ААТ «Гродна Азот»

Што думаюць і гавораць аб сітуацыі на сваім прадпрыемстве рабочыя буйнейшага
ў СНД і Усходняй Еўропе вытворцы хімічных угнаенняў – ААТ «Гродна Азот»?

Карэспандэнт «Народнай Волі» паразмаўляў з рабочымі.

Адметнасцю журналісцкай працы апошнім часам з’яўляецца тое, што пры падрыхтоўцы матэрыялу людзі, якія пагаджаюцца размаўляць, даволі часта ставяць умову: не называць прозвішчаў. І гэта ў лепшым выпадку, большасць наогул адмаўляецца гаварыць з журналістам.

Пішуць шмат, а работнікі гавораць мала

У СМІ час ад часу з’яўляецца інфармацыя аб тых ці іншых праблемах на прадпрыемстве «Гродна Азот». Былі звесткі, што, каб абысці санкцыі, пачалі маскіраваць прадукцыю пад іншыя маркі і таму падобнае. Паведамлялася, што работнікі пачалі заўважаць недахоп фінансавых сродкаў на мадэрнізацыю састарэлага абсталявання.

2 верасня на пераходным конусе пад’ёмнай трубы 12-га рада печы рыформінгу была выяўлена расколіна, адбыўся выхад газу. Гэта інфармацыя многіх напалохала, паколькі тэхнічныя службы пасля ўсебаковага аналізу прынялі рашэнне аб далейшай эксплуатацыі абсталявання пры выкананні дадатковых мер бяспекі і кантролю. Зрэшты, заводская шматтыражка паведаміла, што праз тыдзень запланавана спыненне цэху і тады адбудзецца рамонт дэфектнага вузла. Так і сталася, дзякуючы Богу без усякіх аварый.

Рабочыя даволі спакойна аб гэтым гавораць. Так, Аляксандр (прозвішча прасіў не называць) заўважыў, што на прадпрыемстве такія рэчы вельмі дасканала абследуюцца спецыялістамі:

– Я хоць і працую ў іншым цэху, але разумею, што адбылося. Калі пасля абследавання спецыялісты вырашылі, што тыдзень да спынення цэх можа працаваць, то, хутчэй за ўсё, так і ёсць. Там усё вельмі строга, кожная праверка заносіцца ў адмысловы журнал, абы-чаго людзі туды не пішуць.

Слесар-рамонтнік Дзмітрый Заблоцкі, цяпер ужо былы работнік «Гродна Азота» (яму не працягнулі кантракт), з горыччу заўважае, што, на жаль, высакакласных рамонтнікаў на прадпрыемстве становіцца ўсё менш:

– У мяне больш за 10 гадоў стажу, маю высокую кваліфікацыю, на Дошцы гонару вісеў мой партрэт, але гэта аказалася не галоўным – звольнілі. Яны што хочуць, тое і робяць. Зараз у брыгаду набралі шэсць маладых хлопцаў, якія ўвосень ідуць у войска. А рамонты на прадпрыемстве складаныя, і хтосьці павінен іх рабіць.

Дзмітрый распавёў, што пасля падзей мінулага года некаторыя з яго калег, таксама высакакласныя спецыялісты, вымушаны былі з’ехаць з сем’ямі за мяжу і працуюць зараз там.

У кожным цэху свая атмасфера

Разважаючы аб агульнай сітуацыі на прадпрыемстве і адносінах рабочых з адміністрацыяй, мой папярэдні суразмоўца Аляксандр заўважае: у кожным цэху свая атмасфера, усё залежыць ад кіраўніцтва. Напрыклад, у іх цэху і начальнік, і кіраўнікі змен былі на баку рабочых, калі тыя выходзілі на страйк. Хоць і не афішавалі гэтага, але не прымушалі нікога падпісваць рознага кшталту паперы супраць увядзення санкцый. Нават хадзілі ў адміністрацыю і заступаліся за тых, з кім не працягвалі кантракт пасля забастоўкі 2020 года. Праўда, прызнае мой суразмоўца, такая атмасфера не ў кожным цэху.

Апошнім часам, заўважае Аляксандр, змянілася стаўленне і з боку адміністрацыі прадпрыемства. У прыватнасці, гаворыць рабочы, перасталі распаўсюджваць агітацыйныя ўлёткі, не развешваюць новых загадаў наконт узмацнення дысцыпліны, прыпыніліся звальненні, якія пасля мінулагодняга верасня былі масавымі.

– Апошнім часам і яны сцішыліся, – кажа Аляксандр. – Убачылі, колькі страцілі адмыслоўцаў з 10-, 15-гадовым досведам. Звольнілі высакакласных спецыялістаў, а замяніць іх няма кім. Некаторым жа нават пасылалі лісты з просьбай вярнуцца. А напачатку і слухаць нікога не хацелі.

Іншы рабочы, Мікалай, разважае пра заробкі на прадпрыемстве. Ён працуе на шкоднай вытворчасці і кажа, што ў Расіі на падобных прадпрыемствах заробкі больш высокія.

– Канечне, адносна таго, што атрымліваюць іншыя, гэта нібыта і нямала, – гаворыць Мікалай. – Мы маем па 1200–1500 рублёў – у Гродне цяжка знайсці працу з такім заробкам. Але калі паглядзець, як растуць кошты на прадукты, лекі, паслугі, то нашы грошы – гэта толькі каб пражыць месяц сям’ёй.

Планавыя рамонты пакуль праводзяцца, але…

Аб умовах працы і састарэлым абсталяванні разважае кіраўнік Незалежнага прафсаюза Андрэй Ханевіч. Паводле яго слоў, абсталяванне на прадпрыемстве насамрэч састарэлае, але планавыя рамонты пакуль праводзяцца. Няма і праблем з патрэбнымі дэталямі, бо іх закупілі зараней:

– Да планавых рамонтаў, як правіла, рыхтуюцца загадзя. Пытанне – што будзе потым. Санкцыі пачынаюць дзейнічаць, і запасныя дэталі, вузлы наўрад ці ўдасца набываць у Еўропе. А кітайскія запчасткі, як усім вядома, маюць іншую якасць.

А вось спадар Заблоцкі ўпэўнены, што да рамонту адміністрацыя падыходзіла неналежным чынам: у прыватнасці, інструмент і неабходнае абсталяванне закупляецца тэхналагічна састарэлае:

– Да прыкладу, нехта закупляе зварачныя апараты, якія мы не можам падняць на вышыню, іх цяжка насіць з месца на месца. Хаця на іншых прадпрыемствах, звычайна прыватных, мы бачым больш прафесійны, лёгкі і эфектыўны інструмент, з якім значна прасцей і лягчэй працаваць. Чаму гэтага нельга зрабіць на «Азоце»?

Слова «забастоўка» не гучыць нават у курылцы

Насцярожыла рабочых выказванне ў адным інтэрв’ю лідара Беларускага аб’яднання рабочых Сяргея Дылеўскага, які знаходзіцца за мяжой і які аб’явіў, што на гродзенскім прадпрыемстве склалася перадзабастовачная сітуацыя. Ніхто з маіх суразмоўцаў не захацеў каментаваць словы Дылеўскага. Спадар Аляксандр заўважыў, што нават у курылцы цяпер менш чуваць незадаволеных выказванняў.

– Кожны цяпер замкнуўся у сабе, стала шмат недаверу адзін да аднаго. Людзі закрыліся. Слова «забастоўка» наогул не гучыць, – канстатуе мой суразмоўца. – Адчуваецца, што кожны нечага чакае і імкнецца не распаўсюджвацца.

Падсумоўваючы сітуацыю, спадар Заблоцкі выказвае сваю думку на гэты конт:

– Пераважная большасць працоўных на прадпрыемстве, у тым ліку і з кіраўніцтва, супраць таго, што адбылося ў краіне ў мінулым годзе. Але ўсе баяцца і маўчаць. Тыя, хто не баяўся, ужо з Беларусі з’ехалі.

Так будуюцца адносіны наймальніка і Незалежнага прафсаюза

З мінулага года, калі на «Гродна Азоце» змяніўся генеральны дырэктар, кіраўнік пярвічнай арганізацыі Незалежнага прафсаюза Андрэй Ханевіч так і не змог патрапіць да яго на прыём, хаця звяртаўся не аднойчы. У выніку напісаў ліст, у якім прапанаваў абмеркаваць пытанні аб сумеснай канструктыўнай дзейнасці па забеспячэнні стабільнай і эфектыўнай працы прадпрыемства. Адказ прыйшоў за подпісам генеральнага дырэктара Ігара Ляшэнкі.

Гендырэктар патлумачыў лідару Незалежнага прафсаюза, што нават ва ўмовах санкцый ЗША і ЕС прадпрыемства працягвае рэалізоўваць ўсе намечаныя інвестыцыйныя праекты, дасягае ключавых паказчыкаў бізнес-плана, праводзіць капітальныя рамонты вытворчага абсталявання, выконвае ўсе ўзятыя на сябе абавязацельствы ў адпаведнасці з Калектыўнай дамовай. А вось, маўляў, аб дзейнасці Незалежнага прафсаюза ні калектыў, ні наймальнік ніякім чынам не інфармаваны. Больш за тое, генеральны дырэктар выказаў пэўны сумнеў наконт таго, ці даводзіцца наогул да членаў пярвічкі БНП інфармацыя аб мерах, якія прымае адміністрацыя па падтрыманні стабільнай працы прадпрыемства, аб’ектыўна і поўна.

Спадар Ляшэнка папракнуў кіраўніка Незалежнага прафсаюза: «…ні словам, ні справай не спрабуеце па меншай меры асудзіць прынятыя ў дачыненні да нашага прадпрыемства санкцыйныя рашэнні ЗША і ЕС».

І, падсумоўваючы, гендырэктар выказаў нязгоду са статутам прафсаюза, паводле якога наймальнік і іншыя асобы, якія маюць права прыёму і звальнення, не могуць быць членамі Незалежнага прафсаюза. Спадар Ляшэнка лічыць, што падобная норма носіць дыскрымінацыйны характар і ўступае ў супярэчнасць з заканадаўствам РБ. Ён прапанаваў пярвічцы ініцыяваць прывядзенне асноўнага дакумента прафсаюзнай арганізацыі ў адпаведнасць з заканадаўствам. Маўляў, такі крок мог бы стаць пачаткам у будаўніцтве канструктыўных адносін з наймальнікам.

У Незалежным прафсаюзе пакуль ніяк не адрэагавалі на гэты ліст.

Публікацыя – з № 74 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: