Сябры – Ніл Гілевіч і Яўген Стасевіч

30 верасня спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння Ніла Сымонавіча Гілевіча – выдатнага паэта, перакладчыка, фалькларыста, дзяржаўнага і грамадскага дзеяча, шматгадовага аўтара «Народнай Волі». Так сталася, што каляндар пад гэтай датай адзначае яшчэ і Міжнародны дзень сэрца. Супадзенне, як падаецца, невыпадковае. «Так, ён меў вялікае беларускае сэрца», – пагадзіўся са мной кандыдат эканамічных навук Яўген СТАСЕВІЧ, які больш за паўвека сябраваў з народным паэтам і пагадзіўся сёе-тое цікавае прыгадаць.

– Спадар Яўген, пяцьдзясят з гакам гадоў непарушнага сяброўства – гэта, пагадзіцеся, рэдка бывае. А дзе і калі вы пазнаёміліся?

– У 1950 годзе ў піянерскім лагеры «Будаўнік» у вёсцы Воўчкавічы пад Мінскам. Там мы з Нілам працавалі піянерважатымі, як і нашы падапечныя, насілі чырвоныя гальштукі. Ён ужо тады вылучаўся сярод нас не толькі сваёй высокай постаццю і раскошнай чупрынай, але і прыцягальнай энергетыкай, рэдкай на той час інтэлігентнасцю. Я ведаў, што Ніл вучыўся ў педвучылішчы, але не падазраваў, што піша вершы, ён не прызнаваўся. А выявілася гэта так. У нас у лагеры быў выкладчык фізкультуры, які дужа ўлягаў за дзяўчатамі. Меў ён магутны целасклад, важыў, відаць, больш за цэнтнер, і мы яго за гэта звалі Бомам (мядзведзем). І вось неяк вечарам сядзім, размаўляем, а з недалёкіх кустоў выходзяць выкладчык з кухаркай, якая была вядомая вольнымі паводзінамі. Ніл тут жа выдаў экспромт: «Раз сядзелі мы на ганку, / гаварылі пра каханку, / раптам бачым – лезе Бома, / як мядзведзь той з буралома». Я кажу: «Ніл, дык ты ж паэт!» І ён прызнаўся, што піша.

– Вы па прафесіі тэхнар, інжынер абутковай прамысловасці. Што вас аб’ядноўвала?

– У нас была нейкая ўзаемная цяга адзін да аднаго. Да таго ж у яго жонка Ніна Іванаўна, і ў мяне таксама Ніна Іванаўна…

– Ніколі не пераблыталі?

– Не, што вы! Ніл адналюб, і я адналюб. Ён сваю жонку шчыра любіў і паважаў. Калі Ніна Іванаўна памерла, ён сабраў усе яе рукапісы мовазнаўчыя і выдаў. А яшчэ Ніл вельмі любіў слухаць мой гармонік, калі я беларускія песні спяваў (у маім рэпертуары іх больш за сотню, часам і мелодыі сам прыдумваю). Хоць я самавучка. Мне мама мая пасля вайны на апошнія грошы купіла гармонік. А потым новы і вельмі файны атрымаў у падарунак ад дырэктара Тульскай абутковай фабрыкі, калі я ўзначальваў Мінскае канструктарскае бюро скургалантарэйнай прамысловасці. Фактычна гэта быў інстытут саюзнай падпарадкаванасці са 150 супрацоўнікамі. Тады я нават быў узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны».

– На працы думалі пра чаравікі, а дома – пра песні?

– Так, мяне ўсё жыццё цягнула да песні, да паэзіі. Неяк у свой інстытут я запрасіў Ніла. Колькі было тады прачытана вершаў, напісана аўтографаў на ягоных кнігах! Дарэчы, у сваёй бібліятэцы я маю ўсе кнігі Гілевіча. Роўна 100 з іх з аўтографамі. Часам перачытваю і дзіўлюся – ён ні разу не паўтарыўся! Ёсць і вершаваныя надпісы. Напрыклад: «Яўген Дзянісавіч Стасевіч / не з тых, хто любіць серабро, / а з тых, хто ў душах бліжніх сеюць / пяшчоту, ласку і дабро. /Тады я быў бы салапякам, / калі б у дзень народзін твой / не выпіў чарку з добрым гакам, / каб Бог сто год быў над табой!»

– Шыкоўны аўтограф! Цяпер я разумею, чаму вы ўсе гілевічаўскія дарчыя надпісы сабралі і выдалі асобнай кніжкай. Але самая вядомая ваша кніга – «Хто ты, Вядзьмак-Лысагорскі?». Прызнайцеся, вы напісалі яе з падказкі Гілевіча?

– Нічога ён мне не падказваў. Ён і мне не прызнаваўся, што Вядзьмак – гэта ён. Я аддаў гэтай тэме чатыры гады жыцця, надрукаваў з дзясятак артыкулаў у розных выданнях. Каго толькі крытыкі ні залічвалі ў аўтары знакамітага «Сказа пра Лысую Гару»! І Рыгора Барадуліна, і Анатоля Вялюгіна, і Міколу Аўрамчыка, і Петруся Макаля, і Анатоля Астрэйку… І толькі мы з нябожчыкам Янусем Мальцам настойвалі, што Вядзьмак-Лысагорскі – гэта Гілевіч.

– Як вы лічыце, чаму ён так доўга не прызнаваўся?

– Я не аднойчы падгаворваў Ніла да гэтага. І бачыў, што яму хацелася… Але жонка, Ніна Іванаўна, была рашуча супраць. Казала: «Тады цябе проста жыўцом з’ядуць!» І праўда, у паэме шмат хто пададзены не з лепшага боку. А для мяне было відавочна, што ў рамана ў вершах «Родныя дзеці» і паэмы «Сказ пры Лысую Гару» аўтар адзін. А Гілевіч, помню, кажа: «А ты дакажы». Што ж, я чалавек упарты, у жыцці за што ні браўся, усё даводзіў да канца. Патраціў чатыры гады і даказаў. А праз год, у 2003 годзе, Ніл на старонках «Народнай Волі» расставіў усе кропкі над «і». Але ж і тут сёй-той захацеў прымазацца…

– Вы маеце на ўвазе Міколу Аўрамчыка? Лічыце, што ён не меў ніякага дачынення?

– Так, яго. Бо ён і пасля прызнання Гілевіча працягваў выказваць прэтэнзіі на аўтарства «Сказа…». Ну, якое дачыненне… Ён пастаўляў Нілу факты з Лысай Гары: як там пісьменнікі будаваліся, чым свае соткі ўгнойвалі. А яшчэ – друкаваў паэму на сваёй машынцы, размнажаў і дасылаў па розных адрасах. Вось і ўсё. Але чамусьці лічыў сябе суаўтарам і нават Максіму Танку пра гэта гаварыў. Але прысвоіць чужы твор – як адабраць у кагосьці кавалак хлеба.

– Ну, на кавалак хлеба ў Беларусі ўжо даўно літаратурай не заробіш. Наадварот беларускім пісьменнікам даводзіцца выдавацца за ўласныя сродкі. Вось і Ніл Гілевіч збор твораў у 23 тамах выдаў за сваю пенсію. Дарэчы, там на адным з тамоў – падзяка вам за дапамогу.

– Калі выйшлі першыя два тамы, і я пабачыў, у якое становішча пастаўлены народны паэт (а пенсія ў яго была зусім невялікая), то вырашыў дапамагчы. Ну, у мяне нейкая капейчына ў запасе была – з атрыманых ад немцаў марак.

– Вы ездзілі на заробкі ў Германію?

– Не, я атрымаў тыя маркі як былы вязень фашысцкіх лагераў. Справа ў тым, што ў 1943 годзе ўсіх мужчын вёскі Шчадроўшчына колішняга Заслаўскага раёна (у тым ліку і мяне з бацькам) немцы вывезлі ў Германію. Мне тады было ўсяго 13 гадоў, падлетак. Спачатку мы былі ў канцлагеры Гросрозен. Напакутаваліся там!.. Відаць, я і пражыў амаль 91 год, бо ў маладосці перажыў цяжкасці вялікія, прайшоў загартоўку. З канцлагера нас завезлі ў горад Заген, на нямецкую біржу працы. І там прадалі за грошы.

– Як рабоў у сярэднявеччы?

– Як рабоў. Мяне за 300 марак купіў адзін даволі багаты баўэр, па-савецку яго можна было б назваць кулаком. У яго на гаспадарцы працавалі дзве полькі, француз, украінец ну і я. Горш за усіх баўэр ставіўся да мяне. Я вечна быў галодны. Калі нейкі суп заставаўся ў каструлі, то мне казалі аднесці сабаку. А я выйду, дап’ю той суп і кажу сабаку: прабач, але я таксама галодны… Баўэр быў дэмабілізаваным афіцэрам, параненым на Усходнім фронце. І казаў мне ў вочы, што «калі прыйдуць рускія, то заб’юць мяне, але спачатку я заб’ю цябе». Божа ты мой!.. Я чакаў свабоды і – чакаў сваёй смерці. Урэшце нас вызвалілі савецкія войскі, гаспадар уцёк, не паспеўшы ажыццявіць сваю пагрозу.

– Вось якім чынам былі заслужаны тыя маркі. А хіба яны не прыдаліся б вашай сям’і?

– Прыдаліся б і сям’і, але я вырашыў аддаць іх Гілевічу. Мы склаліся з сябрам Аляксандрам Барсуковым і цалкам заплацілі за выданне трэцяга тома. А рэшту марак я патраціў на Нілаў партрэт, які ён не мог выкупіць у мастака.

– Партрэт, які вісіць у вас на сцяне?

– Гэта фотакопія. Арыгінал у Гілевічавай кватэры. А было так. Неяк Ніл у размове прызнаўся, што мастак Міхаіл Моўчан напісаў яго партрэт. Ён яму падабаецца, але няма за што выкупіць… Пайшоў я да таго мастака ў майстэрню, а там цэлая галерэя партрэтаў – і Васіль Быкаў, і Максім Танк, і Сяргей Грахоўскі, і Іван Чыгрынаў… Партрэтаў дваццаць стаіць, і ніхто не забірае – таксама грошай няма. Моўчан пытаецца: «Хто вас цікавіць?» – «Гілевіч». – «А кім вы яму будзеце?» – «Сябрам». – «О, вы першы сябра, які зацікавіўся. Я для вас скідку зраблю. Забірайце за 200 долараў».

– А які на той час у вас заробак быў?

– Я тады ўжо быў на пенсіі, атрымліваў долараў дваццаць-трыццаць. Купіў я той партрэт, прынёс да Гілевіча, паставілі мы яго на крэсла, глядзім і любуемся. Зайшла і паэтава жонка, паглядзела на мяне і кажа: «Божачка, няўжо яшчэ ёсць на свеце такія людзі?!» Нават у шчаку мяне пацалавала. І Ніл потым прызнаўся, што той партрэт – найлепшы падарунак, які ён атрымаў у жыцці.

– Аднойчы мне пашчасціла апынуцца ў застоллі, дзе былі Янка Брыль з Нілам Гілевічам. Як яны спявалі дуэтам! А калі вы на гармоніку ігралі, напрыклад, «Вы шуміце, бярозы», Ніл Сымонавіч падпяваў?

– Не, ён свае песні не спяваў, толькі народныя. І жонка яму падпявала, таксама галасістая была. І сёння помню, як яна заводзіць (спявае): «Ой, аралі хлопцы ніву, / паламалі ярмо. / Хадзіў хлопец да дзяўчыны, / толькі хадзіў дармо…» А калі я пачынаў «Вы шуміце…», «Я хаджу закаханы ў твае краявіды» ці «Студэнтачку», Ніл замаўкаў і толькі слухаў. А сустракаліся мы часта, бывала, па некалькі разоў на тыдзень. І нам заўсёды было весела і цікава.

«Ніл Гілевіч надпісаў мне 100 сваіх кніг і ні разу не паўтарыўся!»
«Вы шуміце, шуміце нада мною, бярозы»

– У вас на сцяне толькі два партрэты – Пушкіна і Гілевіча. Вы іх поруч ставіце?

– Вы ведаеце – стаўлю! Ніл Гілевіч для мяне паэт такога ж маштабу, як і Пушкін. І нават большы, паколькі ён свой, беларускі. Таму я іх разам і павесіў. Гілевіч – з’ява незвычайная, дагэтуль па заслугах не ацэненая. Яму па жыцці больш зайздросцілі, чым аддавалі належнае. Ён жа не толькі паэт, але і драматург, фалькларыст, эсэіст, празаік, літаратуразнаўца, сатырык, перакладчык. Няма такой славянскай літаратуры, якою б ён не цікавіўся, не перакладаў. Адных балгарскіх паэтаў – цэлы том атрымаўся. Ніхто з беларускіх паэтаў столькі не зрабіў у міжнародным маштабе, як Ніл.

«Ніл Гілевіч надпісаў мне 100 сваіх кніг і ні разу не паўтарыўся!»
Той самы партрэт мастака М.Моўчана

– Гады два таму «Народная Воля» па вашай ініцыятыве друкавала адкрыты ліст дзеячаў беларускай культуры да мінскіх улад з прапановай ушанаваць памяць Ніла Гілевіча. У адказ – нуль увагі. Вы маеце надзею ўсё ж пабачыць у Мінску вуліцу Ніла Гілевіча?

– Пакуль жыву – спадзяюся. Ну хоць бы мемарыяльную дошку хай бы павесілі на доме, дзе ён жыў: вуліца Маркса, 36. Ну слухайце, усе народныя пісьменнікі маюць па вуліцы – і Пімен Панчанка, і Янка Брыль, і Максім Танк… А ў Гілевіча ні вуліцы, ні дошкі. Так нельга. Я перакананы, што з цягам часу ўсё з’явіцца, але, думаю, не пры гэтай уладзе. Яна замоўчвала Гілевіча пры жыцці, працягвае замоўчваць і цяпер. А я дзякую Богу за тое, што ён узнагародзіў мяне такім сябрам – таленавітым і сардэчным – на ўсё жыццё.

Публікацыя – з № 74 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: