Падручнік гісторыі

З усіх школьных падручнікаў найбольш не шанцуе падручнікам па гісторыі Беларусі – іх ледзь не штогод перапісваюць у адпаведнасці з найноўшымі палітычнымі ўстаноўкамі. А яны змяняюцца, як карты ў руках шулера. То афіцыйны Мінск з Еўропай шматвектарна сябруе, то ледзь не абвяшчае вайну калектыўнаму Захаду. То ўлада лічыць БНР паўнапраўнай папярэдніцай БССР і РБ, то залічвае бээнэраўскі сцяг у экстрэмісцкія сімвалы. То яна ў Курапатах помнік ахвярам сталінскага тэрору ставіць, то раптам збіраецца паставіць помнік Сталіну…

І ўсё гэта ў той ці іншай меры павінна знайсці сваё адлюстраванне ў тых самых падручніках. З гэтым ледзь спраўляюцца выбраныя Міністэрствам адукацыі гісторыкі, даводзіцца арганізоўваць цэлыя аўтарскія брыгады. Вось і выдадзены сёлета падручнік па гісторыі для 11 класа пісалі ажно шасцёра – Наталля Барабаш, Аляксандр Корзюк, Віталь Ёцюс, Павел Мацюш і Андрэй Салаўянаў. А вядома – дзе нянек многа, там дзіця бязнога.

Адразу кідаецца ў вочы, што новы падручнік мае на мэце надзённую з гледзішча ўлады задачу – дыскрэдытаваць у вачах школьнікаў бел-чырвона-белы сцяг і лозунг «Жыве Беларусь!». Адкрывае адзінаццацікласнік, напрыклад, раздзел пра вайну і са здзіўленнем даведваецца, што лозунг «Жыве Беларусь!» – гэта аналаг нацысцкага вітання «Хайль Гітлер!». Аналаг – ні больш ні менш! Няўжо не разумеюць аўтары, што гэта сцвярджэнне, з якога боку – лінгвістычнага ці гістарычнага – ні зірні, поўная бязглуздзіца? Гэткаму «аналагу» радуецца хіба сам фюрэр-людаед, зігуючы чарцям з кіпячай смалы ў пекле. Як не можа не радавацца і таму, што ў памятным для яго Беларусландзе ў народных школах (як пішацца ў падручніку) дзеці, аказваецца, вывучалі яго біяграфію.

Помніцца, я спецыяльна апытваў трох знаёмых навукоўцаў, якія вучыліся ў такіх школах, – члена-карэспандэнта НАН Беларусі Алега Лойку, доктара філалагічных навук Арсеня Ліса і кандыдата філасофіі Міхаіла Іоську (іх сведчанні апублікаваны ў «Народнай Волі» за 3 верасня 2019 года). Ніякіх біяграфій Гітлера яны не вывучалі! Пра тое ж піша гісторык Юрый Туронак у сваёй аўтарытэтнай працы «Беларусь пад нямецкай акупацыяй». А падручнік даводзіць: вывучалі. Тут ужо і Гебельс у суседнім катле цешыцца: ёсць каму і ў ХХІ стагоддзі міфы пра тысячагадовы Рэйх сачыняць.

Далей аўтары падручніка на поўным сур’ёзе даводзяць, што бел-чырвона-белы сцяг і «Пагоня» былі неад’емнымі атрыбутамі пры знішчэнні яўрэяў у гета і пры спальванні беларускіх вёсак. Такой бяды, што гісторыя Халакосту (а яна даўно напісана) такіх фактаў не фіксуе. Такой бяды, што не знойдзена ніводнага (ніводнага!) сведчання пра знішчэнне нашых незлічоных хатыняў пад сцягам, пад якім прыносіў прысягу першы прэзідэнт Беларусі. Не знойдзена ні ў архівах, ні ў тых гімалаях літаратуры пра Вялікую Айчынную вайну, якія ёсць у нашых бібліятэках. Дык на чым аўтары падручніка грунтуюць сваё галаслоўнае сцвярджэнне? І Мінадукацыі хоча, каб гэтыя сцвярджэнні старшакласнікі прынялі на веру?

А як ім прыняць на веру адсутнасць у падручніку звестак аб ГУЛАГу? Яго што, не было ў СССР? Вось у Заходняй Беларусі пры паляках, як сцвярджаюць аўтары, дзейнічалі ажно 19 турмаў, а «архіпелаг ГУЛАГ», праз які прайшлі мільёны, як выглядае, прыдумаў Салжаніцын. Палітычныя рэпрэсіі ў падручніку, праўда, згадваюцца, але аўтары пішуць пра той час так, нібы на іх ужо кінуў цень будучы помнік генералісімусу: «Руководство Компартии во главе с В.И.Сталиным взяло курс на форсированную индустриализацию промышленности и коллективизацию сельского хозяйства. Это потребовало мобилизации усилий населения всей страны и абсолютной поддержки государственной политики. Развернулась борьба с противниками политического курса. Среди репрессированных были те, кто вел контрреволюционную деятельность, занимался вредительством, участвовал в антисоветстких восстаниях». Фармулёўкі – як з перадавіцы «Правды» ўзору 1937 года. Ці з нядобрай памяці «Кароткага курса ВКП(Б)».

А як старшакласнікам ставіцца да фармулёўкі, што «распад СССР – найбуйнейшая геапалітычная катастрофа ХХ стагоддзя»? Разважаючы лагічна, тады і з’яўленне на яго месцы 15 незалежных дзяржаў – таксама катастрофа. У тым ліку і з’яўленне Рэспублікі Беларусь. Ну проста самаедства нейкае. І на такім самаедна-палітычным вінегрэце Мінадукацыі хоча выгадаваць патрыётаў Беларусі? Улічыўшы яшчэ і той факт, што гісторыю Беларусі беларускія школьнікі (нават у беларускамоўных школах!) вымушаны вывучаць па-руску.

За гэта – асаблівы «дзякуй» міністру адукацыі Ігару Карпенку. Нават у часы Савецкага Саюза, калі ўсім кіравала любімая ім камуністычная партыя, да такой непрыхаванай русіфікацыі школьнай адукацыі не даходзіла. Напрыклад, аўтар гэтых радкоў вывучаў гісторыю Беларусі па падручніку, адным з аўтараў якога быў сумна вядомы Лаўрэнцій Абэцэдарскі. Фальсіфікатар яшчэ той. Асветніцу Еўфрасінню Полацкую называў не іначай як цемрашалкай. Але падручнік быў на беларускай мове.

Вывучаць гісторыю Беларусі па-руску – гэта як вывучаць беларускую літаратуру ў перакладах. Паспрабуйце пачытаць «Новую зямлю» ці «Бандароўну» па-руску – ні смаку, ні ўражання, ні суперажывання. Эрзац нейкі. Так і з гісторыяй. Увесь патрыятычны складнік, закладзены ў сам прадмет, размываецца чужамоўем і зводзіцца на нішто.

А як юным чытачам «Истории Беларуси» для 11 класа ўцяміць, хто быў першым кіраўніком незалежнай Беларусі? Пра Станіслава Шушкевіча ў падручніку – ні слова. У адпаведным раздзеле адразу – два партрэты Лукашэнкі. Дык хто ад імя Беларусі Віскулёўскія пагадненні падпісаў – ён? Ці рагаты белавежскі зубр? Сеў за стол з Ельцыным і Краўчуком і падмахнуў капытом…

Кажучы на мове падручніка, вопиюще адсутнічае ў ім не толькі Шушкевіч. Скажам, няма там першага беларускага лаўрэата Нобелеўскай прэміі Святланы Алексіевіч. Увогуле, у раздзеле «Сучасная літаратура» не названа ніводнага імя! Мастакоў на суседняй старонцы – цэлы ўзвод, а пісьменнікаў – няма. Вымерлі, як маманты.

Дарэчы, і з пісьменнікамі ранейшых эпох у падручніку – яўны перакос. Партрэтна прысутнічае Пятрусь Броўка, але няма Васіля Быкава. Ёсць Цётка, а адсутнічае Якуб Колас.

А найбольш дзіўна прадстаўлена беларускае кіно. Вы думаеце – кадрамі з пташукоўскага «Знаку бяды» ці тураўскіх «Людзей на балоце»? Зусім не. Кадрам з «Прыгодаў Бураціна»! Галоўны беларускі кінагерой – Бураціна! Брава, аўтары!

Ваш падручнік яшчэ дапрацоўваць і дапрацоўваць, а ён выдадзены накладам ажно 112.000 асобнікаў і адпраўлены ў школы. Гэта ж колькі бюджэтных грошай зглумлена!..

Ідэйны натхняльнік новага падручніка Ігар Марзалюк нядаўна на старонках «СБ» расхваліў яго да нябёс і нечакана падагульніў: «В том, что минимальное число школьников и студентов было на улицах в те дни (маецца на ўвазе жнівень 2020-га – М.С.) – это заслуга в том числе и гуманитарного образования Беларуси».

Тут ён відавочна даў маху. Большую частку масавых пратэстных шэсцяў складала якраз моладзь, якой абрыдла жыць у штодзённай афіцыйнай хлусні. На жаль, новы падручнік гісторыі выплюхвае на галовы школьнікаў яе дадатковую порцыю. Вынік прадугледзець нескладана…

Публікацыя – з № 74 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: