Калонка Алеся Няўвеся
Калонка Алеся Няўвеся

У жыхаркі Брэста злодзей украў 5 пярсцёнкаў і бранзалет. Ён залез у кватэру праз
незачыненнае балконнае акно і зняў каштоўнасці з рук жанчыны, калі тая спала.

Добра жыць, калі багаты!
Ёсць адна апаска ўсё ж:
Можаш трапіць ты за краты,
Як утоіш нейкі грош.
А як выплаціў падаткі
Да капейкі, да рубля,
Можаш гойсаць без аглядкі
І спакойна спаць пасля.
Так, прынамсі, нас з экрана
Падатковыя чыны
Пераконваюць старанна:
Грошы трэба для казны.
Маладзіца тая, пэўна,
Не падлічвала рублі
І жыла як каралеўна
(Хай бы так усе жылі).
А чаму, лічу, не тонкі
У жанчыны кашалёк?
На руках яе — пярсцёнкі,
Добра бачныя здалёк,
Зіхаціць-блішчыць на сонцы
Адмысловы бранзалет
(Падарыў бы гэткі жонцы,
Ды ў мяне трашчыць бюджэт),
Дарагія завушніцы,
Не дзяшовае калье…
Пазайздросцім маладзіцы —
Многа грошай у яе!
Як за пазухай у Бога,
Так сказаць, яна жыве,
І ніякая трывога
Не сядзіць у галаве.
Людзі ставяцца пачціва,
Не праследуе закон.
Бо падаткі заплаціла,
І таму спакойны сон!
Спіцца крэпка маладзіцы,
Бы на рынку, далібог,
Прадала мяшок пшаніцы —
Так сказаць, без задніх ног.
Маладзіцы й ночы мала,
Каб усе пабачыць сны —
Днём яна таксама спала.
Чалавек са стараны,
Што па вулцы міма крочыў,
Кінуў позірк на акно,
І на лоб палезлі вочы,

Як убачыў шык жаночы —
На царыцы ўсё адно
Упрыгожанняў. З імпэтам
У акно дзяцюк палез.
І не плоцкі меў пры гэтым —
Меў ён шкурны інтарэс.
Рабаўнік — няма й гамонкі…
Маладзіца сніла сны.
Ён здымаў з яе пярсцёнкі,
А жанчына хоць бы хны,
Як забітая, ляжала —
Хоць страляй над ёй з гармат.
Рабаўнік залез удала,
У яго здабычы шмат.
Галава гудзе ў ахвяры,
Думкі лезуць у глузды:
Лепей сніліся б кашмары —
Не было б такой бяды…

* * *

Для жанчыны вынік гадкі,
І шкадуе ўжо яна,
Што дарма, відаць, падаткі
Аддала ў казну спаўна…

Запрашэнне

— Прыходзь увечары, сусед.
Не будзе дома жонкі,
Я “затаварыўся” як след
Для шчырае гамонкі.
Развеем скруху і нуду,
Як возьмем мы на грудзі!
— Не, не хачу. Я лепш прыйду,
Каля цябе не будзе.

Лепшая гульня

Я заўжды хвалю хакей —
Аж сыходжу слінай,
Бо няма гульні дабрэй:
Клюшкай, як дубінай,
Разаб’еш камусьці твар,
І сядзець павінны
За такі бандыцкі ўдар
Толькі дзве хвіліны…

Яшчэ прыпомніць…

Падказку харошую дам
Наіўным мужам маладым:
Усё, што прабачыла вам,
Жанчына прыпомніць затым…

Публікацыя – з № 74 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: