

3 лістапада

Вечарам (ужо ў Мінску) патэлефанаваў Г.І.Данілаў. Запрашаў разам (з В.Кебічам, І.Лучанком і інш.) адзначыць гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі. Казаў, што ўсе яны вельмі паважаюць і памятаюць мяне. Я адмовіўся, бо заняты. Але, калі казаць шчыра, я б і не пайшоў у гэтую кампанію. Бясспрэчна, таленавіты, але, па-мойму, сур’ёзна псіхічна нездаровы Лучанок, які нясе ўсякую лухту на Беларусь і адкрыта выслужваецца (і песнямі, і паводзінамі) перад Масквой. Глыбока несімпатычны мне алкаголік Кебіч, які гатовы быў, калі ўзначальваў урад, прадаць Беларусь Расіі. Данілаў, што настальгуе па савецкім часе і «моцных» кіраўніках… Так, я даўно іх ведаю. Толькі гэта не тыя людзі, з якімі я хацеў бы быць побач, якім мог бы прыадчыніць душу. Хай яны абыходзяцца без мяне.

4 лістапада

Вялікае, неспадзяванае расчараванне – аўтарскі вечар Эдуарда Ханка ў Белдзяржфілармоніі. Зала паўнюткая, атмасфера добразычлівая, а праграма – неарганізаваная, сумбурная, правінцыяльная. Амаль не было чамусьці зорак, толькі Ядзя Паплаўская, Саша Ціхановіч ды Іна Афанасьева. Ніякай рэжысуры, ніякай асноўнай скразной думкі. Эдуард яўна пераацаніў свае здольнасці, узяўшы на сябе ролю і вядучага, і рэжысёра, і рэдактара. І атрымалася гэткая хатняя сямейная вечарына з відэапраглядамі і ўспамінамі.

Усе артысты выступалі пад фанаграму (часта не лепшую). Перабор з дачкой – ажно чатыры песні. Перабор з дзіцячым танцавальным ансамблем «Палескія зорачкі» з Мазыра. Зусім недарэчны дуэт «СССР» з Расіі – былыя афганцы спявалі песні ўласнага аўтарства. Навошта была прысутнасць (і выступленне) дэпутата Дзярждумы Клінцэвіча? Чаму не было многіх калег Ханка? І ўжо незразумелым хамствам было тое, што ў рускамоўных песнях называліся (кожны раз) паэты, а ў беларускіх – ні разу. Няўжо Эдзік сапраўды лічыць, што І.Рэзнік і Л.Рубальская – «выдатныя майстры слова», а мы з Нілам Гілевічам – няўмекі і няўдаліцы? Ох, як часта ў нас такое бывае!

Калі б не заключны «блок» Паплаўскай і Ціхановіча, дык можна было б вечар назваць самадзейным і непрафесійным.

Прагучалі тры мае песні – «Саперніца», «Малітва» і «Завіруха» («Белы снег»). Сустракалі вельмі добра, асабліва дзве апошнія…

Вярталіся мы з Юляй амаль раззлаваныя. Можна ж было наладзіць свята музыкі. Песні ж у Ханка сапраўды цудоўныя і папулярныя. А тут так усё спехам кінулі ў мех і высыпалі на даверлівых гледачоў. Дарма зрабіў гэта Ханок, дарма. Ён варты куды большай павагі, любові і ўдзячнасці. А атрымаўся шэраговы аўтарскі канцэрт. Шэраговы.

Генадзь Бураўкін: «Стандарты дыктатуры і стандарты дэмакратыі супасці не могуць»
Калыханка ад Бураўкіна. 2013 год

27 лістапада

Сёння «Народная Воля» дала вялікую нізку маіх новых вершаў. І нечакана на мяне абрынулася мноства тэлефонных званкоў. Яны былі не толькі ад мінскіх сяброў, але і з Магілёўшчыны (Ф.Шкірманкоў, М.Яцкоў), з Віцебшчыны (М.Даргель), з Глуску (Н.Сандамірскі)… Вядома, прыемна. Ніколі не думаў, што будзе такая рэакцыя. Як мне здавалася, былі ў мяне (у той жа «Народнай Волі») публікацыі ніколькі не горшыя. Але такога розгаласу не было. Паразважаўшы, я прыйшоў да высновы, што людзі (чытачы) засумавалі па так званай грамадзянскай лірыцы. Залішне многа ў паэзіі апошняга часу або агульных рэфлексій, або лабавой газетчыны. А споведнай лірыкі, гарачага грамадзянскага пачуцця не хапае. А мне тое-сёе ўдалося. Вось людзей нераўнадушных гэта і зачапіла. Значыць, недарэмна мы хвалюемся і недарэмна сядаем за стол з чыстым аркушам паперы. Слова сумленнае і небяздарнае жыве і патрэбна.

3 снежня

Быў на сустрэчы ў школе №212. Прайшло ўсё добра – вучні слухалі ўважліва, па-мойму, усё правільна ўспрымалі. Раскупілі ўсе кнігі, якія мы з Людмілай Васільеўнай Несцяровіч прывезлі. Хораша пагаманілі з настаўніцамі, выслухалі іх турботы і трывогі. Выціскаецца са школ беларуская мова. На родную літаратуру ў старэйшых класах адводзіцца ўсяго дзве гадзіны. І, як прызналіся выкладчыцы, палова з іх траціцца на тое, каб растлумачыць сэнс тых ці іншых слоў. Няма элементарнага ведання беларускай мовы. Якое ўжо тут адчуванне прыгажосці стылю ці своеасаблівасці пісьменніка! Вакол усё (усе прадметы, выхаваўчая работа, розныя мерапрыемствы) вядуцца па-руску. Беларуская мова ўсё больш робіцца непатрэбнай «абавязалаўкай», адпіхваецца ў закутак, пачувае сябе чужой.

Дзяржава нічагусенькі не робіць, каб неяк падтрымаць матчыну мову, заахвоціць яе вывучэнне вучнямі і педагогамі. Нейкае інтэлектуальнае вар’яцтва, пачварнае самаедства. Усё трымаецца на голым энтузіязме, на тых шчырых патрыётах, якіх, на жаль, усё менее. У педуніверсітэтах скарачаюць выпуск беларускамоўных настаўнікаў, ды і тыя, хто атрымлівае адпаведны дыплом, часта самі не ідуць далей «трасянкі».

Паплакаліся адны адным, хоць трохі, як кажуць, адвялі душу. А дзеткі нейкай генетычнай памяццю цягнуцца да беларушчыны, з радасцю адгукаюцца на беларускія вершы, калі яны мілагучныя і шчырыя. Але над усім вісяць сталінскія вусы самага зацятага ворага ўсяго нацыянальнага, які па іроніі лёсу і народнай даверлівасці стаў самым галоўным чыноўнікам, прарасійскім і па сваіх памкненнях, і па сваім характары… Сумна.

15 снежня

У філармонні адбыўся агульнагарадскі вечар, прысвечаны Янку Купалу і Якубу Коласу. Раней юбілеі песняроў адзначалі асобна. Цяпер вырашылі сэканоміць – няма чаго траціць увагу, сілы і грошы на кожнага нацыянальнага генія, хопіць аднаго вечара на дваіх. Гэта ж не хакеісты ці модныя папсавікі – можна ўсё правесці сціпла. І ў залі, вядома ж, не было высокага кіраўніцтва. Гэта раней на такія мерапрыемствы лічылі абавязкам (і гонарам) прыйсці і П.Машэраў, і Ц.Кісялёў…

Людзей было шмат. Мяне, вядома ж, ніхто запрашаць не збіраўся, бо ўсё рабілася афіцыйна. Запрашэнне даў Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч, сын Якуба Коласа.

Урачыстасць была праведзена арганізавана і прыстойна, праўда, даволі звычна, у традыцыях урадавых канцэртаў. Спевакі спявалі прафесійна, артысты чыталі вершы юбіляраў выразна. «Ад нашчадкаў» выступілі Мікола Мятліцкі (верш пра Купалу) і Навум Гальпяровіч (верш пра Коласа). У Мятліцкага была доўгая графаманістая пуга. У Гальпяровіча – верш прахадны, але кароткі.

Незабыўнымі атрымаліся дзве падзеі вечара: выступленне Міхася Канстанцінавіча і Генадзя Аўсяннікава. Першы гаварыў разумна, шчыра і прачытаў на памяць раздзел з «Сымона-музыкі», дзе дастаецца і маскалям, і ляхам. Зала слухала, сцяўшы дыханне, і пасля ўзарвалася сапраўднай авацыяй. Гэта было не проста слова сына класіка, а грамадзянскі ўчынак, калі быў адкінуты чыноўніцкі хваласпеў і сказана пра самае галоўнае, чым жылі нашы геніі, – пра лёс Беларусі.

А потым проста геніяльна прачытаў славутага Купалавага «Мужыка» Гена Аўсяннікаў. Як жа надзённа гэта прагучала: «Я буду жыць, бо я мужык!», «Што чалавек я, хоць мужык!» Зноў выбухнула зала, усё зразумеўшы і ацаніўшы веліч і прароцтва Купалы…

Генадзь Бураўкін: «Стандарты дыктатуры і стандарты дэмакратыі супасці не могуць»
Генадзь Бураўкін з маці. 2013 год.

18 снежня

Калі прыходзіць «Народная Воля» і там ёсць матэрыял Святланы Калінкінай, я адразу яго пачынаю чытаць. Люблю гэтую журналістку, па-мойму, зараз найлепшую ў Беларусі. Чалавек са светлай галавой, вельмі чулым сэрцам, аналітычным талентам і высокім прафесійным майстэрствам. Вось і сёння яна выступіла з бліскучым артыкулам «Людаедства». Дакладна, глыбока і балюча. Не сумняваюся, што многія (а жанчыны дык і са слязамі) прачытаюць яго, усхвалююцца і цалкам пагодзяцца з аўтарам. І толькі так званыя «власть имущие» зноў зробяць выгляд, што гэта іх не датычыцца і тупа, холадна прамаўчаць. У каторы раз.

Пры савецкай уладзе на выступленні прэсы абавязкова рэагавалі (іншая справа як – часам фармальна, а часам і па-езуіцку), але не прыкідваліся абыякавымі да «голасу народа». А цяпер чыноўнікі проста плююць на журналістаў, а на «нячэсных» дык яшчэ могуць і падаць у суд ці нават закаваць у кайданкі. Нібы рэальна жыве ў нас дзве дзяржавы – адна лукашэнкаўская, грозная і ўсемагутная, а другая «просталюдзінная», бедная, напалоханая і бяспраўная. Яны неяк суіснуюць, не часта перасякаючыся і не верачы адна адной, пазбягаючы рэзкіх канфліктаў. І самае страшнае, што многіх гэта задавальняе, многія да гэтага прывыклі. Вось Святлана і спрабуе разбудзіць сумленне, прымусіць людзей думаць і разважаць.

(Працяг у наступным нумары.)

Публікацыя – з № 75 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: