Былы галоўны трэнер зборнай Беларусі па цяжкай атлетыцы распавёў «Народнай Волі», чаму на апошняй Алімпіядзе ў Токіа беларускія штангісты не заваявалі ніводнага медаля.

Заслужаны трэнер Беларусі Аляксандр Ганчароў узначальваў нацыянальную каманду з пачатку 2000-х да 2013 года. Знялі з пасады як быццам за скандалы ў камандзе і няўдалае выступленне зборнай на Гульнях-2012 у Лондане, дзе беларускія цяжкаатлеты заваявалі два бронзавыя медалі.

Для інфармацыі: на Алімпіядзе ў Токіа ў нашых штангістаў нуль медалёў, што можна лічыць самым сапраўдным правалам…

– Выступленне і насамрэч няўдалае, – кажа Аляксандр Васільевіч. – Па-першае, на гэтых Гульнях наша зборная праз наступствы допінгавых скандалаў была прадстаўлена толькі двума атлетамі – Яўгенам Ціханцовым і Дар’яй Навумавай.

Па-другое, тая ж Дар’я была адзіным чалавекам у камандзе, які мог выступаць на Алімпійскіх гульнях. Калі б атрымала траўму перад паездкай у Токіа, то не было б каго і пасылаць. Больш спартсменак яе ўзроўню не маем.

– Сумная сітуацыя…

– Жаночая зборная сёння аказалася, як кажуць, на нулявым цыкле. Па сутнасці, працу трэба пачынаць з нуля. Неяк ваш калега Барыс Тасман напісаў так: «Жаночая спартыўная гімнастыка ляжыць, а мужчынская ўкладваецца». Прыкладна тое самае зараз адбываецца і з цяжкай атлетыкай.

Але, калі сярод жанчын канкурэнцыі для Навумавай зусім не назіралася, то сярод мужчын усё-такі было з каго выбраць. Але выбралі менавіта Яўгена Ціханцова, хаця яшчэ да паездкі ў Токіа ўрачы з РНПЦ давалі заключэнне, што спартсмен траўміраваны і гэта траўма можа праявіцца на Алімпіядзе. Які быў сэнс везці туды чалавека, які мог у адказны момант падвесці? У выніку так яно і здарылася.

Чаму не ўзялі ў такім выпадку Эдуарда Зязюліна, які мог рэальна прэтэндаваць на медаль? Не хочацца нікога вучыць, але мне падаецца, што трэнерскі склад павінен больш аб’ектыўна падыходзіць да пытання адбору кандыдатаў на Гульні. А так няма медаля ні ў краіны, ні ў Зязюліна, ні тым больш у Ціханцова.

Увогуле лічу: калі вырашаюцца такія пытанні, у іх абмеркаванні павінны браць удзел не толькі сябры трэнерскага савета, але і прадстаўнікі абласцей, якія зацікаўлены ў камплектаванні каманды.

– Можна сказаць, што ў Беларусі цяжкая атлетыка ў пэўным сэнсе дэградуе?

– Цяжкая атлетыка ў нас нікуды не знікла, але бываюць перыяды, калі трэба рабіць работу над памылкамі. Таму ў гэтай галіне, як мне падаецца, сёння патрэбна жорсткая ракіроўка – трэба даць магчымасць праявіць сябе спецыялістам, якія ўжо маюць вялікі вопыт работы з нацыянальнай камандай, паказвалі высокія вынікі, у тым ліку і на Алімпійскіх гульнях. А гэты момант, які мы зараз перажываем, трэба перацярпець. Неабходна знайсці перспектыўных спартсменаў і трэнераў, якія адновяць статус-кво.

– Калі вы былі галоўным трэнерам зборнай, каманда без медалёў з Гульняў не вярталася…

– Я прайшоў разам з нацыянальнай камандай тры алімпійскія цыклы. На Алімпіядзе-2004 нашы штангісты заваявалі тры медалі, у Пекіне ў 2008 годзе – тры медалі, у Лондане ў 2012-м – два медалі. На Гульнях-2016 мой вучань Вадзім Стральцоў заваяваў сярэбраны медаль. Лічбы гавораць самі за сябе, паказваючы эфектыўнасць нашай працы.

Сёння я нікога не папракаю, але мне ў той жа час балюча за нашу цяжкую атлетыку. Я сорак гадоў адпрацаваў трэнерам, з іх дванаццаць – галоўным трэнерам нацыянальнай зборнай і тры гады – старшым трэнерам. Таму, калі паглядзеў, як нашы спартсмены выступілі на Алімпіядзе ў Токіа, зразумеў: да Гульняў каманду вялі не тыя людзі, якія павінны былі гэта рабіць…

Публікацыя – з № 75 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: