14 верасня на нарадзе ў Савеце Рэспублікі па тэме супрацьдзеяння распаўсюджванню COVID-19 было афіцыйна абвешчана, што ў краіну прыйшла новая хваля пандэміі каранавіруса.

«Мы бачым, што пайшоў рост захворванняў, – заявіла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. – Гэта звязана ў тым ліку і з ростам іншых сезонных захворванняў. І мы павінны быць да гэтага гатовы».

За два дні да нарады з удзелам Наталлі Качанавай і кіраўніцтва Міністэрства аховы здароўя на «Мінск-Арэне» хакейнае «Дынама» прымала казанскі «Ак Барс» і атрымала першую дамашнюю перамогу. На матчы, як сведчыць афіцыйная статыстыка, прысутнічалі 7260 гледачоў, якіх клуб сардэчна запрасіў на трыбуны і ў далейшым. У мінулую суботу на матч з піцерскім СКА прыйшла рэкордная колькасць балельшчыкаў – каля 13 тысяч.

13 верасня, за дзень да той жа нарады, Міністэрства спорту і турызму радасна адрапартавала, што «ў беларускай сталіцы прайшоў Мінскі паўмарафон, у забегах удзельнічалі 10 тысяч чалавек – як айчынныя аматары здаровага ладу жыцця і спартсмены, так і госці з-за мяжы».

Арганізатары былі крыху засмучаны, што ў гэтым годзе з-за пандэміі давялося абмежаваць колькасць удзельнікаў, але і 10 тысяч нямала ў той час, калі спадарыня Качанава заклапочана «ростам захворванняў».

А Міністэрства аховы здароўя 13 верасня падрыхтавала свой рапарт: «за мінулыя суткі ў Беларусі зафіксавана 1888 выпадкаў каранавіруса, памерлі 12 чалавек».

Добра, безумоўна, што спартыўныя чыноўнікі клапоцяцца пра «здаровы лад жыцця», але ці варта было праводзіць 10-тысячны паўмарафон у такія няпростыя часы? Ці ёсць гарантыя, што масавыя спаборніцтвы не ўплываюць на рост захворвання? Атрымліваецца, адны правакуюць сітуацыю, а другія пасля хапаюцца за галаву, калі «ў краіну прыйшла новая хваля каранавіруса». Навошта?

Зрэшты, і самі спартсмены ды трэнеры становяцца ахвярамі віруса. Напрыклад, дзяржаўны трэнер па біятлоне Юрый Альберс паведаміў, што некалькі біятланістаў асноўнага складу зборнай Беларусі атрымалі станоўчы вынік тэста на каранавірус пасля вяртання з Антхольца, дзе каманда праходзіла перадсезонны збор. Цяпер і тыя, хто падхапіў вірус, і тыя, каго ён мінуў, вымушаны знаходзіцца на самаізаляцыі. Яны прапусцілі чэмпіянат Беларусі, які праходзіў у Раўбічах.

Галоўны трэнер барысаўскага БАТЭ Віталь Жукоўскі таксама шчыра прызнаўся, што зрабіў тэст, які даў станоўчы вынік на COVID-19.

«Потым пайшлі здаваць тэсты і трэнеры, і футбалісты, – распавёў трэнер. – І ўсім пачало паказваць, што ў іх таксама станоўчы тэст.

Так, я перахварэў на каранавірус, і ўсе хлопцы ў нас перахварэлі. Дзякуй Богу, што на дадзеным этапе ва ўсіх адмоўныя вынікі тэста».

Зразумела, што цалкам ізалявацца ў нейкім вакууме спартсменам ці каму б то ні было не ўдасца, але асабіста я не разумею ні тых, хто бярэ ўдзел у такіх мерапрыемствах, як Мінскі паўмарафон, ні тых, хто іх арганізоўвае.

Самі ствараем для сябе праблемы, якія затым гераічна пераадольваем. І гэта пры лепшым раскладзе…

***

Як уплывае на вірус навакольная тэмпература?

Ніяк. Такі адказ дае Сусветная арганізацыя аховы здароўя. Няма падстаў лічыць, што халоднае надвор’е можа збіць наступленне новых штамаў каранавіруса ці іншых хвароб. Ніяк не абараняе ад інфіцыравання вірусам COVID-19 і гарачая ванна.

Нармальная тэмпература цела чалавека застаецца на ўзроўні 36,5–37°С незалежна ад вонкавай тэмпературы і надвор’я.

Публікацыя – з № 74 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: